Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І сталася ў адзін з тых дзён, калі Ён вучыў народ у Сьвятыні і абвяшчаў Эвангельле, падступіліся архірэі ды кніжнікі са старэйшынамі,
 
І сталася ў адін з дзён, калі Ён навучаў народ у святыні ды нёс добрую вестку, сабраліся першасвятары і кніжнікі разам са старшынямі

і сказалі Яму, кажучы: скажы нам, якою ўладаю (Ты) гэта робіш, і хто даў Табе гэтую ўладу?
 
і гавораць, кажучы Яму: «Скажы нам: якой уладай  Ты гэта робіш, або Хто Табе даў такую ўладу?»

І, адказаўшы, Ён сказаў ім: запытаюся і Я ў вас адно слова, і скажыце Мне:
 
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «І Я ў вас спытаюся адно слова. Адкажыце мне:

хрышчэньне Яанавае было зь Неба, ці ад людзей?
 
Хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?»

Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: калі скажам: «зь Неба», (то) скажа: «чаму тады (вы) ня паверылі яму?»
 
А яны разважалі, кажучы між сабой: «Калі скажам: з неба, скажа нам: «Дык чаму ж вы тады не паверылі?»

калі ж скажам: «ад людзей», (то) увесь народ паб’е нас каменьнем, бо ён перакананы, што Яан ёсьць прарок.
 
А калі скажам: ад людзей, увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян — гэта прарок».

І адказалі: «ня ведаем адкуль».
 
І адказалі, што не ведаюць адкуль.

Тады Ісус сказаў ім: і Я ня скажу вам, якою ўладаю гэтае раблю.
 
І Ісус гаворыць ім: «Я таксама не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю».

І пачаў (Ён) гаварыць да народу прыповесьць гэтую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду вінаградарам, і адлучыўся ў чужы край на доўгі час;
 
Затым пачаў распавядаць Ісус людзям для параўнання: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і наняў у яго вінаградараў, а сам аддаліўся на доўгі час.

і ў пару́ паслаў да вінаградараў раба, каб далі яму пладоў зь вінаградніку. Але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым.
 
І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб аддалі яму частку пладоў вінаградніку; але вінаградары, збіўшы яго, адпусцілі ні з чым.

І (ён) ізноў паслаў другога раба; але яны і таго, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым.
 
Дык зноў паслаў другога слугу; але і яго, збіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым.

І (ён) ізноў паслаў трэйцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі.
 
Нарэшце паслаў трэцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі.

Тады сказаў Гаспадар вінаградніку: што (мне) рабіць? пашлю Сына Майго ўлюбленага; можа, убачыўшы Яго, паўстыдаюцца.
 
Дык сказаў гаспадар вінаградніку: «Што рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага; можа, яго ўбачыўшы, ушануюць».

Але вінаградары, убачыўшы Яго, разважалі між сабою, кажучы: гэты ёсьць Спадкаемца; давайце, пайшоўшы, заб’ем Яго, каб спадчына стала нашай.
 
Але калі яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: «Ён спадкаемца. Заб’ём яго, каб нашай стала спадчына!»

І, выгнаўшы Яго вон зь вінаградніку, забілі. Што тады зробіць ім Гаспадар вінаградніку?
 
І, выгнаўшы яго з вінаградніку, забілі. Дык што ж тады зробіць ім гаспадар вінаградніку?

Прыйдзе і зьнішчыць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік іншым. Чуўшыя ж сказалі: хай ня станецца!
 
Прыйдзе і заб’е гэтых вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым». Тыя, што чулі гэта, сказалі: «О, каб гэтак не было!»

Ён жа, паглядзеўшы на іх, сказаў: дык што ж значыць гэтае напісаньне?: «Ка́мень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла».
 
Ён жа, гледзячы на іх, гаворыць ім: «Што значыць тады тое, што напісана: «Камень, што адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла»?

Кожны, хто ўпадзе на гэты Ка́мень, разаб’ецца; а на каго (Ён) упадзе, таго раздушыць.
 
Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе,  таго сатрэ».

І шукалі ў гэты час архірэі і кніжнікі накласьці на Яго ру́кі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што гэтую прыповесьць (Ён) сказаў пра іх.
 
І шукалі кніжнікі і першасвятары, як накласці на Яго рукі ў тую гадзіну, але баяліся народа; бо зразумелі, што гэтую прыпавесць гаварыў пра іх.

І, пасачыўшы (за Ім), падаслалі выведнікаў, якія прынімаючы выгляд праведных, падлавілі б Яго на (якім-небудзь) слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесьніка.
 
І, каб сачыць за Ім, падаслалі яны шпіёнаў, якія выдавалі сябе за справядлівых, каб падлавіць Яго на словах і такім чынам выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.

І (тыя) спыталіся (ў) Яго, кажучы: Настаўнік! (мы) ведаем, што (Ты) правільна гаворыш і навучаеш і ня глядзіш на аблічча, але па праўдзе шляху Божаму вучыш.
 
І спыталіся Яго, кажучы: «Настаўнік, ведаем, што справядліва кажаш і вучыш, і не аглядаешся на асобы людзей, але шляху Божаму праўдзіва навучаеш.

Ці дазволена нам даваць падатак кесару, ці не?
 
Ці належыцца нам плаціць падатак цэзару, ці не?»

Але (Ён), зразумеўшы іхную хітрасьць, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
 
Ісус, пранікаючы іх подступ, сказаў ім:

Пакажыце Мне дынарыя: чый (ён) мае абраз і надпіс? І, адказаўшы, (яны) сказалі: кесара.
 
«Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява і чый надпіс?»

Ён жа сказаў ім: дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу.
 
Сказалі Яму: «Цэзара». І гаворыць ім: «Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».

І ня змаглі яны падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся Ягонаму адказу, замоўклі.
 
І не маглі падлавіць Яго на слове ў прысутнасці людзей, і, здзівіўшыся адказу Яго, змоўклі.

Тады падыйшлі да Яго нікаторыя з саддукеяў, якія пярэчаць, што няма ўваскрасеньня, (і) спыталіся (ў) Яго,
 
Падышлі таксама некаторыя з садуцэяў, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго,

кажучы: Настаўнік! Масей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і ён памрэ бязьдзетным, каб брат ягоны ўзяў гэтую жанчыну і аднавіў семя брату свайму.
 
кажучы: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі б чый брат, маючы жонку, памёр і быў бы ён без сыноў, хай брат яго возьме жонку яго і хай адродзіць нашчадка брату свайму.

Было ж сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетным.
 
Дык было сем братоў: і першы ўзяў жонку і памёр без сыноў;

І ўзяў другі тую жанчыну, і гэты памёр бязьдзетным.
 
і наступны,

І трэйці ўзяў яе. Гэтак жа сама і (ўсе) сямёра ня аставілі дзяцей і памерлі.
 
і трэці ўзяў яе; і падобным чынам ўсе сямёра памерлі, не пакінуўшы сыноў.

Пасьля ж усіх памерла і жанчына.
 
Па ўсіх памерла і жанчына.

Дык пры ўваскрасеньні каторага зь іх будзе (яна) жонкаю? Бо сямёра мелі яе жонкаю.
 
Дык пры ўваскрэсенні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо сямёра мелі яе за жонку?»

І, адказаўшы, сказаў ім Ісус: сыны веку гэтага жэняцца і (дочкі) выходзяць замуж;
 
І гаворыць ім Ісус: «Сыны гэтага веку жэняцца і замуж выходзяць;

але спадобленыя дасягнуць таго веку і ўваскрасеньня зь мёртвых ня жэняцца і замуж ня выходзяць;
 
тыя ж, што прызнаныя дастойнымі ўваскрэсення з мёртвых, замуж не выходзяць ды не жэняцца.

і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны Бога, раз (яны) ёсьць сынамі ўваскрасеньня.
 
Яны ўжо памерці не могуць: бо яны роўныя анёлам і ёсць сыны Божыя, калі стануць сынамі ўваскрэсення.

А што памершыя ўваскрашаюцца, і Масей паказаў ля цярнёвага куста, калі называе Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісагака, і Богам Якуба.
 
А што мёртвыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста ажыны, калі кажа: «Госпад Бог Абрагама і Бог Ізаака і Бог Якуба».

Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых. Бо ўсе Ім жывуць.
 
Бог не ёсць Бог мёртвых, але жывых: бо для Яго ўсе жывуць».

Адказаўшы ж, нікаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Добра (Ты) сказаў.
 
А некаторыя з кніжнікаў, адказваючы, казалі: «Настаўнік, добра Ты сказаў».

І ўжо (больш) ня адважваліся пытацца Яго ні пра што.
 
І ўжо больш не адважыліся Яго пра што-колечы пытацца.

І сказаў ім: як кажуць, (што) Хрыстос ёсьць Сын Давідаў?
 
Затым Ён сказаў ім: «Як жа кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда,

Сам жа Давід кажа ў кнізе Псальмаў: сказаў Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне,
 
калі сам Давід у кнізе псалмаў кажа: «Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне,

пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх.
 
аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае».

Пагэтаму Давід называе Яго Госпадам, дык як (жа) Ён Сын ягоны?
 
Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады Ён — Сын яго?»

І калі слухаў увесь народ, (Ён) сказаў вучням Сваім:
 
А калі Яго ўвесь народ слухаў, сказаў вучням Сваім:

Сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх вопратках і любяць прывітаньні на народных сходах і першыя мейсцы ў сынагогах і ўзьляжаньні сьпераду на вячэрах,
 
«Высцерагайцеся кніжнікаў, што жадаюць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку, і першыя лаўкі ў сінагозе, і першыя месцы на банкетах,

што паядаюць хаты ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць больш цяжкі прысуд.
 
якія аб’ядаюць дамы ўдоў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшае пакаранне».