Да Габрэяў 11 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Вось жа, вера ёсьць ужыцьцяўленьне спадзяванага й перакананьне празь нявідомае.
 
А вера ёсьць пэўнасьць у тым, чаго спадзяемся, перакананасьць у рэчах нябачных.

Ёю сьветчаньня дасяглі старавечныя.
 
Бо ў ёй засьведчаны старэйшыя [нашыя].

Вераю ж разумеем, што вякі ухармаваны словам Божым, так што нявідомае стала відомым.
 
Вераю разумеем, што вякі наладжаны словам Божым, каб з няяўнага сталася бачнае.

Вераю Авель аброк Богу аброк лепшы, чымся Каін; ёю адзяржаў сьветчаньне, што ён справядлівы, Бог пасьветчыў праз дары ягоныя; ёю ён, памершы, яшчэ гукае.
 
Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сьведчаньне, што ён — праведны, [бо гэта] засьведчыў Бог пра дары ягоныя; і праз яе ён, памёршы, яшчэ гаворыць.

Вераю Енох быў перанесены, каб ня бачыць сьмерці; і ня знойдзены, бо Бог перанёс Яго. Бо ўперад, чымся быў перанесены, меў сьветчаньне, што падабаў Бог яго.
 
Вераю Энох быў перанесены, што ня ўбачыў сьмерці; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо перад перанясеньнем ягоным было засьведчана, што ён спадабаўся Богу.

Бязь веры ж нельга падабацца; бо хто бліжыцца да Бога, мае верыць, што Ён ё, і шукаючым Яго адплачуе.
 
А бяз веры спадабацца [Богу] немагчыма, бо той, хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і тым, хто шукае Яго, нагароду дае.

Вераю Ной, перасьцярэжаны Богам празь яшчэ нявідомае, багабойліва прыгатаваў караб да спасеньня дому свайго; ёю засудзіў сьвет і стаў спадкаемцам справядлівасьці, што зь веры.
 
Вераю Ной, атрымаўшы слова пра тое, што яшчэ не было бачным, у багабойнасьці пабудаваў каўчэг дзеля збаўленьня дому свайго; ёю ён асудзіў сьвет і паводле веры стаўся спадкаемцам праведнасьці.

Вераю Абрагам, пагуканы, паслухаў ісьці да месца, каторае меў адзяржаць на спадак; і вышаў, няведаючы, куды йдзець.
 
Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся, каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не разумеючы, куды ідзе.

Вераю падарожжаваў ён па зямлі абяцанай, як чуж-чужанін, жыхарачы ў буданох з Ісаком а Якавам, суспадкаемцамі тае ж абятніцы;
 
Вераю вандраваў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, жывучы ў намётах з Ісаакам і Якубам, суспадчыньнікамі таго самага абяцаньня;

Бо ён спадзяваўся места, што мела под, каторага мастак а будаўнічы Бог.
 
бо ён чакаў гораду, які мае падмуркі, якога майстар і дойлід — Бог.

Вераю й сама Сорра адзяржала моц да прыйма семені, і вонках паравога веку, бо мела за вернага Таго, Хто абяцаў.
 
Вераю і сама Сара атрымала сілу на зачацьце насеньня і не па часе веку нарадзіла, бо верным прызнавала Таго, Які абяцаў.

І затым запраўды ад аднаго, ды зьмярцьвелага, нарадзілася так шмат, як зораў на небе і як няшчысьлёны пясок на беразе морскім.
 
І дзеля гэтага ад аднаго, і пры гэтым амярцьвелага, нарадзілася гэтак шмат, як зорак у небе і як незьлічоны пясок на ўзьбярэжжы мора.

Усі гэтыя памерлі ў веры, не адзяржаўшы абятніцаў, адно здалеку бачылі іх, і вецілі, і вызнавалі, што яны чужнікі а прыходныя на зямлі;
 
Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасьць, і вітаючы [іх], і прызнаючы, што яны — чужынцы і вандроўнікі на зямлі.

Бо тыя, што так кажуць, паказуюць, што яны шукаюць айчыны.
 
Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць.

І калі б яны ў думках мелі тую, з каторае вышлі, дык мелі спасобнасьць зьвярнуцца;
 
І, калі б яны памяталі тую, з якое выйшлі, мелі б час вярнуцца.

Але яны імкнуліся да лепшага, значыцца да нябёснага; затым і Бог не сароміцца звацца іх Богам, бо Ён прыгатаваў ім места.
 
Але яны лепшага жадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага Бог не саромеецца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён падрыхтаваў ім горад.

Вераю Абрагам, спрабаваны, аброк Ісака, ды ён аброк адзінароднага свайго, каторы прыняў абятніцу,
 
Вераю Абрагам, спакушаны, прынёс [у ахвяру] Ісаака, і прынёс адзінароднага, якога прыняў як абяцаньне,

Катораму было сказана: «У Ісаку названа будзе табе насеньне»;
 
пра якога было сказана: «У Ісааку будзе названае насеньне табе»,

Бо ён уважаў, што Бог дуж і зь мертвых ускрысіць. Затым і адзяржаў яго як праабраз.
 
бо ён лічыў, што Бог мае моц і з мёртвых уваскрасіць, дзеля чаго і атрымаў яго як прыклад.

Вераю ў будучыню Ісак дабраславіў Якава а Ісава.
 
Вераю ў будучае Ісаак дабраславіў Якуба і Эзава.

Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кажнага сына Язэпавага і сьхінуўся на верх посаха свайго.
 
Вераю Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся на верх кія свайго.

Вераю Язэп, паміраючы, зрабіў менку праз выхад сыноў Ізраелявых і даў паручэньне ўзглядам касьцей сваіх.
 
Вераю Язэп, паміраючы, нагадаў пра выхад сыноў Ізраіля і загадаў наконт костак сваіх.

Вераю Масей па нараджэньню быў хаваны тры месяцы бацькамі сваімі, бо яны бачылі дзецянётка пазорнае і не пабаяліся загады каралеўскае.
 
Вераю Майсей па нараджэньні тры месяцы быў хаваны бацькамі сваімі, бо яны бачылі, што хлопчык мілы [Богу], і не спалохаліся валадарскага загаду.

Вераю Масей, вырасшы, адмовіўся звацца сынам дачкі фараонавае;
 
Вераю Майсей, стаўшыся дарослым, адмовіўся называцца сынам дачкі фараона

Валей абраўшы цярпець гароту зь людам Божым, чымся мець часную прыемнасьць раскошы,
 
і выбраў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху,

Маючы вярненьне Хрыстова за большае багацьце, чымся ягіпецкія скарбы; бо ён уважаў на адплату.
 
зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпецкія; бо ён на нагароду ўглядаўся.

Вераю пакінуў ён Ягіпет, не пабаяўшыся гневу каралеўскага, бо ён, быццам бачачы Нявідомага, быў станаўкі.
 
Вераю пакінуў ён Эгіпет, не спалохаўшыся ярасьці валадарскай, бо непахісны быў, быццам бачачы Нябачнага.

Вераю справіў ён Пасху і разьліцьцё крыві, каб нішчэньнік першакоў не даткнуўся да іх.
 
Вераю ўчыніў ён Пасху і праліцьцё крыві, каб не крануў іх той, які нішчыў першародных.

Вераю прайшлі яны Чырвонае мора, як па зямлі, чаго паспрабаваўшы, Ягіпцяне патанулі.
 
Вераю перайшлі яны праз Чырвонае мора, як па сухому; на што спакусіўшыся, Эгіпцяне былі патопленыя.

Вераю паваліліся сьцены ерыхонскія па сямідзенным абходжаньню.
 
Вераю ўпалі муры Ерыхону, як абыходзілі [іх] сем дзён.

Вераю Рагаў бязуля, прыняўшы із супакоям узьведнікаў (і правёўшы іх другой дарогаю), не загінула зь нявернымі.
 
Вераю Рахаў распусьніца, з супакоем прыняўшы выведчыкаў, не загінула з тымі, якія не скарыліся.

І што яшчэ скажу? Ня стане імне часу, каб павядаць празь Ґідэона а Варака а Самсона а Еффая а Давіда а Самуйлу а прарокаў,
 
І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, Барака, пра Самсона і Ефтая, пра Давіда і Самуэля, і пра прарокаў,

Каторыя вераю перамагалі гаспадарствы, чынілі справядлівасьць, адзержавалі абятніцы, зачынялі ляпы лявом,
 
якія вераю перамагалі валадарствы, чынілі праведнасьць, атрымлівалі абяцаньні, загароджвалі пашчы ільвоў,

Гасілі сілу агню, уцякалі ад ляза мяча, мацаваліся ад кволасьці, былі дужыя на вайне, праганялі войскі чужых;
 
тушылі сілу агню, уцякалі ад вострыва мяча, умацоўваліся ад слабасьці, ставаліся дужымі ў бітве, прымушалі ўцякаць табары чужынцаў,

Жанкі адзержавалі памерлых сваіх ускрэслымі; іншыя ж замучаныя былі, не адзяржаўшы вывальненьня, каб дастаць лепшае ўскрысеньне;
 
жонкі атрымлівалі памёршых сваіх уваскрошанымі; а іншыя былі замучаныя, не дачакаўшыся адкупленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне,

А іншыя дазналі насьміханьняў а біцьця розкамі а путаў а вязьніцы;
 
іншыя паспыталі зьдзекаў і тартураў, а яшчэ путаў і вязьніцы,

Былі каменаваны, спакушаны, паміралі ад мяча, туляліся ў вавечых а казіных скурах, у нястачы, атугах, благім абходжаньню;
 
былі каменаваныя, пілаваныя, спакушаныя, былі забіваныя мячом, бадзяліся ў авечых і казіных скурах, маючы нястачу, прыгнёт, нягоды;

Каторых сьвет ня быў годны, цягаліся па пустынях а гарах а пячорах а раськепінах зямлі.
 
тыя, якіх сьвет ня быў варты, туляліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі.

І ўсі гэтыя, дасягшы сьветчаньня вераю, не адзяржалі абятніцы,
 
І ўсе яны, што засьведчаныя вераю, не атрымалі абяцаньня,

Бо Бог штось лепшае нам перадбачыў, каб яны не бяз нас сталі дасканальныя.
 
бо Бог прадугледзеў адносна нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас асягнулі дасканаласьць.