Лукаша 23 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І, падняўшыся, усё мноства іх прывяло Яго да Пілата.
 
І, калі ўзнялася ўсё мноства іх, павялі Яго да Пілата.

І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: (мы) знайшлі, што Ён зводзіць народ і забараняе плаціць падаткі кесару, называючы Сябе Хрыстом Каралём.
 
І пачалі Яго вінаваціць, кажучы: «Мы выявілі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Царом».

Пілат жа запытаў Яго, кажучы: Ты ёсьць Кароль жыдоў? Ён жа, адказаўшы яму, сказаў: ты кажаш.
 
Дык спытаўся ў Яго Пілат, кажучы: «Ты — Цар Юдэйскі?» А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Ты кажаш».

І Пілат сказаў архірэям і народу: (я) ня знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
 
І гаворыць Пілат першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку».

Але яны настойвалі, кажучы: (Ён) бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж да гэтага мейсца.
 
Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль».

Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хíба Гэты Чалавек галілеяц?
 
А Пілат, чуючы гэта, спытаўся, ці гэты чалавек Галілеец,

І, даведаўшыся, што (Ён) з вобласьці падуладнай Гіраду, паслаў Яго да Гірада, які таксама ў гэтыя дні быў у Ярузаліме.
 
і, калі даведаўся, што Ён з-пад улады Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які сам быў тымі днямі ў Ерузаліме.

Гірад жа, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо на працягу доўгага часу (ён) хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго, і спадзяваўся ўбачыць цераз Яго які-небудзь знак.
 
Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся: бо ад даўняга часу прагнуў убачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць, што Ім будзе зроблены які-небудзь знак.

І задаваў Яму шмат пытаньняў; але Ён нічога ня адказаў яму.
 
І задаваў Яму многа пытанняў, але Ён яму нічога не адказаў.

Стаялі ж архірэі і кніжнікі, зацята абвінавачваючы Яго.
 
А першасвятары і кніжнікі ўвесь час стаялі там, вінавацячы Яго.

Гірад жа з жаўнерамі сваімі, зьняважыўшы і наглуміўшыся над Ім, накінуўшы на Яго сьветлую вопратку, адаслаў Яго да Пілата.
 
Тады Ірад выказаў Яму пагарду разам з войскам сваім і пасмяяўся, апрануўшы Яго ў белыя шаты, і адправіў да Пілата.

І сталіся ў той дзень Пілат і Гірад паміж сабою прыяцелямі, бо раней (яны) былі між сабою ў варожасьці.
 
І сталіся ў той дзень Ірад і Пілат сябрамі, бо перад тым варагавалі між сабой.

Пілат жа, склікаўшы архірэяў і начальнікаў і народ,
 
А Пілат, пазваўшы першасвятароў, начальнікаў і народ,

сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібыта зводзіць народ; але я, вось, перад вамі расьсьледаваўшы, ня знайшоў у Гэтым Чалавеку ніякай віны, у якой (вы) абвінавачваеце Яго;
 
сказаў ім: «Вы выдалі мне гэтага чалавека, быццам ён бунтуе народ, і вось, я, распытваючы ў вашай прысутнасці, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны ў тым, у чым вы вінаваціце Яго;

а таксама Гірад. Бо я паслаў вас да яго, і вось, нічога вартага сьмерці Ім ня зроблена.
 
таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да нас. І вось, не даведзена Яму нічога, вартага смерці.

Пагэтаму, зьбічаваўшы Яго, звольню.
 
Таму, пакараўшы, я адпушчу Яго». (17)

Бо яму трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго (вязьня).
 
Дык увесь натоўп закрычаў: «Забі Яго, а адпусці нам Барабу»,

Але ўвесь натоўп моцна закрычаў, кажучы: забі Яго! А нам звольні Бараўву.
 
а той быў кінуты ў вязніцу за паўстанне ў горадзе і забойства.

А той быў кінены ў вязьніцу за нейкі бунт, учынены ў месту, і забойства.
 
Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы адпусціць Ісуса,

Ізноў Пілат, жадаючы вызваліць Ісуса, узвысіў голас.
 
але яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»

Але яны крычалі, кажучы: укрыжуй! укрыжуй Яго!
 
Ён трэці раз сказаў ім: «Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога, вартага смерці; дык пакараю Яго і адпушчу».

І трэйці раз сказаў ён ім: якое ж зло зрабіў Ён? Ніякай віны сьмяротнай (я) ня знайшоў у Ім; дык зьбічаваўшы Яго, звольню.
 
Ды яны настойвалі, патрабуючы з крыкам, каб быў укрыжаваны, і ўзрастаў гармідар іх.

Яны ж доўжылі моцна крычаць, патрабуючы Яго ўкрыжаваць. І перамаглі крыкі іхныя і архірэяў.
 
Тады Пілат прысудзіў выканаць іх  просьбу:

І Пілат прысудзіў зрабіць па патрабаваньню іхнаму.
 
адпусціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў кінуты ў вязніцу, якога  дамагаліся, а Ісуса выдаў на іх волю.

І звольніў ім пасаджанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каторага яны прасілі. А Ісуса выдаў на іхную волю.
 
І, калі вялі Яго, спынілі нейкага Сімона з Цырэны, які ішоў з вёскі, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс яго за Ісусам.

І калі павялі Яго, дык захапіўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж несьці ззаду за Ісусам.
 
Ішоў за Ім вялікі натоўп людзей і жанчыны, якія плакалі і галасілі.

І ўсьлед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыдалі і галасілі па Ім.
 
Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі Ерузалімскія, не плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе саміх плачце ды дзеля сыноў вашых,

Павярнуўшыся ж да іх, Ісус сказаў: дочкі Ярузаліму! ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых.
 
бо вось надыходзяць дні, калі будуць казаць: «Шчасныя няплодныя і ўлонні, што не нарадзілі, ды грудзі, якія не кармілі малаком».

Бо вось надыходзяць дні, у якія скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, якія ня нарадзілі, і пелькі, якія ня кармілі!
 
Тады стануць казаць гарам: «Валіцеся на нас», і ўзгоркам: «Схавайце нас»,

Тады пачнуць гаварыць го́рам: упадзіце на нас, і ўзгоркам: пакрыйце нас!
 
бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?»

Бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што станецца?
 
Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў, каб забіць іх.

Вялі ж разам зь Ім і двух другіх, злачынцаў, каб пакараць сьмерцю.
 
І, калі прыйшлі на месца, якое называецца Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч ад Яго.

І калі прыйшлі на мейсца, якое завецца «Чарэпнішча», там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага (боку), а другога зь левага.
 
Ісус жа казаў: «Ойча, даруй  ім, бо не ведаюць, што робяць». І сапраўды, дзелячы адзенне Яго, кідалі жэрабя.

Ісус жа казаў: Тата Мой! Даруй ім, бо (яны) ня ведаюць, што робяць. І тыя, што дзялілі вопраткі Ягоныя, кінулі жэрабя.
 
І народ стаяў, прыглядаючыся. Кпілі з Яго і начальнікі, кажучы: «Іншых ратаваў, хай і Сябе выратуе, калі Ён — Хрыстос, выбраннік Божы».

І стаяў народ, назіраючы. Насьміхаліся ж (зь Яго) разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых выратоўваў, няхай (жа) Сябе Самога выратуе, калі Ён Хрыстос, Божы абранец.
 
Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго, падыходзячы і падаючы Яму воцат,

Таксама і жаўнеры глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат,
 
і кажучы: «Калі Ты — Цар Юдэйскі, уратуй Сябе!»

і кажучы: калі Ты Кароль жыдоў, выратуй Самога Сябе.
 
І быў над Ім надпіс: «Гэта Цар Юдэйскі».

Быў жа і надпіс над Ім напісаны літарамі грэцкімі, і рымскімі, і жыдоўскімі: Гэты ёсьць Кароль жыдоў.
 
А адзін з разбойнікаў, што былі ўкрыжаваныя, блюзніў супраць Яго, кажучы: «Няўжо Ты — Хрыстос? Уратуй Самога Сябе і нас!»

І адзін з павешаных ліхадзеяў зьняважаў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, выратуй Сябе і нас.
 
А другі, адказваючы, сварыўся на яго, кажучы: «Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару.

Другі ж у адказ пярэчыў яму, кажучы: ці ня баішся ты Бога, бо сам засуджаны на тое ж?
 
І мы ж справядліва, бо атрымліваем вартае ўчыненага! А Ён нічога благога не зрабіў».

І мы (засуджаны) справядліва, бо (мы) атрымліваем вартае нашых учынкаў. А Ён нічога благога ня зрабіў.
 
І казаў: «Ісусе, Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Валадарства».

І казаў Ісусу: успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!
 
І сказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».

І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сягоньня разам са Мною будзеш у раю.
 
І было блізу шостай гадзіны, і цемра сталася па ўсёй зямлі аж да дзевятай гадзіны,

Было ж каля шостай гадзіны, і цемра сталася па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
 
і сонца знікла, і заслона святыні разадралася пасярэдзіне.

І сонца было пакрыта цемрай, і завеса ў Сьвятыні была разарвана напалам.
 
І, усклікаючы моцным голасам, Ісус гаворыць: «Ойча, у рукі Твае перадаю Дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.

І, загаласіўшы моцным голасам, Ісус сказаў: Тата Мой! у Рукі Твае аддаю Дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў Дух.
 
Сотнік, бачачы, што сталася, уславіў Бога, кажучы: «Гэты чалавек быў сапраўды Справядлівы».

А сотнік, убачыўшы, што адбылося, праславіў Бога, кажучы: сапраўды Чалавек Гэты быў праведны.
 
І ўвесь натоўп тых, што сабраліся на гэтае відовішча, і бачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.

І ўвесь народ, што сабраўся на гэтае відовішча, бачучы, што адбылося, вяртаўся, б’ючы сябе ў грудзі.
 
А здалёк стаялі ўсе знаёмыя Яго і жанчыны, што ішлі следам за Ім ад Галілеі, гледзячы на гэтае.

Усе знаёмыя Ягоныя і жанчыны, якія прыйшлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль, гледзячы на гэтае.
 
І вось, чалавек, імем Язэп, які быў членам рады, чалавек добры і справядлівы, —

І вось мужчына на імя Язэп, прыналежнік сынедрыёна, мужчына добры і праведны,
 
ён не згаджаўся з радай і іх учынкамі, — з Арыматэі, горада Юдэйскага, які чакаў Валадарства Божага,

ён ня згадзіўся з сынедрыёнам і з учынкам іхным, — із Арыматэі, места юдэйскага, і ён таксама чакаў Валадарства Бога.
 
ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса,

Ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага;
 
і, зняўшы, загарнуў у плашчаніцу і паклаў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто не быў пакладзены.

і, зьняўшы Яго, абвіў Яго ў ільняное палатно і паклаў Яго ў магілу, высечаную ў скале, дзе яшчэ ніхто ня ляжаў.
 
І быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіла субота.

А дзень (той) быў параскева, і надыходзіла субота.
 
Падышлі таксама жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і ўбачылі магілу і як пакладзена было цела Яго,

А жанчыны, якія прыйшлі зь Ім з Галілеі, пайшлі і агледзілі і магілу, і як было пакладзена Цела Ягонае.
 
і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказання.

Вярнуўшыся ж яны прыгатавалі духмянасьці і масьці. І ў суботу засталіся ў спакоі паводля прыказаньня.