2 да Цімафея 2 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Ты ж, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Езусе Хрысце.
Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсць у Хрысце Ісусе,
А пачутае ад мяне пры многіх сведках, перадай верным людзям, якія будуць здольныя навучыць таксама іншых.
і, што чуў ты ад мяне пры многіх сведках, гэта перадай верным людзям, якія здольны і другіх навучыць.
Цярпі разам са мною як добры жаўнер Хрыста Езуса.
Перанось цяжкасці як добры жаўнер Хрыста Ісуса.
Той, хто служыць у войску, каб падабацца таму, хто ўзяў яго на службу, не ўмешваецца ў жыццёвыя справы.
Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы зямныя, каб падабацца таму, хто яго выбраў.
Таксама і той, хто змагаецца як атлет, не стане пераможцам, калі будзе змагацца не па правілах.
Бо і той, хто змагаецца, не стане пераможцам, калі змагаецца незаконна.
Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі.
Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі.
Зразумей, што гавару; няхай дасць табе Пан зразумець усё.
Зразумей, што кажу: хай дасць табе Госпад ва ўсім розум.
Памятай пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос паводле майго Евангелля,
Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста з семя Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго,
за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш.
дзеля якога працую аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга звязаць.
Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю.
Вось, я ўсё раблю дзеля выбраннікаў, каб яны атрымалі збаўленне, якое ў Хрысце Ісусе са славаю вечнай.
Сапраўды, калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём;
Вернае слова: калі мы з Ім памерлі, дык з Ім жыць будзем;
калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем;
калі церпім, дык з Ім валадарыць будзем, калі зрачомся Яго, дык і Ён нас зрачэцца;
калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.
калі мы зняверымся, дык Ён верным застанецца, бо Сам Сябе зрачыся не можа.
Нагадвай пра гэта, даючы сведчанне перад Богам, каб не спрачацца з-за словаў, бо гэта не прыносіць ніякай карысці, а толькі шкодзіць слухачам.
Пра гэта нагадвай, сведчачы перад Богам, каб не спрачаліся, бо гэта нічога не дасць, хіба толькі сапсуе слухачоў.
Старанна імкніся, каб Бог палічыў цябе годным, бездакорным працаўніком, які правільна пераказвае слова праўды.
Пільна рупся паказацца годным перад Богам, працаўніком беззаганным, які прымае з павагай слова праўды.
Пазбягай людскога пустаслоўя, бо гэта вядзе да штораз большай бязбожнасці.
Пустой жа гаворкі высцерагайся, бо яна яшчэ больш спрычыніцца да бязбожнасці,
Словы такіх людзей пашыраюцца, як гангрэна. Сярод іх Гіменэй і Філет,
і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; з такіх вось Гіменэй і Філет,
якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўваскрашэнне ўжо настала, і гэтым разбураюць веру некаторых.
якія размінуліся з праўдай, кажучы, што ўваскрэсенне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры.
Але Божы фундамент стаіць моцна, маючы такую пячатку: «Пан ведае сваіх» і: «Няхай адступіцца ад несправядлівасці кожны, хто заклікае імя Пана».
Але цвёрды падмурак Божы стаіць, маючы такую пячатку: «Пазнаў Госпад, хто ёсць Яго», і «Хай аддаліцца ад нягоднасці кожны, хто вызнае імя Госпада».
У вялікім жа доме ёсць не толькі залатое і сярэбранае начынне, але драўлянае і глінянае. Адно — у пашане, другое — не ў пашане.
У вялікім жа доме маюцца не толькі залатыя і срэбраныя начынні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя — у пашане, другія — у ганьбе.
Калі хтосьці ачысціць сябе ад гэтага, то стане начыннем пачэсным, асвячаным і карысным Пану, прыдатным для ўсялякай добрай справы.
Дык вось, калі хто ачысціў сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, усвечанай, карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсялякай добрай справы.
Асцерагайся юнацкай пажадлівасці, імкніся да справядлівасці, веры, любові, міру з тымі, хто заклікае імя Пана ад чыстага сэрца.
Высцерагайся пажаданняў юнацкіх, але трымайся справядлівасці, веры, любові, супакою з тымі, што чыстым сэрцам заклікаюць Госпада.
А неразумных і бессэнсоўных спрэчак пазбягай, ведаючы, што яны прыводзяць да сварак.
Ухіляйся дурных і бязглуздых пытанняў, ведаючы, што яны даводзяць да звадкі.
Слуга Пана не павінен сварыцца, а павінен быць ласкавым да ўсіх, здольным да навучання і цярплівым,
Слузе ж Божаму не выпадае вадзіцца, а трэба быць ветлівым з усімі, вучыцелем цярплівым,
спакойна настаўляць непрыхільных.
які лагодна выпраўляе тых, што працівяцца, можа, дасць ім Бог навяртанне дзеля пазнання праўды,
Можа, калісьці Бог дасць ім апамятацца дзеля пазнання праўды і вырвацца з пастак д’ябла, які аблытаў іх, каб падпарадкаваць сваёй волі.
каб вырваліся з путаў д’ябла; апутаныя імі, яны яго паднявольныя.