Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І сталася Яму прыйсьці ў суботу ў дом нейкага начальніка хварысэяў паесьці хлеба, і яны сачылі за Ім;
Аднойчы, калі Езус у шабат увайшоў у дом аднаго з перадавых фарызэяў, запрошаны на пасілак, яны вось за Ім сьлядзілі, наглядалі.
і вось зьявіўся перад Ім нейкі чалавек, хворы на вадзянку.
Здарылася, што нейкі апухлы чалавек прыйшоў да Яго.
І, загаварыўшы да законьнікаў і хварысэяў, Ісус запытаў (іх) кажучы: ці дазваляецца (па Закону) аздараўляць у суботу?
Езус зьвяртаецца да законаведаў і фарызэяў з пытаньнем: "Ці належыцца ў шабат аздараўляць?"
Яны ж прамаўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў.
Але яны маўчалі. Тады Езус, дакрануўшыся да хворага, аздаравіў яго і адправіў.
І, загаварыўшы да іх, запытаў: калі чый-небудзь із вас асёл ці вол уваліцца ў студню, ці ня адразу выцягнеце яго ў дзень суботы?
І ў адказ сказаў ім: "Калі каторага з вас асёл або вол уваліцца ў студню, дык ці зараз выцягваюць яго ў дзень шабату.
І ня змаглі (яны) Яму запярэчыць на гэта.
І не маглі яны на гэта ніяк адказаць.
Казаў жа (Ён) запрошаным прыповесьць, убачыўшы як (яны) выбіралі першыя мейсцы, гаворачы ім:
Аднойчы прыглядаючыся як госьці (запрошаныя) першыя месцы выбіралі сказаў Езус запрошаным гэту прыповесьць:
калі ты запрошаны кім-небудзь на вясельле, ня узьлягай на першае мейсца, каб сярод запрошаных ім ня аказаўся (нехта) больш шаноўны за цябе,
"Калі будзеш запрошаны на вясельле, не сядай на першым месцы, каб часам ня быў запрошаны важнейшы за цябе,
і той, хто запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: саступі яму мейсца; і тады (ты) з сорамам зоймеш апошняе мейсца.
бо тады той, хто цябе і яго запрасіў, прыйшоўшы скажа табе: "Яму ўступі месца". І тады ты з сорамам зоймеш апошняе месца.
Але, калі (ты) запрошаны, прыйшоўшы, узьляж на апошнім мейсцы, каб, калі падыйдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: дружа! перайдзі вышэй. Тады будзе табе гонар перад узьляжачымі з табою.
Дык калі цябе запросяць, ідзі і сядзь на апошнім месцы, каб калі надыйдзе той, хто цябе запрасіў, скажа табе: "Прыяцелю, сядзь вышэй. Тады будзеш мець пахвалу ў банкетчыкаў.
Бо кожны, хто ўзвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе.
Бо кожны, хто сябе вывышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае — будзе павышаны".
Казаў жа (Ён) і запрасіўшаму Яго: калі ты ладзіш абед ці вячэру ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе ня запрасілі (узаемна) каб ня сталася табе адплата.
Затым гаварыў і да таго, хто яго запрасіў: "Калі спраўляеш баль (абед) або вячэру, не запрашай прыяцеляў сваіх (сяброў) ані братоў сваіх, або сваякоў, ані багатых суседзяў, каб яны часам узамен цябе не пазвалі, бо ўжо атрымаў бы ўзнагароду.
Але, калі ты ладзіш урачысты абед, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,
Але калі спраўляеш баль, пазаві ўбогіх, калекаў, кульгавых, ды сьляпых,
і шчасьлівы будзеш, бо яны ня могуць адплаціць табе; бо аддасца табе ў ускрасеньне праведных.
а ўбаславёны (шчасьлівы) будзеш, бо запрошаныя ня маюць чым адплаціццца: адплачаным табе будзе пры ўваскрашэньні справядлівых".
Нехта ж з узьляжачых, пачуўшы гэта, сказаў Яму: шчасьлівы той, хто будзе есьці хлеб у Каралеўстве Бога.
Пачуўшы гэта адзін з гасьцей сказаў Яму: "Багаслаўлены той, хто будзе спажываць хлеб (удзельнічыць у банкеце) у Каралеўстве Божым!"
Ён жа сказаў яму: нейкі чалавек зладзіў багатую вячэру і запрасіў многіх.
А Езус сказаў яму: "Адзін чалавек справіў вялікую вячэру (вялікі банкет) і паклікаў многіх гасьцей.
І паслаў раба свайго ў час вячэры сказаць запрошаным: прыходзьце, бо ўжо ўсё гатова.
Ды паслаў свайго слугу ў пару вячэры, каб прыпомніў запрошаным, каб прыходзілі, бо ўжо ўсё прагатавана.
І пачалí дружна, усе як адзін, прасіць прабачэньня. Першы сказаў яму: (я) купіў зямлю і мне трэба пайсьці паглядзець яе; прашу цябе, прабач мне.
І пачалі ўсе супольна адгаварвацца, апраўдвацца. Першы сказаў яму: "Купіў я палетак і мусова мушу пайсьці і абгледзіць яго: прашу цябе выбачай мне (прабач мне).
І другі сказаў: (я) купіў пяць пар валоў, і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
А другі вось што сказаў: "Купіў пяць пар валоў і іду іх праверыць. Прашу цябе, прабач мне (апраўдай мяне).
І іншы сказаў: (я) ажаніўся, і таму ня магу прыйсьці.
Яшчэ іншы сказаў: "Узяў жонку ажаніўся і дзеля таго не магу прыйсьці".
І, вярнуўшыся, раб той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгневаўшыся, гаспадар дому сказаў рабу свайму: выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі места і прывядзі сюды ўбогіх і калекаў, і сьляпых, і кульгавых.
Затым вярнуўшыся слуга разказаў гэта гаспадару свайму. Тады ўзлаваны (разгневаны) гаспадар сказаў свайму слузе: "Ідзі скора на вуліцы і перавулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх і калекі, храмых, і сьляпых.
І сказаў раб: гаспадар! сталася, як ты загадаў, і яшчэ ёсьць мейсца.
Слуга сказаў: "Гаспадару, усё зроблена як загадаў ты, але яшчэ ёсьць месца.
І сказаў гаспадар рабу: выйдзі на дарогі і каля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой.
Дык зноў сказаў гаспадар слузе: "Выйдзі на дарогі і заплоцьці, змушай прыходзіць, каб дом мой быў поўным.
Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных мужчын ня пакаштуе маёй вячэры.
А кажу, што ніводзін з тых людзей запрошаных, не пакаштуе маёй вячэры".
І вялікія грамады ішлі за Ім, і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
А хадзілі за Езусам вялікія грамады. Адвярнуўшыся да іх, сказаў:
Калі хто прыходзіць да Мяне і ня зьнянавідзіць бацьку свайго і матку, і жонку і дзяцей, і братоў і сёстраў, а яшчэ і жыцьцё сваё, ня можа быць Маім вучнем;
Калі хто прыходзіць да Мяне, а ня мае ў ненавісьці бацькі свайго і маці, жонкі, і дзеці, братоў і сясьцёр, а пры тым і жыцьця свайго, — ня можа быць вучнем Маім".
і хто ня нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
І хто не нясе крыжа свайго ды не ідзе за Мной — ня можа быць вучнем Маім.
Бо хто з вас, жадаючы пабудаваць вежу, перш, сеўшы, ня палічыць выдаткі, ці мае (патрэбнае) для завяршэньня,
Бо хто з вас маючы збудаваць башню, вежу, ці ня сядзе перш і не аблічыць патрэбных выдаткаў, ці мае чым яе дакончыць.
Каб калі паложыць ён падмурак і ня здолее дакончыць, усе назіраючыя ня пачалí сьмяяцца зь яго,
Бо інакш гледзячыя пачалі б з яго сьмяяцца, каб залажыў падмурак, а ня змог закончыць,
кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць.
ды, каб не гаварылі: Гэты чалавек пачаў будаваць і ня змог кончыць.
Або які кароль ідучы на вайну супраць другога караля, сеўшы, перш, ня параіцца, ці здолее (ён) з дзесяцьцю тысячамі сустрэць ідучага на яго з дваццацьцю тысячамі?
Або які кароль, маючы ваяваць супроць другога караля, ці не засядзе перш і не абдумае, ці мог бы ён з дзесяцьцю тысячамі, пайсьці супраць тога, які ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі.
Бо калі не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.
Інакш, калі той яшчэ далёка, высылае пасланьнікаў і просіць аб мір (просіць памірыцца).
Гэтак кожны з вас, хто ня адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
Так вось кожны з вас, хто ня вырачыцца ўсяго, што мае, ня можа быць маім вучням.
Соль — добрая (рэч), але калі соль страціць сілу, як вернеш ёй салёнасьць?
Соль добрая, але калі зьвятрэе, чым яе пасаліць, заправіць?
Ні ў зямлю, ні на ўгнаеньне яна ня прыдатная; вон выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай слухае!
Не прыдасца яна ані ў зямлю, ані ў навоз, але вон яе выкінуць. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.