1 да Карынфянаў 11 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я — Хрыста.
Будзьце пасьлядоўнікамі маімі, як я пасьлядоўнік Хрыстовы.
Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам.
Хвалю вас, браты, што ва ўсім памятаеце пра мяне, ды трымаецеся ўсяго, што я вам перадаў (навучыў).
Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог.
Хачу, каб вы ведалі, што галавой кожнага мужчыны — Хрыстус, а кожнае жанчыны — мужчына, а галавой Хрыстуса — Бог.
Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.
Кожны мужчына, калі моліцца або праракуе з накрытай галавой — паганіць сваю галаву (ганьбіць).
А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная.
Кожная ж жанчына, калі моліцца або праракуе з адкрытай галавой — паганіць сваю галаву, выглядае быццам з аголенай галавой.
Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву.
Дык калі якая жанчына не пакрывае галавы, хай абстрыжэ свае валасы. А калі ганьбіць (паганіць) жанчыну тое, што пастрыжана або падголена — дык хай накрывае галаву.
Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа.
Мужчыну неналежыцца накрываць галавы, бо ён вобразам і хвалою Бога, а жанчына — хвалою мужчыны.
Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа.
Бо не мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны.
І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа.
І не мужчына створаны для жанчыны, але жанчына для мужчыны.
Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве [знак] улады дзеля анёлаў.
Таму то жанчына мусіць мець на галаве знак падданасьці (падчыненьня) дзеля анёлаў.
Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе.
Дарэчы ў Госпада ані мужчына ня без жанчыны, ані жанчына ня без мужчыны.
Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе — ад Бога.
Бо як жанчына з мужчыны, так мужчына родзіцца з жанчыны. А ўсё — ад Бога!
Судзіце самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу?
Разсудзіце дарэчы самі: ці належыцца жанчыне маліцца да Бога з адкрытай галавой?
Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьціць валасы, гэта ганьба для яго,
Сама натура вучыць нас, што ганьба для мужчыны насіць доўгія валасы,
а калі жанчына расьціць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня.
а наадварот для жанчыны ж — гонарам. Бо валасы дадзены ёй на пакрыцьцё.
А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя.
Калі хто аб гэтым хоча спорыць (спрачацца), хай ведае, што ані мы ня маем такога звычаю, ані Божыя Касьцёлы.
А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае.
Робячы вам гэтыя заўвагі, не магу вас пахваліць за тое, што сабіраецеся не на лепшае але на горшае.
Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру,
Перад усім чую, што, калі сходзіцеся разам як Касьцёл бываюць у вас спрэчкі. Гэтаму я адчасьці веру.
бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі.
Дарэчы мусяць быць сярод вас раздоры, каб выявіліся выправяныя людзі.
Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма [ў вас] спажываньня вячэры Госпада,
Дык калі вы сабіраецеся разам, няма ў вас спажыцьця Вячэры Госпадавай.
бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін [застаецца] галодным, а другі ўпіваецца.
Кожны бо з вас сьпяшыць перш сваю з'есьці вячэру, ды бывае, што адзін галодны, а ў той час другі нетрэзвы.
Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю.
Ці ня маеце дамоў, каб там есьці і піць? Ці мо хочаце паганіць (ганьбіць) Касьцёл Божы (сабраньне Божае), ды засароміць тых, што нічога ня маюць? Што вам магу сказаць? Можа буду вас хваліць? А не! За гэта вас не хвалю!
Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб
Я гэта атрымаў ад Госпада і перадаў вам, што Госпад Езус у тую ноч, калі меў быць выдадзены, узяў хлеб
і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: «Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».
і ўчыніўшы падзяку, паламаў і сказаў: "Гэта ёсьць Цела Маё, Якое за вас (даецца). Рабіце гэта ў Маю памяць!"
Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне».
Падобным спосабам па вячэры Ён узяў чашу (келіх) і сказаў: "Гэта чаша (келіх) ёсьць Новым Прымірэньнем у Крыві Маёй. Рабіце гэта колькі раз будзеце піць у Маю памяць".
Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п’іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе.
Бо колькі раз будзеце есьці гэты хлеб і піць чашу (келіх) будзеце апавяшчаць сьмерць Госпада, пакуль ня прыйдзе.
Так што хто есьць хлеб гэты ці п’е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпада.
Дзеля таго, хто негодна есьць хлеб гэты ды п'е з чашы (келіха), той вінавата (грашыць) што да Цела і Крыві Госпадавай.
Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п’е з келіха гэтага.
Дык хай прасьлядзіць чалавек сябе самога і тады хай ёсьць гэтае Цела ды п'е з чашы тае.
Бо хто есьць і п’е нягодна, той есьць і п’е прысуд сабе, не раззважаючы пра Цела Госпада.
Бо хто есьць і п'е нягодна, не зважаючы на Цела Госпадава — прысуд сабе есьць і п'е.
Дзеля гэтага сярод вас шмат слабых і хворых, і даволі памірае.
Таму шмат у нас кволых і хворых ды многа ўмірае.
Бо калі мы разважаем пра саміх сябе, ня будзем суджанымі.
А калі мы самі сябе асудзім, дык ня будзем суджаны.
А калі мы суджаныя, Госпад карае нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам.
Калі нас Госпад судзіць, то і карае, каб не былі мы асуджаны разам з усім сьветам.
Так што, браты мае, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце.
Таму, браты мае, калі сабіраецеся есьці Вячэру, пачакайце адзін на другога.
А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загадаю, калі прыйду.
Калі хто галодны, хай з'есьць дома, каб вам не на асуджэньне. Іншыя справы наладжу, як прыеду.