Лукаша 19 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003
І, увайшоўшы, праходзіў праз Ярыхон.
І, прыбыўшы ў Ерыхон, Ісус праходзіў праз горад.
І вось мужчына, называемы імем Закхей, а ён быў начальнікам мытнікаў і багацеям,
І вось чалавек імем Захэй, ён быў начальнікам мытнікаў і чалавекам багатым.
таксама імкнуўся ўбачыць Ісуса, Хто Ён, але ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам;
Ён шукаў пабачыць Ісуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, бо быў малога росту.
і, забегшы наперад, залез на сікамору, каб убачыць Яго, бо Яму належала праходзіць міма яе.
Дык, забегшы наперад, узлез на дрэва сікаморы, каб убачыць Яго, бо там меў Ён праходзіць.
І калі прыйшоў на гэтае мейсца, глянуўшы ўверх, Ісус убачыў яго і сказаў яму: Закхей! Хутчэй злазь, бо сягоньня трэба Мне быць у цябе ў доме.
І, калі Ісус прыйшоў на тое месца, глянуўшы ўверх, сказаў яму: «Захэй, злазь хутчэй, бо сёння належыць мне быць у тваім доме».
І той пасьпешна зьлез і прыняў яго з радасьцю.
Дык ён злез паспешна і прыняў Яго з радасцю.
І ўсе, убачыўшыя, наракалі, кажучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён.
І ўсе, як убачылі гэта, пачалі наракаць, кажучы: «Да грэшніка пайшоў у госці».
Устаўшы ж Закхей сказаў Госпаду: вось, палову маёмасьці маёй, Госпадзе, аддаю я ўбогім, і калі каго чым-небудзь пакрыўдзіў (то) аддам у чатыры разы больш.
Захэй жа, стоячы, сказаў Госпаду: «Госпадзе, вось, палову маёмасці сваёй раздам убогім, а калі каго пакрыўдзіў, узнагароджу ў чатыры разы».
А Ісус сказаў яму: сягоньня настала выратаваньне дому гэтаму, бо і ён — сын Абрагама.
Гаворыць яму Ісус: «Сёння сталася гэтаму дому збаўленне, бо і ён ёсць сын Абрагама.
Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і выратаваць загінуўшае.
Бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшым».
А як яны слухалі гэтае, дадаўшы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка ад Ярузаліму, і яны думалі, што хутка павінна зьявіцца Гаспадарства Бога.
Калі яны гэта слухалі, у дадатак расказаў для параўнання, бо Ён быў блізка да Ерузаліма, і яны думалі, што ўжо хутка аб’явіцца Валадарства Божае.
Дык (Ён) сказаў: нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краіну, каб атрымаць сабе гаспадарства і вярнуцца.
Дык расказваў: «Адзін знатны чалавек выправіўся ў далёкую краіну атрымаць сабе царства і вярнуцца.
І, паклікаўшы, дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пусьціце ў абарачэньне, пакуль ня вярнуся.
Дык, пазваўшы дзесяць сваіх слуг, даў ім дзесяць мін ды гаворыць ім: «Гандлюйце, пакуль не вярнуся».
Але ягоныя грамадзяне нянавідзілі яго і паслалі ўсьлед за ім пасольства, кажучы: ня хочам яго, каб (ён) гаспадарыў над намі.
А грамадзяне яго ненавідзелі яго, і выправілі за ім пасланнікаў, кажучы: «Не хочам, каб ён валадарыў над намі».
І сталася: пры вяртаньні сваім, атрымаўшы гаспадарства, сказаў ён паклікаць да сябе тых рабоў, якім (ён) даў срэбра, каб даведацца, хто што прыдбаў.
І сталася, калі ён вярнуўся, атрымаўшы царства, то загадаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў грошы, каб даведацца, колькі з іх кожны набыў.
І прыйшоў першы, кажучы: гаспадар! Міна твая прынесла прыбытак у дзесяць мінаў.
І прыйшоў першы, кажучы: «Гаспадару, міна твая здабыла дзесяць мін».
І (ён) сказаў яму: добра, добры раб! за тое, што (ты) у найменшым быў верны, будзь уладаром над дзесяцьцю местамі,
І гаворыць яму: «Добра, слуга добры; за тое, што ў малым быў ты верны, май уладу над дзесяццю гарадамі».
і прыйшоў другі, кажучы: гаспадар! міна твая прынесла пяць мінаў.
Затым прыйшоў другі, кажучы: «Гаспадару, міна твая стварыла пяць мін».
Сказаў жа і гэтаму: і ты будзь (уладаром) над пяцьцю местамі.
І гаворыць яму: «І ты будзь над пяццю гарадамі».
І (яшчэ) адзін прыйшоў, кажучы: вось міна твая, якую (я) трымаў, схаваўшы ў хустцы,
І трэці прыйшоў, кажучы: «Гаспадару, вось твая міна, якую я захоўваў, закруціўшы ў хустку,
таму, што баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў.
бо баяўся цябе, што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не паклаў, ды жнеш, чаго не пасеяў».
(Гаспадар) жа кажа яму: вуснамі тваімі буду судзіць цябе, нягодны раб! Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў.
Кажа яму: «Па словах тваіх суджу цябе, нягодны слуга! Ведаў ты, што я чалавек жорсткі, бо бяру, чаго не паклаў, ды жну, чаго не пасеяў.
Дык чаму (ты) ня аддаў срэбра майго мянялу, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?
Чаму ж ты грошай маіх не аддаў мяняльшчыкам, каб, прыйшоўшы, я запатрабаваў іх з прыбыткам?»
І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну і аддайце таму, у каго дзесяць мінаў.
І сказаў прысутным: «Забярыце ад яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мін».
І сказалі яму: гаспадар! ён (жа) мае дзесяць мінаў!
І сказалі яму: «Гаспадару, ён жа мае дзесяць мін!»
Дык кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе аднята і тое, што мае.
Дык кажу вам: кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а хто не мае, і тое, што мае, будзе ад яго аднята.
А ворагаў маіх, тых, што ня захацелі мяне, каб (я) гаспадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце перада мною.
А тых ворагаў маіх, што мяне не хацелі, каб над імі валадарыў, прывядзіце сюды ды забіце перада мною».
І, сказаўшы гэта, ішоў далей, узыходзячы да Ярузаліму.
І, гэта сказаўшы, пакрочыў Ён далей, падыходзячы да Ерузаліма.
І сталася, калі наблізіўся да Бітхвагі і Бітані, да гары, што называецца (гарой) Аліваў, паслаў двух вучняў Сваіх,
І сталася, калі набліжаўся Ён да Бэтфагэ і Бэтаніі, да гары, якая завецца Аліўнай, Ён паслаў двух вучняў,
сказаўшы: пайдзіце ў сяло, што насупраць, у каторым, уваходзячы, знойдзеце прывязанае асьляня, на якое ніхто ніколі із людзей ня садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзіце.
кажучы: «Ідзіце ў вёску, што насупраць, і, увайшоўшы ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якім яшчэ ніхто з людзей не сядзеў; адвяжыце яго і прывядзіце.
І, калі хто спытаецца ў вас: нашто адвязваеце? Скажыце яму так: яно патрэбна Госпаду.
І калі ў вас хто спытаецца: «Чаму адвязваеце?», скажаце так: «Госпад яго патрабуе».
Пайшоўшы ж, пасланыя знайшлі, як (Ён) сказаў ім.
Дык пайшлі тады пасланыя ды знайшлі, як сказаў ім Ён.
Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: нашто адвязваеце асьляня?
Калі яны адвязвалі, гаспадары яго сказалі ім: «Чаму адвязваеце асляня?»
Яны ж сказалі: яно патрэбна Госпаду.
Яны сказалі: «Госпад яго патрабуе».
І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы на асьляня свае вопраткі, пасадзілі на (яго) Ісуса.
І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы на асляня адзенне сваё, пасадзілі на яго Ісуса.
І калі Ён ехаў, падсьцілалі вопраткі свае на дарозе.
А калі ехаў Ён, пасцілалі адзенне сваё на дарозе.
А калі Ён ужо пад’яжджаў да спуску з гары Аліваў, усё мноства (Ягоных) вучняў пачало, радуючыся, моцным голасом славіць Бога за ўсе цуды, якія (яны) убачылі,
І, калі набліжаліся да спуску гары Аліўнай, пачалі ўсе натоўпы вучняў радасна хваліць Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі,
кажучы: Багаслаўлены Гаспадар, што ідзе ў імя Госпада! Мір на Небе, і слава ў вышэйшых нябёсах!
кажучы: «Блаславёны Валадар, Які прыходзіць у імя Госпада! Супакой на небе і хвала на вышынях!»
Тады нікаторыя хварысэі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Тваім!
Пасярод натоўпу некаторыя з фарызеяў казалі Яму: «Вучыцель, насварыся на вучняў Тваіх».
І, адказаўшы, сказаў ім: кажу вам, што калі яны замоўкнуць, дык каменьні закрычаць.
І, адказваючы, Ён сказаў: «Кажу вам: калі яны замоўкнуць, камяні крычаць будуць».
І калі наблізіўся, то ўбачыўшы места, заплакаў па ім,
І, калі Ісус наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў аб ім,
кажучы: о, каб ты (Ярузалім) зразумеў хоць у гэты твой дзень, што для міру твайго! Цяпер жа (гэта) укрыта ад вачэй тваіх,
кажучы: «Калі б спазнаў і ты ў гэты дзень, што дзеля супакою твайго! Але цяпер закрыта гэта ад вачэй тваіх.
бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае акружаць цябе валам і сьціснуць цябе адусюль,
Бо прыйдуць на цябе дні, і акружаць цябе ворагі твае валам, і аблягуць цябе ды сціснуць цябе зусюль,
і зьнішчаць цябе і дзяцей тваіх у табе і ня пакінуць у табе каменя на камені за тое, што ня распазнаў (ты) часу наведаньня цябе.
і паваляць цябе на зямлю і сыноў тваіх, якія ў табе, ды не пакінуць у табе каменя на камені, бо ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх».
І, увайшоўшы ў Сьвятыню, пачаў выганяць тых, хто прадаваў у ёй і купляў,
І, увайшоўшы ў святыню, пачаў выганяць тых, што прадавалі,
кажучы ім: напісана: Дом Мой ёсьць Дом малітвы, а вы яго зрабілі лагвом разбойнікаў (Гісая 56:7; Яр. 7:4).
кажучы ім: «Напісана: «і будзе дом Мой домам малітвы». А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І вучыў (Ён) у Сьвятыні кожны дзень; архірэі ж і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, і старэйшыны народу;
Ды штодзень навучаў у святыні. А першасвятары, і кніжнікі, і начальнікі народа шукалі, як бы Яго забіць,
і ня знаходзілі, што зрабіць (зь Ім), бо ўвесь народ абступаў Яго, слухаючы.
але не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ быў у захапленні, слухаючы Яго.