Марка 2 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І праз [некалькі] дзён Ён зноў увайшоў у Капэрнаум, і пачулі, што Ён у доме.
Па некалькіх днях зноў Езус наведаў Кафарнаўм,
І адразу сабралася мноства, што нават пры дзьвярах не маглі зьмясьціцца, і Ён гаварыў ім слова.
а людзі пачуўшы, што Ён знаходзіцца ў доме, сыйшлося так многа, што нават пры дзьвярах не маглі памясьціцца, а Ён іх навучаў.
І прыходзяць да Яго са спараліжаваным, якога несьлі чацьвёра.
Затым падыйшлі да Яго насільшчыкі спараліжаванага, каторыя яго несьлі ў ліку чатырох.
І, ня здолеўшы прайсьці да Яго дзеля натоўпу, раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложак, на якім ляжаў спараліжаваны.
А калі дзеля натоўпу не маглі яго паднесьці да Езуса, дык раскрылі дах у той часьці, дзе ён быў і зрабіўшы дзюру, спусьцілі насілкі (пасьцель) на каторых ляжаў спараліжаваны.
І Ісус, убачыўшы веру іхнюю, кажа спараліжаванаму: «Дзіця, адпускаюцца грахі твае».
А калі Езус убачыў іхнюю веру, сказаў спараліжаванаму: "Сыне, адпушчаюцца табе твае грахі".
Былі ж там некаторыя кніжнікі, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх:
Былі тады там некаторыя кніжнікі (вучоныя па Пісаньню), каторыя сядзелі і думалі ў душы:
«Што гэта Ён кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, калі ня Сам Бог?»
"Што Ён кажа? Блявузгае. Хто можа адпушчаць грахі, калі не сам Бог?"
А Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны гэтак думаюць, кажа ім: «Што вы гэтак разважаеце ў сэрцах вашых?
А Езус у той час пазнаўшы сваім духам, што яны так думалі, сказаў ім: "Аб чым думаеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй, сказаць спараліжаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложак твой і хадзі”?
Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: Адпускаюцца табе грахі, ці мо: Устань, вазьмі насілкі (ляжак) свае і ідзі.
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа спараліжаванаму:
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі —
«Табе кажу: “Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой”».
табе кажу: Устань, вазьмі ляжак твой і вяртайся дамоў".
І той адразу ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі ня бачылі».
Дык ён адразу ўстаў і ўзяўшы ляжак пайшоў на дзіва ўсім, каторыя славілі Бога — кажучы: "Мы такіх рэчай ніколі не бачылі".
І зноў выйшаў [Ісус] да мора, і ўвесь натоўп пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
Затым Езус узноў выйшаў да мора, а ўвесь натоўп людзей пасьпяшыў да Яго і Ён навучаў іх.
І, праходзячы, убачыў Ён Левія Алфеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: «Ідзі за Мною!» І той, устаўшы, пайшоў за Ім.
А калі праходзіў там убачыў Левія Сына Альфея, седзячага для збору мыта (падаткаў), дык сказаў яму: "Ідзі за Мной!" А ён падняўшыся пайшоў за Езусам.
І сталася, калі Ён узьлягаў у доме ягоным, узьлягала разам з Ісусам і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў, бо было многа іх, і яны ішлі за Ім.
Здарылася, калі сядзеў пры стале ў доме мытніка, шмат мытнікаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і яго вучнямі. Было бо многа тых, што хадзілі за Ім.
А кніжнікі і фарысэі, бачачы, што [Ісус] есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»
Кніжнікі (вучоныя па Пісаньню) і фарызэі, бачачы, што Езус есьць з мытнікамі і грэшнікамі — казалі яго вучням: "Чаму вучыцель ваш есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?"
І, пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня».
Пачуўшы гэта Езус сказаў ім: "Здаровым не патрэбен лекар, але тым, што хварэюць. Бо прыйшоў прызываць не справядлівых але грэшнікаў."
І посьцілі вучні Янавы і фарысэйскія. Дык прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?»
Вучні Янавы і фарызэі пасьцілі. Дык прыходзілі людзі да Езуса ды казалі Яму: "Чаму вось вучні Янавы і фарызэі посьцяць, а твае вучні ня посьцяць?"
І сказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посьціць сыны вясельля, калі малады з імі? Пакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць посьціць.
Адказаў ім Езус: "Ці ж могуць вясельнікі пасьціць, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць пасьціць.
А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посьціць у тыя дні.
А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, тады ў тыя дні будуць пасьціць.
Ніхто не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо новая латка разьдзярэ старое, і дзіра зробіцца большая.
Ніхто ня прышывае латы ад новага сукна да старога адзеньня, бо інакш новая лата разьдзярэ старое адзеньне і ўтворыцца большая дзюра (дырка).
І ніхто не ўлівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі».
Ніхто таксама ня ўлівае маладога віна ў старыя скураныя мяхі, бо інакш віно разарве мяхі, так і віно выцячэ, а мяхі стануць не прыгодны: таму маладое віно ўліваць трэба ў новыя мяхі (начыньні).
І сталася Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, і вучні Ягоныя пачалі дарогаю зрываць каласы.
Прыйшлося аднойчы Езусу ў шабат праходзіць праз палеткі засеяны збожжам. Вучні ж Ягоныя, ідучыя наперадзе, пачалі зрываць каласы.
І фарысэі гаварылі Яму: «Глядзі, чаму яны робяць у суботу, што ня сьлед!»
Дык фарызэі казалі Езусу: "Во што робяць у шабат, гэта ж не належыцца!"
А Ён сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны сам і тыя, што з ім?
Езус сказаў ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у бядзе, быў галодны ды тыя, што з Ім былі?
Як увайшоў ён у Дом Божы ў [дні] Абіятара першасьвятара і еў хлябы пакладныя, якія нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і даў таксама тым, што з ім былі?»
Як увайшоў у дом Божы за Абіятара архісьвятара ды хлябы пакладныя, каторых нельга яму было есьці, а толькі самім сьвятарам і поруч даў тым, што з ім разам былі?"
І казаў ім: «Субота для чалавека, а не чалавек для суботы.
Дый казаў ім: "Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату".
Таму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».