1 да Карынфянаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Гэтак няхай лічаць нас людзі за паслугачоў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.
Хай нас уважаюць людзі за слугаў Хрыстовых і за загадчыкаў (распарадзіцеляў) тайнаў Божых.
Ад аканомаў жа, урэшце, вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.
Ад загадчыкаў вымагаецца, каб кожны быў верны.
Для мяне малая [рэч], як судзіце пра мяне вы ці іншыя людзі; але я і сам не суджу сябе.
Мяне мала турбуе, што вы ці суд людзкі рашыць аба мне. Але я сам сябе не суджу.
Бо хоць нічога ня ведаю за сабою, але ў гэтым я не апраўданы. Госпад — Той, Які судзіць мяне.
Да нічога (віны) я не пачуваюся, гэтым яшчэ не апраўданы — Госпад маім суддзёю.
Так што не судзіце перад часам, пакуль ня прыйдзе Госпад, Які і асьветліць схаванае ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Дык не судзіце заўчасна, пакуль прыйдзе Госпад, Каторы выясьніць тое, што ў цемры скрыта ды выявіць намеры сэрцаў. Тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
А гэтае, браты, аднёс я да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы ад нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, каб не ганарыліся адзін перад адным.
Гэта вось, браты, аднёс (прыстасаваў, прымярываў) я да сябе і Аполласу дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не выносіцца вышэй таго, што напісана: "Ды хай ніхто ў сваёй пыхлівасьці не падымаецца адзін над другім.
Бо хто адзначае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
Хто цябе вырозневае? Ды што ты маеш, чаго б не атрымаў? Калі ж ты атрымаў, дык нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
Вы ўжо насыціліся, ужо сталіся багатымі, бяз нас валадарыце. І калі б вы так валадарылі, каб і нам з вамі валадарыць!
Вы ўжо прыжыліся і сталіся ўжо багатымі, без нас ужо каралюяце. О каб вы на самай справе каралявалі, ды каб і мы з вамі разам маглі караляваць!
Бо я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў за апошніх, быццам на сьмерць асуджаных, бо мы сталіся відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.
Вось я думаю, што Бог нас Апосталаў празначыў як апошніх, быццам на сьмерць асуджаных. Сталіся мы відовішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.
Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы — слабыя, а вы — дужыя; вы — слаўныя, а мы — без пашаны.
Мы неразумныя ў Хрысьце, вы мудрыя ў Хрысьце, мы кволыя а вы дужыя; вас шануюць а намі грэбуюць (шардзяць).
Да цяперашняе гадзіны мы галодныя, і сасмаглыя, і голыя, і б’юць нас, і туляемся,
Аж да гэтай пары мы галадаем, смягнем, у нагаце ходзім, бітыя і выгнаныя.
і працуем, робячы сваімі рукамі. Зьневажаныя, мы дабраслаўляем; перасьледаваныя, мы церпім;
Трудзімся, працуючы рукамі нашымі, праклінаныя — багаславім, прасьледаваныя — цярпім.
абражаюць нас, мы молімся; мы сталіся, як адкіды гэтага сьвету, як сьмецьце для ўсіх да цяпер.
Зьневажаныя — багаславім іх, мы сталіся быццам сьмяцьцё гэтага сьвету, агідай для ўсіх аж дасюль.
Не каб пасароміць вас, пішу гэтае, але як улюбёных дзяцей маіх настаўляю.
Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вас як найдаражэйшых сваіх дзетак — напомніць.
Бо хаця вы маеце дзесяць тысячаў выхавацеляў у Хрысьце, але няшмат бацькоў, бо я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе праз Эвангельле.
Бо хоць бы вы мелі ў Хрысьце тысячу выхавацеляй (узгадоўцаў), але ня шмат бацькоў. Я таму ў Хрысьце Езусе праз Эвангеллю вас нарадзіў.
Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
Прашу тады вас, — будзьце маімі пасьлядоўнікамі.
Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, які ёсьць дзіця маё ўлюбёнае і вернае ў Госпадзе, які нагадае вам шляхі мае ў Хрысьце, як я паўсюль у-ва ўсякай царкве навучаю.
З тою мэтаю пасылаю да вас Тымотэя. Ён ёсьць сынам маім найдаражэйшым і верным у Госпадзе, ён вам прыпомніць шляхі мае ў Хрыстусе ды тое, чаго я навучаю ўсюды, у кожным касьцёле.
А як я не прыходжу да вас, некаторыя ўзганарыліся,
Некаторыя сталі хвастацца (плясьці), што я быццам ня маю намеру наведаць вас.
але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і даведаюся ня словы ганарліўцаў, а сілу,
А як жа прыйду неўзабаве да вас, калі Госпад пазволіць, і разьведаю ня толькі словы пляткароў але дзейнасьць,
бо Валадарства Божае ня ў слове, але ў сіле.
бо не ў гаворцы але ў дзейнасьці Каралеўства Божае.
Што хочаце? [Каб я] з кіем прыйшоў да вас ці з любоўю і духам ціхасьці?
Што хочаце? Ці каб з развагаю да вас я прыйшоў, ці з любоў'ю і дабратой?