Мацьвея 13 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У той дзень Іісус, вы́йшаўшы з дома, сеў каля мора.
 
У той самы дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.

І сабра́лася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
 
І сабраліся да Яго шматлікія натоўпы, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.

І гаварыў ім шмат прытчамі, ка́жучы: вось, вы́йшаў се́йбіт сеяць.
 
І гаварыў ім шмат у прыповесьцях, кажучы: «Вось, выйшаў се́йбіт сеяць.

І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблí яго.
 
І калі сеяў, адны [зярняты] ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх.

А іншае ўпала на ме́сцы камянíстыя, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая.
 
Іншыя ж упалі на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі; і адразу ўзыйшлі, бо зямля была неглыбокая,

А калі ўзышло́ сонца, завя́ла, і, паколькі не ме́ла карэння, засохла.
 
а калі ўзыйшло сонца, зьвялі і, як ня мелі кораня, высахлі.

А іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго.
 
Іншыя ж упалі ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі іх.

А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод: адно ў сто крат, другое ў шэсцьдзеся́т, а іншае ў трыццаць.
 
А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плод: адно — сто, адно — шэсьцьдзесят, а адно — трыццаць.

Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

І, прыступíўшы, вучні сказалі Яму: чаму Ты прытчамі гаворыш ім?
 
І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Дзеля чаго гаворыш ім у прыповесьцях?»

Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам да́дзена ведаць тайны Царства Нябеснага, а ім не да́дзена;
 
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Бо вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім ня дадзена.

Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе і памножыцца; а хто не ма́е, у таго ады́мецца і тое, што ма́е.
 
Бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.

Дзе́ля таго прытчамі гавару ім, што яны ба́чачы не бачаць, і чу́ючы не чуюць, і не разумеюць.
 
Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што яны, гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць.

І збыва́ецца над імі прароцтва Іса́іі, якое кажа: «слы́хам пачуеце, і не зразуме́еце; і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.
 
І спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце, і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце.

Бо агрубе́ла сэ́рца ў людзей гэтых, і вуша́мі цяжка чуюць, і вочы свае заплю́шчылі, каб не ўбачыць вачы́ма, і вуша́мі не пачуць, і сэ́рцам не зразумець, і не звярну́цца, каб Я ацаліў іх».
 
Бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма, і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх” .

А вашы вочы блажэ́нныя, таму што бачаць, і ву́шы вашы, таму што чуюць.
 
Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць.

Бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жада́лі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.
 
Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня чулі.

Вы ж паслухайце сэнс прытчы пра се́йбіта.
 
А вы паслухайце прыповесьць пра сейбіта.

Да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхí і кра́дзе пасе́янае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасе́янае пры дарозе.
 
Да ўсякага, хто чуе слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным; гэта тое, што пасеянае пры дарозе.

А пасе́янае на камянíстых месцах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасцю прыма́е яго;
 
А пасеянае на камяністае месца — гэта той, хто чуе слова і адразу з радасьцю прыймае яго,

але не ма́е кораня ў сабе і нетрыва́лы: калі настане ўціск альбо гане́нне за слова, ён адразу спакуша́ецца.
 
але ня мае ў сабе кораня і нетрывалы: калі надыходзіць прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу горшыцца.

А пасе́янае ў це́рнях азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і зма́нлівасць багацця заглуша́юць сло́ва, і яно становіцца бясплодным.
 
А пасеянае ў цярніне — гэта той, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і падман багацьця заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.

А пасе́янае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее; ён і плод прыно́сіць і дае́ адзін сто, другі шэсцьдзеся́т, а іншы трыццаць.
 
А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее, які дае плод, і дае адзін сто, а іншы — шэсьцьдзесят, а іншы — трыццаць».

Другую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: Царства Нябеснае падобна да чалавека, які пасеяў добрае насе́нне на по́лі сваім.
 
Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім.

Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў пустазелле сярод пшаніцы, і пайшоў.
 
Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, і пасеяў між пшаніцаю ку́каль, і пайшоў.

Калі ўзышла́ збажына́ і завязала плод, тады з’явілася і пустазе́лле.
 
Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады паказаўся і ку́каль.

Прыйшлі рабы́ гаспадара́ дома і сказалі яму: гаспадар! хіба́ не добрае насе́нне пасеяў ты на по́лі сваім? адкуль жа на ім пустазе́лле?
 
Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? Адкуль тады ку́каль?”

Ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. а рабы́ сказалі яму: дык хочаш, мы пойдзем, вы́палем яго?
 
Ён жа сказаў ім: “Вораг чалавек зрабіў гэтае”. А слугі сказалі яму: “Дык хочаш, мы пойдзем зьбярэм яго?”

Але ён сказаў: не, каб, выпо́лваючы пустазе́лле, вы не павырыва́лі разам з ім і пшаніцы.
 
А ён мовіў: “Не, каб, зьбіраючы ку́каль, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы.

Пакіньце расці разам тое і другое да жніва́; а ў час жніва́ я скажу жняца́м: вы́берыце перш пустазе́лле і звяжы́це яго ў снапы́, каб спалíць яго; а пшаніцу збяры́це ў жы́тніцу маю́.
 
Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: 'Зьбярыце спачатку ку́каль і зьвяжыце яго ў снапы, каб спаліць іх, а пшаніцу зьбярыце ў сьвіран мой'”».

Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: падобна Царства Нябеснае да зярня́ці гарчы́чнага, якое чалавек узяў і пасеяў на по́лі сваім;
 
Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасеяў на полі сваім.

яно, хоць і меншае за ўсякае насе́нне, але, калі вы́расце, бывае бо́льшым за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылята́юць птушкі нябесныя і се́ляцца ў го́ллі яго.
 
Яно меншае за ўсякае насеньне, а калі вырасьце — большае за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў галінах яго».

Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобна Царства Нябеснае да заква́скі, якую жанчына, узяўшы, пакла́ла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.
 
Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: «Падобнае Валадарства Нябеснае да рашчы́ны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меры мукі́, пакуль ня ўкісла ўсё».

Гэта ўсё сказаў Іісус прытчамі народу, і без прытчы нічога не гаварыў ім,
 
Усё гэтае Ісус гаварыў да натоўпаў у прыповесьцях і без прыповесьці не гаварыў ім,

каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які кажа: «адкры́ю ў прытчах вусны Мае́; вы́кажу скры́тае ад стварэ́ння свету».
 
каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адчыню ў прыповесьцях вусны Мае; выкажу схаванае ад стварэньня сьвету».

Тады Іісус, адпусцíўшы народ, увайшоў у дом. і прыступілі да Яго вучні Яго, ка́жучы: растлума́ч нам прытчу пра пустазе́лле на полі.
 
Тады Ісус, пакінуўшы натоўпы, увайшоў у дом, і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Растлумач нам прыповесьць пра кукаль на полі».

Ён жа сказаў ім у адказ: Се́йбіт добрага насе́ння ёсць Сын Чалавечы;
 
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Сейбіт добрага насеньня — гэта Сын Чалавечы.

поле ёсць свет; добрае насе́нне гэта — сыны́ Царства, а пустазе́лле — сыны́ ліхога;
 
Поле — гэта сьвет, добрае насеньне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны злога;

вораг, які пасеяў яго, ёсць дыявал; жніво́ ёсць сканчэ́нне веку, а жняцы́ — Ангелы.
 
вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал, жніво — сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.

І вось, як збіраюць пустазе́лле і агнём па́ляць, гэтакса́ма будзе пры сканчэ́нні веку гэтага.
 
Бо як зьбіраюць кукаль і агнём паляць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага:

Пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і збяруць з Царства Яго ўсе спаку́сы і тых, што чы́няць беззаконне,
 
пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і ўсіх, хто чы́ніць беззаконьне,

і ўкíнуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скры́гат зубоў.
 
і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў.

Тады пра́веднікі заззя́юць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Валадарстве Айца іхняга. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

Яшчэ падобна Царства Нябеснае да схава́нага на полі скарбу, знайшоўшы які, чалавек утаíў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае́ ўсё, што ма́е, і купля́е поле тое.
 
Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які, знайшоўшы, чалавек схаваў, і ў радасьці сваёй ідзе, і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.

Яшчэ падобна Царства Нябеснае да купца, які шукае прыгожых жамчу́жын,
 
Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлінаў,

і, знайшоўшы адну шматкашто́ўную жамчу́жыну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
 
які, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.

Яшчэ падобна Царства Нябеснае да не́вада, які быў закíнуты ў мора і набраў усяго ўсялякага,
 
Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да нерату, які закінуты ў мора і сабраў усякага роду рыбы.

і калі ён напоўніўся, яго вы́цягнулі на бераг і, сеўшы, добрае скла́лі ў по́суд, а дрэннае выкінулі прэч.
 
Калі ён напоўніўся, выцягнуўшы яго на бераг і сеўшы, добрую сабралі ў пасудзіны, а благую выкінулі вонкі.

Так будзе пры сканчэнні веку: вы́йдуць Ангелы і аддзе́ляць ліхíх з асяро́ддзя пра́ведных,
 
Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы, і аддзеляць злых спасярод праведных,

і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скры́гат зубоў.
 
і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў».

Кажа ім Іісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі!
 
Кажа ім Ісус: «Ці зразумелі вы ўсё гэтае?» Яны кажуць Яму: «Так, Госпадзе!»

А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, наву́чаны Царству Нябеснаму, падобны да гаспадара́ дома, які выносіць са ска́рбніцы сваёй новае і старо́е.
 
Ён жа сказаў ім: «Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць са скарбу свайго новае і старое».

І ста́лася, калі скончыў Іісус прытчы гэтыя, Ён пайшоў адтуль.
 
І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, Ён выйшаў адтуль.

І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы?
 
І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў іх у сынагозе іхняй, так што яны дзівіліся і гаварылі: «Адкуль у Яго гэткая мудрасьць і моц?

Ці не цесляро́ў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыя, і браты Яго — Іа́каў, і Іасíй, і Сíман, і Іуда?
 
Ці ж ня цесьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці завецца Марыя, і браты Ягоныя — Якуб, і Ёсія, і Сымон, і Юда?

І сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
 
І сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэтае?»

І сумнява́ліся ў Ім. Іісус жа сказаў ім: не бывае прарока без пашаны, хіба́ толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім.
 
І горшыліся праз Яго. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім».

І не ўчынíў там многіх цудаў з-за няве́р’я іх.
 
І не ўчыніў там шмат цудаў дзеля недаверства іхняга.