1 да Карынфянаў 9 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці вы — не мая справа ў Госпадзе?
Ці я не свабодны? Ці я не апостал? Ці ж я не відзеў Езуса, Госпада нашага? Ці ж не вы дзелам (творам) — даконам маім у Госпаду?
Калі для другіх я не апостал, але не для вас; бо пячатка майго апостальства — гэта вы ў Госпадзе.
Калі іншым я не апостал, вам ж я апостал; бо з'яўляецеся падцьвярджэньнем (доказам) майго апасталаванья ў Госпадзе.
Вось такая мая абарона перад тымі, якія судзяць мяне.
Вось жа мая абарона для тых, што мяне асуджаюць.
Ці мы ня маем улады есьці і піць?
Ці ж ня маем права есьці і піць ?
Ці ня маем улады хадзіць з сястрою жонкаю, як і пазасталыя апосталы, і браты Госпадавы, і Кіфа?
Або ня маем права браць з сабою жанчыну — сястру, падобна як гэта робяць іншыя апосталы і браты Госпадавы дый Кэфас!
Ці адзін я і Барнаба ня маем улады не працаваць?
Ці толькі мне аднаму і Барнабу нельга зарабляць?
Хто калі служыць у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаград і ня есьць пладоў яго? Ці хто пасе статак і ня есьць малака ад статку?
Хто ж служыць у войску за свае ўласныя грошы? А бо хто садзіць вінаграднік і не есьць яго пладоў? Або хто пасе стада ды не карыстаецца малаком стада?
Ці толькі па-чалавечаму я гэтае гавару? Ці ня кажа гэтае самае і Закон?
Ці не як людзі кажу я гэта? Ці ж і закон не гаворыць пра гэта?
Бо ў Законе Майсея напісана: «Не завязвай пысы валу, які малоціць». Ці пра валоў клапоціцца Бог?
Вось жа ў законе Майсея напісана: "Не зьвяжыш пыску малоцячаму валу". Ці пра валы толькі рупіцца Бог,
Ці дзеля нас наогул гаворыць? Бо дзеля нас напісана, што той, хто арэ, павінен араць з надзеяй, і той, хто малоціць, [малаціць] з надзеяй атрымаць тое, на што спадзяецца.
а ці гэта не сказаў перад усім адносна нас? Так, дзеля нас напісана: араты павінен з надзеяй араць, малацьбіт — малаціць і з надзеяй атрымаць умалот.
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае?
Калі мы пасеялі дабро духовае, што за дзіва, што маем удзел у жніве дабра дачаснага?
Калі другія атрымліваюць уладу над вамі, ці ня больш мы? Але мы не скарысталі з гэтае ўлады, але ўсё вытрымліваем, каб не ўчыніць якое перашкоды Эвангельлю Хрыстоваму.
Калі ж іншыя маюць удзел у вашай уладзе, дык чаму тым больш ня мы? Аднак мы не карыстаемся гэтым правам, але цярпім усё, каб не прычыніць шкоды Эвангеліі Хрыстовай.
Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія пры сьвятым працуюць, ядуць са сьвятыні? Што тыя, якія паслугуюць пры ахвярніку, бяруць частку ад ахвярніка?
Ці ж ня ведаеце, што тыя, што займаюцца сьвятой паслугай — харчуюцца са сьвятыні; а тыя, што паслугуюць пры аўтары, пражываюць з аўтара?
Гэтак і Госпад загадаў тым, якія абвяшчаюць Эвангельле, жыць ад Эвангельля.
Так і Госпад устанавіў, каб тыя, што вясьцяць Эвангелію, з Эвангеліі жылі.
Але я нічым з гэтага не скарыстаўся; напісаў жа гэтае не дзеля таго, каб гэтак было для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым каб хто прынізіў пахвалу маю.
Але я не карыстаўся гэтым правам, а пісаў не таму, каб мець нейкую карысьць для сябе. Лягчэ мне было памерці, чым пазволіць, каб хто ад мяне гэту славу (зьнеславіў).
Бо, калі я абвяшчаю Эвангельле, няма мне чым хваліцца, бо абавязак ляжыць на мне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Эвангельля.
Ня ёсьць для мяне прычынай да гонару тае, што вяшчу Эвангелію, але неабходнасьць прынукае мяне. Гора мне, калі б я не вясьціў (прапаведваў) Эвангеліі!
Бо калі я раблю гэтае сваёй ахвотай, маю нагароду, а калі супраць волі, [выконваю] даверанае гаспадараваньне.
Калі б я гэта рабіў з сваёй волі — атрымаў бы заплату, але я калі гэта раблю не па сваёй волі, дык толькі спаўняю толькі паручанаю мне паслугу.
Дык якая мая нагарода? Што, дабравесьцячы, бяз платы выкладаю Эвангельле Хрыстовае, не карыстаючыся маёю ўладаю ў Эвангельлі.
Дык якая мне заплата ўзнагарода? Вось вяшчу Эвангелію без ніякай заплаты, не карыстаюся правамі, якіе дае мне Эвангелія.
Бо, будучы вольным ад усіх, я паняволіў сябе ўсім, каб многіх здабыць.
Так вось незалежачы ад нікога, стаўся Я слугой усім, каб тым больш іх здабыць.
І я стаўся для Юдэяў, як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для тых, якія пад Законам, — як той, што пад Законам, каб здабыць тых, якія пад Законам;
Юдэям быў я як Юдэй (жыд), каб прыцягнуць Юдэяў. Тым, што трымаюцца закону, стаўся слугою закону, каб пацягнуць спаганяючых закон, хоць сам яму не падчыняюся.
для тых, якія без Закону, — як без Закону, ня будучы без Закону перад Богам, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, якія без Закону;
Тым, што не падчыняюцца закону, быў як непадлеглы закону, каб пацягнуць тых, што ня маюць закону, хоць сам не без Божага закону, ды падчынены Хрыстоваму закону.
я стаўся для тых, якія слабыя, як слабы, каб здабыць тых, якія слабыя. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб хоць некага збавіць.
Для кволых стаўся я кволым, каб пацягнуць кволых. Стаўся ўсім для ўсіх, каб хоць некаторых збавіць.
А гэта я раблю дзеля Эвангельля, каб стацца ўдзельнікам яго.
Усё гэта раблю я для Эвангеліі, каб быць яе ўдзельнікам.
Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія бягуць на стадыёне, бягуць усе, але адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце, каб атрымаць.
Няўжо ня ведаеце, што бегаючы на пераганках, усе бягуць, аднак адзін атрымоўвае ўзнагароду? Дык бяжыце так — каб атрымаць.
А кожны, хто змагаецца, устрымліваецца ад усяго: тыя — каб атрымаць вянок зьнішчальны, а мы — незьнішчальны.
Кожны, хто ідзе ў спаборніцтва — усяго сабе адмаўляе; яны, каб атрымаць вянец марны, а мы — незнішчальны, вечны.
Дык я бягу, не як на няпэўнае, змагаюся, не як паветра б’ючы,
Дык я так бягу, не насьлепа (восьлеп), б'юся не так, як бы непустую (у паветра) —
але я вымучваю і няволю цела маё, каб, абвяшчаючы другім, самому ня стацца нявартым.
але ўтаймоўваю сваё цела ды падчыняю, каб часам навучыць другіх, сам не стаўся непрыгодным.