Нээміі 2 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася ў месяцу Нісане, дваццатага году Артаксэркса караля, што віно было перад ім. І я падняў віно, і падаў каралю; і ня бываў смутны перад ім.
У месяцы Нісане, на дваццатым годзе цара Артаксэркса, было перад ім віно. І я ўзяў віно і падаў цару, і здавалася, ня быў засмучаны перад ім.
І сказаў імне кароль: «Чаму відзеньне ў цябе смутнае, а ты ня хворы? Гэта нічога іншага, як смутак на сэрцу». Я надта спалохаўся.
Але цар сказаў мне: чаму твар твой засмучаны: ты ня хворы, гэтага няма, а, мусіць, скруха на сэрцы? Я вельмі спалохаўся
І сказаў каралю: «Хай жывець кароль на векі! Як ня быць смутным відзеньню майму, калі места, дом грабоў бацькоў маіх, спустошана, і брамы яго спалены цяплом!»
і сказаў цару: хай жыве цар вавекі! Як ня быць засмучаным твару майму, калі горад, дом магіл бацькоў маіх, у запусьценьні, і брама яго спалена агнём!
І сказаў імне кароль: «Чаго ж ты хочаш?» Я памаліўся Богу нябёснаму,
І сказаў мне цар: чаго ж ты хочаш? Я памаліўся Богу нябеснаму
і сказаў каралю: «Калі здаецца добрым каралю, і калі слуга твой знайшоў ласку ў ваччу тваім, то пашлі мяне да Юдэі да места грабоў бацькоў маіх, і я адбудую яго».
і сказаў цару: калі цару заўгодна, і калі ва ўпадабаньні раб твой перад абліччам тваім, дык пашлі мяне ў Юдэю, у горад магіл бацькоў маіх, каб я адбудаваў яго.
І сказаў імне кароль, — караліца таксама сядзела ля яго: «Як доўга ты будзеш у дарозе, і калі зьвернешся?» І люба гэта было перад відзеньням караля, і паслаў мяне, і я прызначыў яму час.
І сказаў мне цар і царыца, якая сядзела каля яго: колькі часу задоўжыцца дарога твая і калі вернешся? І заўгодна было цару паслаць мяне, пасьля таго як я вызначыў час.
Адлі я сказаў каралю: «Калі ласка каралёва, хай дадуць імне лісты да вайводаў за Ракою, каб мяне прапусьцілі, пакуль я дайду да Юдэі,
І сказаў я цару: калі цару заўгодна, дык даў бы мне ліст да зарэцкіх начальнікаў вобласьцей, каб яны давалі мне пропуск, пакуль не дайду да Юдэі,
І ліст да Асафа, загадніка лясамі, каб ён даў імне дзерва зрабіць балькі да брамаў гораду каторы ля дому, і на сьцяну места, і на дом, у каторы я ўвыйду». І даў імне кароль, подле добрае рукі Бога майго да мяне.
і ліст да Асафа, ахоўцы царскіх лясоў, каб ён даў мне дрэва на браму крэпасьці, якая пры доме Божым, і на гарадскую сьцяну, і на дом, у якім мне жыць. І даў мне цар, бо ж дабрадзейная рука Бога майго была над мною.
І прышоў я да зарэчных вайводаў, і даў ім лісты каралеўскія. Кароль жа паслаў з імною вайводцаў а коньнікаў.
І прыйшоў я да зарэцкіх начальнікаў вобласьцей і аддаў ім царскія лісты. А паслаў са мною цар воінскіх начальнікаў зь верхаўцамі.
І пачуў Санвалат, Гороніт а Това, слуга Амонскі, і ім было вельмі прыкра, што прышоў чалавек глядзець дабра сыном Ізраелявым.
Калі пачуў пра гэта Санавалат, Хараніт і Товія, Аманіцкі раб, дык ім было даволі прыкра, што прыйшоў чалавек паклапаціцца пра дабро сыноў Ізраілевых.
І прышоў я да Ерузаліму. І, прабыўшы там тры дні,
І прыйшоў я ў Ерусалім. І прабыўшы там тры дні,
Устаў я ночы з крыхою людзёў з імною і нікому не сказаў, што Бог мой палажыў імне на сэрца зрабіць Ерузаліму; жывёлы ж ня было з імною ніякае, апрача тае, на каторай я ехаў.
устаў я ўначы зь нямногімі людзьмі, якія былі пры мне, і нікому не сказаў, што Бог мой паклаў мне на сэрца зрабіць для Ерусаліма; а жывёлы ня было са мною ніякае, акрамя той, на якой я ехаў.
І праехаў я ночы пераз браму Даліны перад жаралом Драконавым да брамы Гнаявое; і агледзеў я разбураныя сьцены Ерузаліму і яго брамы, спаленыя цяплом.
І праехаў я ўначы праз браму Даліны перад крыніцай Драконавай да брамы Гнаявой, і агледзеў я сьцены Ерусаліма разбураныя і брамы, спаленыя агнём.
І пад’ехаў я да брамы Жарала і да каралеўскае копані; але ня было месца прайсьці жывёле, каторая была пад імною;
І пад’ехаў я да брамы Крыніцы і да царскага вадаёму; але ня было месца прайсьці жывёле, якая была пад мною,
І я падняўся ночы ля цур’я, і агледзеў сьцяну, і зьвярнуўся, і праехаў брамаю Даліны, і зьвярнуўся.
і я падняўся назад па лагчыне ўначы і аглядаў сьцяну, і праехаўшы брамаю Даліны, вярнуўся.
І дзяржаўцы ня ведалі, куды я хадзіў і што я рабіў: я дагэнуль не азнайміў ані Юдэям, ані сьвятаром, ані паном, ані дзяржаўцам, ані іншым, што рабілі работу.
І начальнікі ня ведалі, куды я хадзіў і што я раблю; ні Юдэям, ні сьвятарам, ні знакамітым, ні начальнікам, ні іншым майстрам работ я датуль нічога не адкрываў.
Тады сказаў я ім: «Вы бачыце гароту, у якой мы, што Ерузалім спустошаны і брамы яго спаленыя цяплом; пайдзіце, і збудуйма сьцяну Ерузаліму, і ня будзе балей у паніжэньню».
І сказаў я ім: вы бачыце бедства, у якім мы знаходзімся; Ерусалім пусты і брамы яго спалены агнём; пойдзем, пабудуем сьцяну Ерусаліма, і ня будзем наперад у такім занядбаньні.
Тады я азнайміў ім праз руку Бога майго, што была добрай да мяне, а таксама словы каралеўскія, што ён казаў імне. І яны сказалі: «Станьма й будуйма». І пасілілі рукі свае на дабро.
І я расказаў ім пра руку Бога майго, якая спрыяла мне, а таксама і словы цара, якія ён казаў мне. І сказалі яны: будзем будаваць, — і змацавалі рукі свае на добрае.
І пачуў Санвалат, Гороніт а Това, слуга Амонскі, і Ґешэм Арабін, і насьміхаліся з нас, і грэбавалі намі, і гукалі: «Што гэта за дзела, каторае вы робіце? Ці ня бунтуецеся супроці караля?»
Дачуўшыся пра гэта, Санавалат, Хараніт і Товія, Аманіцкі раб, і Гешэм Аравіцянін сьмяяліся з нас і з пагардай казалі: што гэта за дзея, якую вы чыніце? Ужо ці ня думаеце вы ўзбунтавацца супроць цара?
Я даў ім адказ і сказаў ім: «Бог нябёсны, Ён дасьць нам дасьпех, і мы, слугі Ягоныя, станем і будзем будаваць; а вам нямаш дзелі ані права, ані памяткі ў Ерузаліме».
Я даў ім адказ і сказаў ім: Бог Нябесны, Ён дасьць нам посьпех, і мы, рабы Ягоныя, будзем будаваць, а вам няма долі і права і памяці ў Ерусаліме.