1 да Карынфянаў 10 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ня хочу, браты, пакінуць вас у няведанні, што бацькі вашы былі пад хмараю, ды ўсе прайшлі праз мора;
 
Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што бацькі́ нашыя ўсе былі пад воблакам, і ўсе прайшлі праз мора,

і ўсе хрысьціліся ў Майжэшу, ў хмары ды ў моры;
 
і ўсе ахрысьціліся ў Майсея ў воблаку і ў моры,

і ўсе спажывалі тую самую пажыву духовую;
 
і ўсе елі тую самую духоўную ежу,

ды ўсе пілі тое самае пітво духоўнае, пілі бо з духоўнае скалы, што йшла за імі, а скалою быў Хрыстус.
 
і ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, якая ішла за імі, а скала гэтая быў Хрыстос.

Аднак шмат ізь іх ня былі Богу даўспадобнымі, таму й заслалі пустыню (Ліч. 26:64).
 
Але ня многіх з іх упадабаў Бог, бо яны палеглі ў пустыні.

былі гэта прыклады ў перасьцярогу нам, каб мы гэтак не пажадалі благога, як пажадалі яны;
 
А гэта сталася прыкладам для нас, каб мы ня мелі пажаданьня ліха, як пажадалі яны.

каб не рабіліся балванахвальцамі, як некаторыя зь іх, водле напісанага: Засеў народ есьці й піць ды паўстаў гуляць (Выйсь. 32:6).
 
Ня будзьце таксама ідалапаклоньнікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Народ пасеў есьці і піць, і ўстаў гуляць».

Ня будземжа й распуставаць, як некаторыя зь іх распуставалі, і ў вадзін дзень лягло іх дваццаць тры тысячы (Ліч. 25:1−10).
 
Таксама ня будзем рабіць распусты, як некаторыя з іх распуставалі, і ў адзін дзень загінула дваццаць тры тысячы.

Не спакушайма Хрыстуса, як некаторыя зь іх спакушалі дый ад гадаўя пагінулі (Ліч. 21:6).
 
Таксама ня будзем спакушаць Хрыста, як некаторыя з іх спакушалі і загінулі ад зьмеяў.

Ані не наракайце, як некаторыя зь іх наракалі дый загінулі з рукі пагубніка (Ліч. 14:37).
 
Таксама не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад нішчыцеля.

Усё гэта дзеелася зь імі дзеля прыкладу на будучыню, і напісана дзеля перасьцярогі нас, дажыўшых паўнаты вякоў.
 
А ўсё гэтае здарылася з імі ў прыклад і напісана дзеля напамінаньня нам, на якіх канец вякоў прыйшоў.

Калі, восьжа, каму здаецца, што ён стаіць — глядзі, каб не ўпаў.
 
Так што, хто думае, што стаіць, няхай сьцеражэцца, каб ня ўпасьці.

Вас яшчэ не спасьцігла спакуса панад сілу людзкую; Бог бо верны і не дапусьціць спакусы звыш пераможнасьці вашай, але разам з пакусаю дасьць вам магату вытрымаць.
 
Вас наведала спакуса ня іншая, як чалавечая. Але верны Бог, Які не пакіне вас быць спакуша́нымі больш, чым вы можаце, але са спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі перанесьці.

Таму-то, найдаражэйшыя мае, уцякайце ад балванапаклонства.
 
Таму, улюбёныя мае́, уцякайце ад ідалапаклонства.

Кажу вам гэта, як разумным; самы зьмяркуйце, што гавару:
 
Кажу, як да мудрых; судзі́це самі, што кажу.

кіліх дабраслаўленства, які дабраславім, ціж ня ёсьць суспаленнем з Крывёй Хрыстуса? І хлеб, які ломім, ціж ня ёсьць спалучэннем з Целам Хрыстуса?
 
Келіх дабраслаўленьня, які дабраслаўляем, ці ня ёсьць супольнасьць Крыві Хрыстовае? Хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць супольнасьць Цела Хрыстовага?

Таму, што адзін хлеб, мы многія становім адно цела, праз тое, што ўсе мы бяром удзел у вадным хлебе (жывячыся ім).
 
Як адзін хлеб, так і адно цела мы, многія, бо ўсе мы атрымліваем адзін хлеб.

Гляньце на Ізраэля водле цела: ціж тыя, што спажываюць з ахвяр, ня ёсьць суспольнікамі аўтара?
 
Паглядзіце на Ізраіль паводле цела: ці тыя, якія ядуць ахвяраванае, ня ёсьць супольнікамі ахвярніка?

Што гэтым хочу сказаць? Ці тое, што балванаахвяра ёсьць нечым, або — што балван-бажок той нейкая важнасьць?
 
Дык што я кажу? Ці ідал ёсьць нечым? Ці ахвяра ідалам нечым ёсьць?

Не! але — тое, што пагане калі ахвяроўваюць, дык нячысьцікам, а ня Богу ахвяроўваюць. А я ня хочу, каб вы былі супольнікамі нячысьцікаў.
 
Але тое, што заколваюць пагане, для дэманаў заколваюць, а не для Бога. А я не хачу, каб вы сталіся супольнікамі дэманаў.

Ня можаце піць кіліха Ўсеспадара й кіліха дэмана: ня можаце быць удзейнікамі стала Ўсеспадара й стала чортавага.
 
Ня можаце піць келіх Госпада і келіх дэманаў; ня можаце ўдзельнічаць у стале Госпада і стале дэманаў.

Ціж будзем гнявіць Госпада? Няўжэ мы мацнейшыя за Яго?
 
Ці будзем раздражняць Госпада? Ці мы дужэйшыя за Яго?

Усё мне можна, да ня ўсё карысна; усё мне можна, але ня ўсё будуе.
 
Усё мне можна, але ня ўсё карысна; усё мне можна, але ня ўсё будуе.

Ніхто хай ня шукае карысьці яго, але — бліжняга свайго.
 
Ніхто няхай не шукае свайго, але кожны таго, што для іншага.

Ешце ўсё, што ў мясьніцу прыходзіць, бязь лішняга распытвання дзеля сумлення;
 
Усё, што продаецца на рэзьніцы, ешце, не дасьледуючы дзеля сумленьня,

Божая бо зямля і ўсё, што яе напаўняе (Пс. 23:1).
 
бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.

Калі хто зь няверных запрашае вас і вы схочаце пайсьці, дык ешце ўсё, што пададуць вам, ня выпытваючы для супакою сумлення.
 
А калі хто з бязьверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, ешце ўсё, што дадуць, нічога не дасьледуючы дзеля сумленьня.

Але, як хто скажа вам: «Гэта было ахвяроўвана бажком», ня ешце — з увагі на таго, хто перасьцярог вас ды дзеля супакою сумлення;
 
А калі хто скажа вам: «Гэта ахвяра ідалам», — ня ешце дзеля таго, хто паведаміў, і дзеля сумленьня, бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.

пра сумленне кажу не тваё, але другога; чаму бо чужое сумленне мелаб судзіць маю свабоду?
 
А пра сумленьне кажу не тваё, але іншага; бо дзеля чаго мая свабода ма́е быць су́джана чужым сумленьнем?

Калі я з падзякаю спажываю, то чамуб мяне ганьбаваць за тое, за што дзякую?
 
Калі я ў ласцы атрымліваю, навошта блю́зьніць на мяне за тое, за што я дзякую?

Дык ці ясьце, ці п’яце, сі што іншае робіце, ўсё на хвалу Божую рабеце.
 
Дык ці ясьцё, ці п’іцё, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую.

Ня будзьце прычынаю згоршання ні Юдэям, ні паганам, ні Божай Эклезіі;
 
Ня станьцеся спатыкненьнем ані для Юдэяў, ані для Грэкаў, ані для царквы Божай,

як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, ня шукаючы для сябе карысьці, але для многіх, каб былі збаўлёнымі.
 
як і я дагаджа́ю ўсім у-ва ўсім, шукаючы не для сябе карысьці, але для многіх, каб яны былі збаўленыя.