Лукаша 11 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003
І сталася: як Ён у адным мейсцы маліўся і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Яан навучыў вучняў сваіх.
І сталася, калі быў Ён у нейкім месцы, молячыся, як скончыў, сказаў Яму адзін з вучняў Яго: «Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў».
(Ён) жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце: Тата наш, Каторы (ёсьць) на Нябёсах! Няхай сьвяціцца Імя Тваё; няхай прыйдзе Валадарства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у Небе, (так) і на зямлі;
А Ён гаворыць ім: «Калі моліцеся, кажыце: Ойча, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё.
хлеб наш штодзённы давай нам кожны дзень;
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння.
і даруй нам грахі нашыя, бо і мы даруем кожнаму даўжніку нашаму, і ня ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
І адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем кожнаму нам вінаватаму, і не ўводзь нас у спакусу».
І сказаў ім: хтосьці з вас, маючы сябру, і прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: сябра, пазыч мне тры хлябы,
Затым гаворыць ім: «Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго апоўначы, і скажа яму: «Прыяцелю, пазыч мне тры хлябы,
бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ня маю, чаго даць яму;
бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і не маю чым яго прыняць»;
а ён знутры, адказваючы, скажа: ня турбуй мяне; дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае пры мне ў пасьцелі; ня магу ўстаць (і) даць табе.
а той знутры адкажа, кажучы: «Не дакучай мне; дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае са мной у ложку, не магу ўстаць і даць табе».
Кажу вам, калі і ня дасьць яму, устаўшы, дзеля ягонага сяброўства, (то) дзеля няадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі патрабуе.
Кажу вам: нават калі не падымецца і не дасць яму дзеля таго, што з’яўляецца яго прыяцелем, дык дзеля яго дакучлівасці ўстане і дасць, колькі яму трэба.
І Я кажу вам: прасіце і дадзена вам будзе; шукайце і знойдзеце; стукайцеся і адчыняць вам;
Дык і Я вам кажу: прасіце — і будзе вам дадзена; шукайце — і знойдзеце; стукайце — і будзе вам адчынена.
бо кожны, хто просіць — атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукаецца, таму адчыняць.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і таму, хто стукае, будзе адчынена.
Які ж із вас бацька, (калі) сын папросіць хлеба, падасьць яму ка́мень? альбо (папросіць) рыбы, дасьць яму зьмяю замест рыбы?
І калі ў кагосьці з вас, як у бацькі, сын папросіць рыбу, ці ж замест рыбы дасць яму змяю?
Або калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна?
Або калі папросіць яйка, ці ж дасць яму скарпіёна?
Дык вось, калі вы, благія, умееце добрыя даяньні даваць дзецям вашым, тым болей Бацька Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго.
Таму, калі вы, хоць і благія, умееце даваць дзецям вашым добрыя дары, дык наколькі ж больш Айцец з неба дасць Духа Святога тым, хто просіць Яго».
І было́: выганяе (Ён) дэмана, а ён быў нямы; і сталася: дэман выйшаў, нямы загаварыў, і людзі зьдзіваваліся.
І раз выгнаў Ён дэмана, і быў ён нямы; і сталася, калі дэман выйшаў, нямы пачаў гаварыць. І дзівіліся людзі.
Нікаторыя ж зь іх сказалі: (Ён) выганяе дэманаў з (дапамогай) Бэльзебула, князя дэманаў.
А некаторыя з іх казалі: «Моцаю Бэльзебула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў».
А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго знаку зь неба.
А іншыя, выпрабоўваючы Яго, патрабавалі ад Яго знаку з неба.
Але Ён, пазнаўшы думкі іхныя, сказаў ім: усякае каралеўства, якое раздзялілася само ў сабе, апусташаецца, і дом, які сам у сабе (разьдзяліўся), разбураецца.
Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Кожнае царства, падзеленае ў самім сабе, не выстаіць, і дом на дом упадзе.
Калі ж і шатан сам у сабе разьдзелены, як устаіць валадарства ягонае? Бо (вы) кажаце, што Я выганяю дэманаў з (дапамогай) Бэльзебула.
А калі і шатан падзелены ў самім сабе, дык як утрымаецца царства яго? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў.
Калі ж Я з (дапамогай) Бэльзебула выганяю дэманаў, то сыны вашыя з чыей (дапамогай) выганяюць (дэманаў)? Пагэтаму яны будуць вам судзьдзямі.
А калі Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Таму яны будуць суддзямі вашымі.
Калі ж (Я) Пальцам Бога выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Валадарства Бога.
Але калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Валадарства Божае.
Калі ду́жы, будучы ўзброеным, вартуе свой дом, (тады) у бясьпечнасьці маёмасьць ягоная;
Калі ўзброены асілак ахоўвае дом свой, дык у бяспецы тое, што ён мае.
калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, (то) забярэ ўсю зброю ягоную, на якую (ён) спадзяваўся, і адабраную ў яго (маёмасьць) падзеліць.
А калі дужэйшы ад яго прыйдзе і пераможа яго, дык забярэ ўсю яго зброю, на якую спадзяваўся, і здабычу яго падзеліць.
Хто ня са Мною, той супраць Мяне, і хто ня зьбірае са Мною, (той) раскідае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідае.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, (то) блукае па бязводных мясцох, шукаючы супакою, і, ня знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў;
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, бадзяецца па бязводных мясцінах, шукаючы спачынку, і, не знаходзячы яго, кажа: «Вярнуся ў дом свой, адкуль выйшаў».
і, прыйшоўшы, знаходзіць (яго) падмеценым і прыбраным;
І, калі прыходзіць, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
тады ідзе і бярэ (з сабою) сем другіх духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае апошняе чалавека таго горшым за першае.
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, яны пасяляюцца там, і пазнейшае ў таго чалавека горш за ранейшае».
І сталася, калі Ён гэтае гаварыў, адна жанчына з натоўпу (узвысіўшы) голас, сказала Яму: шчасьлівае нутро, якое насіла Цябе і грудзі, якія ты ссаў.
І сталася, калі гэтак навучаў, адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму: «Шчаснае ўлонне, якое вынасіла Цябе, ды грудзі, якія выкармілі Цябе».
Але Ён сказаў: тым больш шчасьлівыя тыя, што слухаюць Слова Бога і выконваюць Яго.
А Ён сказаў: «Тым болей шчасныя тыя, што слухаюць слова Божае ды захоўваюць».
Людзям жа, зьбіраючымся ў грамаду, (Ён) пачаў гаварыць: род гэты нягодны, ён шукае знаку, і знак ня будзе яму дадзены, акрамя знаку Ёны прарока.
А калі сабраліся людзі, пачаў казаць: «Род гэты ёсць род нягодны; шукае знаку, і знак не будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока.
Бо як Ёна быў знакам для нінявійцаў, так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага.
Бо як Ёна быў знакам для Нініўцаў, так Сын Чалавечы будзе знакам для роду гэтага.
Караліца поўдня паднята будзе на суд з мужчынамі роду гэтага і засудзіць іх, бо (яна) прыйшла ад краю зямлі выслухаць мудрасьць Салямонавую, і вось тут Большы за Салямона.
Царыца з поўдня пад час суда ўваскрэсне разам з людзьмі гэтага пакалення ды асудзіць іх, бо яна прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасці Саламона, а вось, тут большы за Саламона.
Мужчыны нінявійскія паўстануць на суд з родам гэтым і засудзяць яго, бо (яны) пакаяліся цераз казань Ёны, і вось тут Большы за Ёну;
Мужы з Нінівы стануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны на прызыў Ёны навярнуліся, а вось, тут большы за Ёну.
і ніхто, запаліўшы сьветач, ня ставіць яго ў патайным мейсцы, ні пад пасудзіну, а на падстаўку пад сьветач, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло.
Ніхто не запальвае свечкі і не ставіць у сховішча або пад пасудзіну, але на падсвечніку, каб бачылі святло яе ўсе тыя, што ўваходзяць.
Сьветач целу ёсьць вока, дык калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё сьветлае; а калі ліхое, то і цела тваё цёмнае;
Светач цела — вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе светлае; а калі вока тваё будзе нягодным, дык і ўсё цела тваё цёмным будзе.
дык глядзі: ці ня ёсьць сьвятло, якое ў табе — цемра?
Дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не сталася цемрай.
Пагэтаму, калі ўсё цела тваё сьветлае, ня маючы якой-небудзь часткі цёмнай, (то) будзе сьветлым усё так, як бы сьветач зьзяньнем асьвятляе цябе.
Калі ж усё цела тваё светлым будзе, не маючы ані часткі зацемненай, дык усё будзе светлым, быццам свяцільнік у ззянні сваім асвятляе цябе».
Калі ж (Ён гэтае) сказаў, прасіў Яго адзін хварысэй, каб (Яму) у яго паабедаць; і, увайшоўшы, (Ён) узьлёг.
І, калі Ён гаварыў, адзін фарызей запрасіў, каб Ён паабедаў у яго; і, увайшоўшы, Ён узлёг.
Хварысэй жа, убачыўшы, зьдзівіўся, што Ён ня зрабіў перад абедам перш абмываньне рук.
Але фарызей здзівіўся, бачачы, што Ісус не памыў рукі перад абедам.
Але Госпад сказаў яму: цяпер вы, хварысэі, ачышчаеце вонкавасьць чары і місы, а нутро вашае поўнае рабаўніцтва і злосьці.
І гаворыць Госпад яму: «Цяпер вы, фарызеі, абмываеце тое, што звонку чары і місы, але тое, што ўнутры вас, — поўнае сквапнасці і беззаконня.
Няразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае?
Неразумныя! Ці ж Той, Хто стварыў знешняе, не стварыў таксама нутра?
Больш таго (кажу вам), з нутра вашага давайце міласьціну, і тады ўсё вам чыстае будзе.
Лепш давайце людзям міласціну з таго, што ўнутры, і вось, усё будзе вам чыстым.
Але гора вам хварысэям, што даецё дзясятую частку зь мяты і руты і ўсялякай агародніны, ды ня дбаеце пра Суд і Любоў Бога; гэтае трэба было рабіць, і таго ня пакідаць.
Але гора вам, фарызеі, што бярэце дзесяціну з мяты, і руты, і з усякай гародніны, а не звяртаеце ўвагі на справядлівасць і любоў Бога. Трэба і гэта выканаць, і таго не забываць.
Гора вам хварысэям, што любіце першыя мейсцы ў сынагогах і прывітаньні на торжышчах.
Гора вам, фарызеі, што любіце першыя лаўкі ў сінагозе і прывітанні на рынку.
Гора вам кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што вы — як магілы таемныя, і людзі ходзяць зьверху і ня ведаюць (таго).
Гора вам, бо вы, як магілы, якіх не відаць, і людзі, ходзячы па іх, не ведаюць.
І, адказаўшы, адзін з законьнікаў кажа Яму: Настаўнік! Гаворачы гэтае Ты і нас зьняважаеш.
Адзін з заканазнаўцаў, адказваючы, гаворыць Яму: «Настаўнік, так гаворачы, Ты нас зневажаеш».
Ён жа сказаў: і вам, законьнікам, гора, што накладаеце на людзей цяжары церазмерныя, а самі і адным пальцам вашым ня кранаеце гэтых цяжараў.
А Ён гаворыць: «І вам, заканазнаўцы, гора, бо вы накладаеце на людзей цяжары невыносныя, а самі грузу нават пальцам вашым не кранаеце.
Гора вам, што будуеце помнікі прарокам, ба́цькі ж вашыя забілі іх.
Гора вам, што будуеце магілы прарокам, а вашыя бацькі пазабівалі іх.
Гэтым (вы) сьведчыце пра ўчынкі ба́цькаў вашых і згаджаецеся зь імі: бо яны сапраўды забілі іх, а вы будуеце ім помнікі.
Сапраўды, вы сведчыце і згаджаецеся з учынкамі бацькоў вашых, бо яны іх пазабівалі, а вы [ім магілы] будуеце.
Пагэтаму і Мудрасьць Боская сказала: пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і (нікаторых) ізь іх будуць забіваць і жорстка перасьледаваць.
Дзеля таго і мудрасць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных пазабіваюць, а другіх пераследаваць будуць,
Няхай будзе спагнаная з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,
каб спагнана была кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, з роду гэтага,
ад крыві Абэля да крыві Захара, забітага між ахвярнікам і Сьвятыняю. Так, кажу вам: будзе спагнаная з роду гэтага!
пачынаючы ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, які загінуў між алтаром і святыняй. Гэтак кажу вам: будзе спагнана з роду гэтага.
Гора вам законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самі ня ўвайшлі і ўваходзячым перашкодзілі.
Гора вам, заканазнаўцы, што вы ўзялі ключ разумення! І самі не ўвайшлі, і тым, што ўваходзілі, перашкодзілі».
Калі ж Ён ім гаварыў гэтае, кніжнікі і хварысэі пача́лі варожа прыставаць да Яго з пытаньнямі пра многае,
І, калі Ён скончыў, фарызеі і кніжнікі пачалі гвалтоўна наступаць на Яго і закідваць пытаннямі пра многае,
цікуючы на Яго і стараючыся ўлавіць што-небудзь з Вуснаў Ягоных, каб абвінаваціць Яго.
цікуючы на Яго, каб падлавіць у чым-небудзь з Яго вуснаў, каб абвінаваціць Яго.