Мацьвея 14 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
У той час Ірад тэтрарх пачуў чуткі пра Ісуса
і сказаў слугам сваім: гэта Іоан Хрысьціцель; ён уваскрос з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзе́юцца праз яго.
Бо Ірад, захапіўшы Іоана, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадзіяду, жонку Філіпа, брата свайго.
Бо Іоан казаў яму: ня гожа табе́ ме́ць яе́.
І хаце́ў забіць яго, але баяўся народу: бо яго ме́лі за прарока.
У дзе́нь жа нарадзін Ірада дачка́ Ірадзіяды скакала пасярод іх і дагадзіла Іраду.
Дзеля гэтага ён пакляўся ёй даць, чаго-б ні папрасіла.
Яна-ж, падвучаная маткай сваёй, сказала: дай мне́ тут на та́лерцы галаву Іоана Хрысьціцеля.
І засумаваў цар, але з увагі на прысягу і на супачыва́ўшых побач з ім сказаў даць.
І паслаў адсячы́ галаву Іоану ў вязьніцы.
І прыне́сьлі галаву яго на тале́рцы і далі дзяўчыне, а яна зане́сла матцы сваёй.
Вучні-ж яго, прыйшоўшы, узялі це́ла яго й пахавалі яго; і пайшлі паведаміць Ісуса.
І, пачуўшы, Ісус паплыў стуль на чаўне́ ў пустыннае ме́сца адзін; і народ, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з ме́стаў пехато́ю.
І, выйшаўшы, Ісус угле́дзіў множства людзе́й і пашкадава́ў іх і аздаравіў няду́жых.
Калі-ж настаў ве́чар, прыступіліся да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустыня тутака, дый час ужо позны; пусьці народ, каб яны пайшлі ў сёлы і купілі сабе́ е́жы.
Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці: вы́ дайце ім е́сьці.
Яны-ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве́ рыбы.
Ён сказаў: прынясе́це іх Мне́ сюды.
І сказаў народу супачы́ць на траве́ і, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы, глянуў на не́ба, пабагаславіў і, паламаўшы, даў хле́б вучням, а вучні народу.
І е́лі ўсе́, і насыціліся; і назьбіралі аста́ткаў дванаццаць карабо́ў поўных.
А е́ўшых было каля пяці тысячаў душ, апрача жанчы́н і дзяце́й.
І тады-ж загадаў Ісус вучням Сваім увайсьці ў човен і плы́сьці пе́рш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпу́сьціць народ.
І, адпусьціўшы народ, Ён узыйшоў на гару́ памаліцца насамо́це; і ўве́чары астаўся там Адзін.
А човен ужо быў пасярэдзіне мора, і яго кідалі хвалі, бо ве́цер быў праціўны.
У чацьвёртую-ж старо́жу ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.
І вучні, угле́дзіўшы Яго, ідучы па моры, спалохаліся і гаварылі: гэта здань. І ад страху закрычэлі.
Але Ісус ураз загаварыў з імі і сказаў: бадры́цеся; гэта Я; ня бойцеся.
Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! Калі гэта Ты, скажы мне́ йсьці да Цябе́ па вадзе́.
Ён жа сказаў: ідзі. І, выйшаўшы з чаўна, Пётр пайшоў па вадзе́, каб падыйсьці да Ісуса.
Але, ба́чачы моцны ве́цер, спужаўся і, пачаўшы тану́ць, закрычэў: Госпадзе, спасі мяне́!
Ісус ураз жа працягнуў руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаве́рны! Чаму ты сумляваўся?
І, калі ўвайшлі яны ў човен, ве́цер заціх.
А быўшыя ў чаўне́ падыйшлі, пакланіліся Яму і сказалі: запраўды́, Ты — Сын Божы!
І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генісарэцкую.
І людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ў-ва ўсю ваколіцу тую і прыне́сьлі да Яго ўсіх хворых.
І прасілі Яго, каб толькі дакрану́цца да краю вопраткі Яго; і, като́рыя дакрану́ліся, паздараве́лі.