2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Наапошку, маліцеся, браты, за нас, каб Слова Спадарова шырылася і ўславілася запраўды, як і ў вас;
 
Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,

І каб нам збавіцца ад нягодных а благіх людзёў, бо ня ў вусіх вера.
 
і каб мы ўсцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо вера ёсць не ва ўсіх.

Але верны Спадар, Каторы ўмацуе вас і ўсьцеражэць ад злога.
 
Але верны Госпад, Які і ўмацуе вас і ўсцеражэ ад ліхога.

А мы пераканаўшыся ў Спадару ўзглядам вас, што вы робіце і будзеце рабіць, што мы расказуем.
 
Мы маем упэўненасць наконт вас у Госпадзе, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы загадваем вам.

А Спадар хай ськіруе сэрцы вашыя да міласьці Божае і да цярплівосьці Хрыстовае.
 
Хай жа Госпад накіруе сэрцы вашы да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай.

Расказуем жа вам, браты, імям Спадара нашага Ісуса Хрыста, каб вы адступалі ад кажнага брата, дзяньгубна жывучага, а ня подле паданьня, што вы прынялі ад нас,
 
Загадваем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб высцерагаліся вы ўсякага брата, які жыве нягодна і не паводле традыцыі, якую вы атрымалі ад нас.

Бо вы самы ведаеце, як маеце пераймаць у нас, бо мы ня жылі дзяньгубна ў вас,
 
Бо самі ведаеце, як належыць пераймаць нас, бо мы не жылі паміж вас нягодна

Ані елі хлеба ў каго з вас дарма, але ў гарапашнасьці а натузе працавалі ноч і дзень, каб не цяжарыць каго з вас;
 
ды дарма чужога хлеба не елі, але ў рабоце і стоме, уночы і днём працуючы, нікому з вас не былі цяжарам.

Не каб мы ня мелі права, але каб самых сябе даць вам за зразу, каб вы пераймалі ў нас.
 
Не дзеля таго, што не мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для наслядавання нам.

Бо й як мы былі ў вас, дык расказалі гэта: калі хто ня хоча працаваць, тый ня еж.
 
Дык, калі мы былі ў вас, гэта вам загадвалі: хто не хоча працаваць, хай і не есць.

Бо чуем, што некатрыя ў вас жывуць дзяньгубна, нічога ня робяць, а мітусяцца.
 
Бо чуем мы, што ёсць некаторыя між вамі, што нягодна жывуць, нічога не робяць, а толькі мітусяцца.

Вось жа, такім расказуем і навучаем Спадаром Ісусам Хрыстом, каб моўчыкам робячы, елі хлеб свой.
 
Такім вось, што так жывуць, загадваем і запрысягаем у Госпадзе Ісусе Хрысце, каб, спакойна працуючы, елі свой уласны хлеб.

Вы ж, браты, не слабянейце, добра робячы.
 
Вы ж, браты, не спыняйцеся рабіць дабро.

Калі ж хто не паслухае слова нашага гэтым лістам, таго зацемце і не ўзаемцеся зь ім, каб ён засароміўся.
 
Калі хто часам не паслухае слоў ліста нашага, такога майце на прыкмеце ды не сябруйце з такім, каб быў асаромлены.

Ня майце, адылі, яго за непрыяцеля, але дамяняйце, як брата.
 
Але не ўважайце яго за ворага, а ўшчувайце як брата.

Сам жа Спадар супакою дасьць вам супакой заўсёды на кажнай сьцежцы. Спадар із усімі вамі.
 
Хай жа Сам Госпад супакою дасць вам супакой заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.

Здарованьне маёй рукою Паўлавай, каторая ё знакам у кажным лісьце; гэтак я пішу:
 
Прывітанне маёю рукою, Паўлавай, што ёсць знак у кожным лісце; так я пішу.

Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі.
 
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі.