Лукаша 23 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І, падняўшыся, усё мноства іх павяло Яго да Пілата.
І, калі ўзнялася ўсё мноства іх, павялі Яго да Пілата.
І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Гэтага знайшлі мы, што Ён псуе народ і забараняе плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе Хрыстом Валадаром».
І пачалі Яго вінаваціць, кажучы: «Мы выявілі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Царом».
А Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ён жа, адказваючы яму, прамовіў: «Ты кажаш».
Дык спытаўся ў Яго Пілат, кажучы: «Ты — Цар Юдэйскі?» А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Ты кажаш».
А Пілат сказаў першасьвятарам і натоўпам: «Я не знаходжу аніякае віны ў гэтым Чалавеку».
І гаворыць Пілат першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку».
А яны настойвалі, кажучы, што Ён падбухторвае народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль.
Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль».
Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: «Ці ж гэты Чалавек — Галілеец?»
А Пілат, чуючы гэта, спытаўся, ці Гэты Чалавек галілеец,
І, даведаўшыся, што Ён з-пад улады Ірада, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў у Ерусаліме.
і, калі даведаўся, што Ён з уладанняў Ірадавых, адаслаў Яго да Ірада, які сам быў тымі днямі ў Ерузаліме.
А Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, які Ён учыніць.
Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся: бо ад даўняга часу прагнуў убачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць, што Ім будзе зроблены які-небудзь знак.
І пытаўся ў Яго шматлікімі словамі, а Ён нічога не адказваў яму.
І задаваў Яму многа пытанняў, але Ён яму нічога не адказаў.
А першасьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы Яго.
А першасвятары і кніжнікі стаялі там, вінавацячы Яго.
Ірад жа з жаўнерамі сваімі, пагардзіўшы Ім і пазьдзекваўшыся з Яго, апрануў Яго ў сьветлае адзеньне і паслаў Яго да Пілата.
Тады Ірад выказаў Яму пагарду разам з жаўнерамі сваімі і пасмяяўся, апрануўшы Яго ў белыя шаты, і адправіў да Пілата.
І сталіся ў той дзень Пілат і Ірад сябрамі, бо раней мелі варожасьць між сабою.
І сталіся ў той дзень Ірад і Пілат сябрамі, бо перад тым варагавалі між сабой.
Пілат жа, склікаўшы першасьвятароў, і начальнікаў, і народ,
А Пілат, пазваўшы першасвятароў, начальнікаў і народ,
сказаў ім: «Вы прывялі да мяне Чалавека гэтага, як таго, хто адварочвае [ад уладаў] народ. І вось я, пры вас дапытаўшы, не знайшоў у Чалавеку гэтым аніякай віны, у якой вы Яго абвінавачваеце.
сказаў ім: «Вы выдалі мне Гэтага Чалавека, быццам Ён бунтуе народ, і вось, я, распытваючы ў вашай прысутнасці, не знайшоў у Гэтым Чалавеку ніякай віны ў тым, у чым вы вінаваціце Яго;
І таксама Ірад [нічога не знайшоў], бо я пасылаў вас да яго. І вось, нічога ня знойдзена ў Ім, вартага сьмерці.
таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да вас. І вось, не даведзена Яму нічога, вартага смерці.
Таму, пакараўшы Яго, я вызвалю [Яго]».
Таму, пакараўшы, я адпушчу Яго».
А яму трэба было на сьвята вызваліць ім аднаго [вязьня].
А яму трэба было дзеля свята адпусціць ім аднаго з вязняў.
А ўсё мноства закрычала, кажучы: «Вазьмі Яго! А нам вызвалі Бараббу!»
Дык увесь натоўп закрычаў: «Забі Яго, а адпусці нам Барабу»,
А той быў кінуты ў вязьніцу за паўстаньне, якое ён учыніў у горадзе, і забойства.
а той быў кінуты ў вязніцу за паўстанне ў горадзе і забойства.
Тады Пілат ізноў прамовіў, хочучы вызваліць Ісуса.
Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы адпусціць Ісуса,
А яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»
але яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»
Ён жа трэці раз сказаў ім: «Якое зло Ён учыніў? Аніякай сьмяротнай віны я не знайшоў у Ім; дык пакараўшы Яго, вызвалю».
Ён трэці раз сказаў ім: «Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога, вартага смерці; дык пакараю Яго і адпушчу».
Яны ж дамагаліся моцным голасам, просячы, каб Яго ўкрыжавалі. І перамаглі галасы іхнія і першасьвятароў.
Ды яны настойвалі, патрабуючы з крыкам, каб быў укрыжаваны, і перамагаў гармідар іх і першасвятароў.
І Пілат прысудзіў, каб сталася паводле просьбы іхняй:
Тады Пілат прысудзіў выканаць іх просьбу:
вызваліў ім таго, хто за паўстаньне і забойства быў кінуты ў вязьніцу, якога яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.
адпусціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў кінуты ў вязніцу, якога дамагаліся, а Ісуса выдаў на іх волю.
І калі вялі Яго, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
І, калі вялі Яго, спынілі нейкага Сімона з Цырэны, які ішоў з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс яго за Ісусам.
А за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім.
Ішоў за Ім вялікі натоўп людзей і жанчыны, якія плакалі і галасілі.
Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі Ерусалімскія! Ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых,
Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі ерузалімскія, не плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе саміх плачце ды дзеля дзяцей вашых,
бо вось прыходзяць дні, калі скажуць: “Шчасьлівыя няплодныя, і чэравы, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі”.
бо, вось, надыходзяць дні, калі будуць казаць: “Шчасныя няплодныя і ўлонні, што не нарадзілі, ды грудзі, якія не кармілі”.
Тады пачнуць гаварыць гарам: “Упадзіце на нас!”, і ўзгоркам: “Прыкрыйце нас!”
Тады стануць казаць гарам: “Валіцеся на нас”, і ўзгоркам: “Схавайце нас”,
Бо калі з зялёным дрэвам гэтае робяць, дык з сухім што станецца?»
бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?»
Вялі ж з Ім на сьмерць і двух іншых злачынцаў.
Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў, каб забіць іх.
І калі прыйшлі на месца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, а другога — з левага боку.
І, калі прыйшлі на месца, якое называецца Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго.
Ісус жа сказаў: «Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць». А тыя, што дзялілі шаты Ягоныя, кінулі жэрабя.
Ісус жа казаў: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць». І, дзелячы адзенне Яго, кідалі жэрабя.
І стаяў народ, гледзячы. А разам з імі насьміхаліся і начальнікі, кажучы: «Другіх збаўляў, няхай жа Сябе Самога збавіць, калі Ён — Хрыстос, Выбранец Божы».
І народ стаяў, прыглядаючыся. Кпілі з Яго і начальнікі, кажучы: «Іншых ратаваў, хай і Сябе выратуе, калі Ён — Хрыстос, выбраннік Божы».
Зьдзекваліся з Яго і жаўнеры, падыходзячы, і прыносячы Яму воцат,
Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго, падыходзячы і падаючы Яму воцат,
і кажучы: «Калі Ты — Валадар Юдэйскі, збаў Сябе Самога».
і кажучы: «Калі Ты — Цар Юдэйскі, уратуй Сябе!»
І быў над Ім надпіс, напісаны пісаньнямі грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі: «Гэта — Валадар Юдэйскі».
І быў над Ім надпіс напісаны грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі літарамі: «Гэта Цар Юдэйскі».
Адзін з павешаных злачынцаў блюзьніў на Яго, кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, збаў Сябе і нас».
А адзін з разбойнікаў, што былі ўкрыжаваны, блюзніў супраць Яго, кажучы: «Няўжо Ты, не Хрыстос? Уратуй Самога Сябе і нас!»
Адказваючы, другі забараняў яму, кажучы: «Ці ж ты не баішся Бога, бо і сам маеш такі самы прысуд?
А другі, адказваючы, сунімаў яго, кажучы: «Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару.
І мы сапраўды [асуджаны] справядліва, бо атрымалі вартае таго, што мы зрабілі, а Ён нічога благога не зрабіў».
І мы ж справядліва, бо атрымліваем вартае ўчыненага! А Ён нічога благога не зрабіў».
І сказаў Ісусу: «Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!»
І казаў Ісусу: «Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Валадарства».
І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёньня будзеш са Мною ў раі».
І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».
А было каля шостае гадзіны, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае,
І было блізу шостай гадзіны, і цемра сталася па ўсёй зямлі аж да дзявятай гадзіны,
і зацьмілася сонца, і заслона ў бажніцы была разьдзёртая пасярэдзіне.
і сонца знікла, і заслона святыні разадралася пасярэдзіне.
І ўсклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: «Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой». І, сказаўшы гэтае, аддаў духа.
І, усклікаючы моцным голасам, Ісус гаворыць: «Ойча, у рукі Твае перадаю Дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.
Сотнік жа, убачыўшы ўсё, што сталася, праславіў Бога, кажучы: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў праведнік».
Сотнік, бачачы, што сталася, уславіў Бога, кажучы: «Гэты Чалавек быў сапраўды Справядлівы».
І ўвесь натоўп, які зграмадзіўся на гэта відовішча, бачачы, што здарылася, варочаўся, б’ючы сябе ў грудзі.
І ўвесь натоўп тых, што сабраліся на гэтае відовішча і бачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
А ўсе знаёмыя з Ім і жанчыны, якія ішлі за Ім з Галілеі, стаялі здалёк, гледзячы на гэта.
А здалёк стаялі ўсе знаёмыя Яго і жанчыны, што ішлі следам за Ім ад Галілеі, гледзячы на гэта.
І вось чалавек на імя Язэп, які быў ратманам, чалавек добры і праведны,
І вось, чалавек, імем Язэп, які быў членам рады, чалавек добры і справядлівы, —
які не згаджаўся з радай і ўчынкам іхнім, з Арыматэі, гораду Юдэйскага, які таксама чакаў Валадарства Божага,
ён не прымаў ўдзел у радзе іх і учынках, — з Арыматэі, горада юдэйскага, які і сам чакаў Валадарства Божага,
прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса,
ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса,
і, зьняўшы Яго [з крыжа], абкруціў палатнінаю і палажыў Яго ў магіле, якая была высечаная ў скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пахованы.
і, зняўшы Яго, загарнуў Яго ў плашчаніцу і паклаў Яго ў магільне, высечанай у скале, у якой яшчэ ніхто не быў пакладзены.
Дзень быў днём прыгатаваньня, і надыходзіла субота.
І быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіла субота.
І жанчыны, што былі прыйшоўшы з Ім з Галілеі, пайшлі глядзець магілу і як было пакладзена цела Ягонае.
Падышлі таксама жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і ўбачылі магілу і як пакладзена было цела Яго,
А вярнуўшыся, падрыхтавалі духмянасьці і міра. І ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.
і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказання.