Дзеі 13 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Былі ж у Антыёхіі, у тамтэйшай царкве, некаторыя прарокі і настаўнікі: і Барнаба, і Сымон, называны Нігер, і Луцый Кірэнэец, і Манаэн, што гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, і Саўл.
 

А калі яны спраўлялі служэньне Госпаду і посьцілі, сказаў Дух Сьвяты: «Аддзяліце Мне Барнабу і Саўла на справу, на якую Я паклікаў іх».
 

Тады яны, посьцячы і молячыся, і ўскладаючы на іх рукі, адпусьцілі іх.
 

Тыя ж, выпраўленыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію, і адтуль паплылі на Кіпр.
 

І, апынуўшыся ў Саляміне, прапаведвалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны Яна за паслугача.
 

Прайшоўшы ж востраў да Пафа, знайшлі нейкага чараўніка, фальшывага прарока, Юдэя, на імя Бар-Ісус,
 

які быў у праконсула Сяргея Паўла, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Барнабу і Саўла, шукаў слухаць слова Божае.
 

а чараўнік Эліма, бо так перакладаецца імя ягонае, супрацьстаяў ім, шукаючы адвярнуць праконсула ад веры.
 

А Саўл, ён жа Павал, напоўніўшыся Духам Сьвятым і ўглядаючыся на яго,
 

сказаў: «О, сыне д’ябла, поўны ўсякае падступнасьці і ўсякай ліхоты, вораг усякае праведнасьці! Ці не перастанеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?
 

І вось цяпер рука Госпада над табою, і будзеш ты сьляпы, ня бачачы сонца да часу». І адразу зыйшлі на яго змрок і цемра, і ён, блукаючыся, шукаў, хто б яго вёў за руку.
 

Тады праконсул, убачыўшы, што сталася, паверыў, дзівячыся вучэньню Госпада.
 

А тыя, што з Паўлам, выйшаўшы з Пафу, прыйшлі ў Пэргію ў Памфіліі. Ян жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.
 

А яны, прайшоўшы Пэргію, прыйшлі ў Антыёхію Пісідзкую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботы, паселі.
 

А пасьля чытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: «Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова пацяшэньня для народу, кажыце».
 

Павал жа, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: «Мужы Ізраільцяне і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце!
 

Бог народу гэтага, Ізраіля, выбраў бацькоў нашых, і ўзьвялічыў народ, калі яны былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай, і ўзьнятым рамяном вывеў іх з яе,
 

і на працягу сарака гадоў зносіў іх у пустыні,
 

і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаан, даў ім на ўласнасьць зямлю іхнюю.
 

І пасьля гэтага каля чатырохсот і пяцідзесяці гадоў даваў судзьдзяў да Самуэля прарока.
 

У той час прасілі яны валадара; і даў ім Бог Саўла, сына Кісавага, мужа з калена Бэн’яміна, гадоў на сорак.
 

І, адставіўшы яго, паставіў ім за валадара Давіда, пра якога і сказаў, сьведчачы: “Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, мужа паводле сэрца Майго, які выканае ўсю волю Маю”.
 

З ягонага насеньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Збаўцу Ісуса.
 

Перад абліччам прыйсьця Ягонага абвяшчаў Ян хрышчэньне навяртаньня ўсяму народу Ізраіля.
 

А калі Ян споўніў бег свой, ён сказаў: “За каго лічыце мяне? Ня я гэта, але, вось, ідзе за мною Той, Якому я ня варты разьвязаць сандалы на нагах”.
 

Мужы браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, якія Бога баяцца! Вам пасланае слова збаўленьня гэтага.
 

Бо жыхары Ерусаліму і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і асудзіўшы, споўнілі словы прарокаў, чытаныя кожную суботу,
 

і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб Ён быў забіты.
 

Калі ж зьдзейсьнілі ўсё, напісанае пра Яго, зьняўшы з дрэва, палажылі ў магілу.
 

Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых.
 

Ён шмат дзён зьяўляўся тым, якія прыйшлі з Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія ёсьць сьведкамі Яго перад народам.
 

І мы вам дабравесьцім, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог споўніў нам, іхнім дзецям, уваскрасіўшы Ісуса,
 

як і ў другім псальме напісана: “Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе”.
 

А што Ён уваскрасіў Яго з мёртвых, каб Той больш не вярнуўся ў парахненьне, Ён сказаў гэтак: “Дам вам сьвятасьці Давідавыя верныя”.
 

Дзеля гэтага і ў іншым [псальме] кажа: “Не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне”.
 

Бо Давід, паслужыўшы ў сваім пакаленьні намеру Божаму, памёр і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў парахненьне,
 

а Той, Каго Бог уваскрасіў, ня ўбачыў парахненьня.
 

Дык няхай будзе вядома вам, мужы браты, што праз Яго прапаведуецца вам адпушчэньне грахоў,
 

і ў-ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца ў законе Майсеевым, у Ім апраўдваецца кожны, хто верыць.
 

Дык глядзіце, каб не прыйшло на вас сказанае ў прарокаў:
 

“Пабачце, вы, якія пагарджаеце, і зьдзівіцеся, і шчэзьніце, бо Я раблю справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі хто распавядзе вам”».
 

Калі ж яны выходзілі з сынагогі Юдэйскае, прасілі іх пагане, каб і ў наступную суботу гаварылі словы гэтыя.
 

А як разыйшлася сынагога, шмат Юдэяў і пабожных празэлітаў пайшлі за Паўлам і Барнабам, якія, размаўляючы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.
 

А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае.
 

А Юдэі, убачыўшы натоўп, напоўніліся зайздрасьцю і працівіліся таму, што гаварыў Павал, пярэчачы і блюзьнячы.
 

А Павал і Барнаба, адважыўшыся, сказалі: «Да вас належала спачатку гаварыць слова Божае. А як вы адкідаеце яго і ня лічыце сябе вартымі жыцьця вечнага, вось, мы паварочваемся да паганаў.
 

Бо так загадаў нам Госпад: “Я паставіў цябе як сьвятло для паганаў, каб быў ты на збаўленьне да краю зямлі”».
 

А пагане, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Госпада, і паверылі ўсе, якія былі прызначаныя да жыцьця вечнага.
 

І разносілася слова Госпада праз усю краіну.
 

А Юдэі падбухторылі пабожных і паважаных жанчынаў, і першых [людзей] у горадзе, і паднялі перасьлед на Паўла і Барнабу, і выгналі іх з межаў сваіх.
 

Яны ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, прыйшлі ў Іконію.
 

А вучні былі напоўненыя радасьцю і Духам Сьвятым.