Лукаша 11 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
І сталася, як Ён у адным ме́сцы маліўся, калі перастаў, адзін з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзе! наўчы нас маліцца, як і Іоан наўчыў вучняў сваіх.
І сталася, калі быў Ён у нейкім месцы, молячыся, як скончыў, сказаў Яму адзін з вучняў Яго: «Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў».
Ён сказаў ім: калі мо́ліцеся, гаварыце: Ойча наш, каторы ёсьць у Нябёсах! Няхай сьвяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у не́бе, так і на зямлі.
А Ён гаворыць ім: «Калі моліцеся, кажыце: Ойча, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё.
Хлеб наш штодзе́нны дай нам сягоньня
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння.
і даруй нам даўгі нашыя, як і мы даруем даўжніком нашым; і ня ўводзь нас у спакушэньне, але захавай нас ад злога.
І адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем кожнаму нам вінаватаму, і не ўводзь нас у спакусу».
І сказаў ім: Не́хта з вас, маючы сябру, прыйдзе да яго і скажа яму: сябра! пазыч мне́ тры булкі хле́ба,
Затым гаворыць ім: «Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго апоўначы, і скажа яму: «Прыяцелю, пазыч мне тры хлябы,
бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне́, і мне́ няма́ чаго даць яму;
бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і не маю чым яго прыняць»;
а той з хаты скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне́; дзьве́ры ўжо замкнёны, і дзе́ці мае́ са мною ў пасьце́лі; не магу ўстаць і даць табе́.
а той знутры адкажа, кажучы: «Не дакучай мне; дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае са мной у ложку, не магу ўстаць і даць табе».
Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму дзеля дружбы з ім, дык дзеля дакучлівасьці яго, ўстаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
Кажу вам: нават калі не падымецца і не дасць яму дзеля таго, што з’яўляецца яго прыяцелем, дык дзеля яго дакучлівасці ўстане і дасць, колькі яму трэба.
І Я кажу вам: прасе́це, і да́дзена вам будзе; шукайце і знойдзеце; сту́кайце, і адчыняць вам;
Дык і Я вам кажу: прасіце — і будзе вам дадзена; шукайце — і знойдзеце; стукайце — і будзе вам адчынена.
бо ўсякі, хто просіць, дастае́; і хто шукае, знаходзіць; і хто сту́кае, адчыняць таму.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і таму, хто стукае, будзе адчынена.
Хто з вас бацька, калі сын папросіць хле́ба, дасьць яму камень? Ці, калі папросіць ры́бы, дасьць яму зьмяю заме́ст рыбы?
І калі ў кагосьці з вас, як у бацькі, сын папросіць рыбу, ці ж замест рыбы дасць яму змяю?
Ці, калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна?
Або калі папросіць яйка, ці ж дасць яму скарпіёна?
Дык вось, калі вы, благія, уме́еце добрыя дая́ньні даваць дзе́цям вашым, тым бале́й Аце́ц Нябе́сны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго.
Таму, калі вы, хоць і благія, умееце даваць дзецям вашым добрыя дары, дык наколькі ж больш Айцец з неба дасць Духа Святога тым, хто просіць Яго».
І раз выгнаў Ён чарта́, які быў не́мы; і, калі чорт выйшаў, не́мы стаў гаварыць; і народ быў зьдзіўлены.
І раз выгнаў Ён дэмана, і быў ён нямы; і сталася, калі дэман выйшаў, нямы пачаў гаварыць. І дзівіліся людзі.
Іншыя-ж з іх гаварылі: Ён выганяе чарто́ў сілаю Вэльзэвула, кня́зя чартоўскага.
А некаторыя з іх казалі: «Моцаю Бэльзебула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў».
А іншыя, спакушаючы, трэбавалі ў Яго знаме́ньня з не́ба.
А іншыя, выпрабоўваючы Яго, патрабавалі ад Яго знаку з неба.
Але Ён, ве́даючы памышле́ньні іх, сказаў ім: усякае царства, разьдзяліўшаеся само ў сабе́, апусьце́е, і дом, разьдзяліўшыся сам у сабе́, упадзе́.
Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Кожнае царства, падзеленае ў самім сабе, не выстаіць, і дом на дом упадзе.
Калі-ж і шата́н разьдзяліўся сам у сабе́, то як устаіць царства яго? А вы ка́жаце, што Я сілаю Вэльзэвула выганяю чартоў;
А калі і шатан падзелены ў самім сабе, дык як утрымаецца царства яго? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў.
і калі Я сілаю Вэльзэвула выганяю чартоў, то сыны вашыя кім выганяюць іх? Затым яны будуць судзьдзямі вам.
А калі Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Таму яны будуць суддзямі вашымі.
Калі-ж Я пальцам Божым выганяю чартоў, то значыць прыйшло да вас Царства Божае.
Але калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Валадарства Божае.
Калі дужы́ з аружжам пілнуе свой дом, тады ў бясьпе́чнасьці яго мае́масьць;
Калі ўзброены асілак ахоўвае дом свой, дык у бяспецы тое, што ён мае.
калі-ж дужэйшы за яго нападзе́ на яго і пераможа яго, тады возьме ўсё аружжа яго, на якое спадзяваўся, і раздасьць дабро́ яго.
А калі дужэйшы ад яго прыйдзе і пераможа яго, дык забярэ ўсю яго зброю, на якую спадзяваўся, і здабычу яго падзеліць.
Хто не са Мною, той проці Мяне́; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідае.
Калі нячысты дух выйдзе з чалаве́ка, то ходзіць па бязводных мясцо́х, шукаючы супакою, і, не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, бадзяецца па бязводных мясцінах, шукаючы спачынку, і, не знаходзячы яго, кажа: «Вярнуся ў дом свой, адкуль выйшаў».
І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным;
І, калі прыходзіць, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
тады йдзе́ і бярэ з сабою се́м другіх духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там: і бывае для чалаве́ка таго апо́шняе горш за пе́ршае.
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, яны пасяляюцца там, і пазнейшае ў таго чалавека горш за ранейшае».
І сталася, як Ён гаварыў гэтае, адна жанчына, азваўшыся з народу, сказала Яму: шчасьлівае нутро, насіўшае Цябе́, і грудзі, Цябе́ карміўшыя!
І сталася, калі гэтак навучаў, адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму: «Шчаснае ўлонне, якое вынасіла Цябе, ды грудзі, якія выкармілі Цябе».
А Ён сказаў: шчасьлівыя чуючыя слова Божае і выпаўняючыя яго.
А Ён сказаў: «Тым болей шчасныя тыя, што слухаюць слова Божае ды захоўваюць».
Калі-ж народ пачаў зьбірацца грамадой, Ён пача́ў гаварыць: род гэты нягодны; ён шукае знаме́ньня, і знаме́ньне ня будзе да́дзена яму, апрача знаме́ньня Іоны прарока;
А калі сабраліся людзі, пачаў казаць: «Род гэты ёсць род нягодны; шукае знаку, і знак не будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока.
бо, як Іона быў знаме́ньнем для Ніневійцаў, так будзе і Сын Чалаве́чы для роду гэтага.
Бо як Ёна быў знакам для Нініўцаў, так Сын Чалавечы будзе знакам для роду гэтага.
Царыца Паўднёвая ўстане на суд з людзьмі роду гэтага і засудзіць іх, бо яна прыхо́дзіла ад краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямо́навай, і вось тут бале́й за Салямо́на.
Царыца з поўдня пад час суда ўваскрэсне разам з людзьмі гэтага пакалення ды асудзіць іх, бо яна прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасці Саламона, а вось, тут большы за Саламона.
Ніневійцы ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пака́яліся ад навуча́ньня Іонінага, і вось тут бале́й за Іону.
Мужы з Нінівы стануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны на прызыў Ёны навярнуліся, а вось, тут большы за Ёну.
Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не стаўляе яе́ ў патайным ме́сцы, ці пад судзіну, але на ліхтару́, каб увахо́дзячыя бачылі сьвятло́.
Ніхто не запальвае свечкі і не ставіць у сховішча або пад пасудзіну, але на падсвечніку, каб бачылі святло яе ўсе тыя, што ўваходзяць.
Сьве́тач це́ла ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, то і ўсё це́ла тваё будзе сьве́тлае, а калі яно будзе благое, то й це́ла тваё будзе цёмнае.
Светач цела — вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе светлае; а калі вока тваё будзе нягодным, дык і ўсё цела тваё цёмным будзе.
Дык глядзі-ж, каб сьвятло́, што ў табе́, ня было це́мрай.
Дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не сталася цемрай.
Калі-ж це́ла тваё ўсё сьве́тлае і ня ма́е ніводнае цёмнае часткі, то будзе сьвяціцца ўсё так, як бы сьве́тач асьвяціў цябе́.
Калі ж усё цела тваё светлым будзе, не маючы ані часткі зацемненай, дык усё будзе светлым, быццам свяцільнік у ззянні сваім асвятляе цябе».
Калі Ён гаварыў гэтае, адзін фарысэй прасіў Яго да сябе́ абе́даць; Ён прыйшоў ды супачыў.
І, калі Ён гаварыў, адзін фарызей запрасіў, каб Ён паабедаў у яго; і, увайшоўшы, Ён узлёг.
Фарысэй жа зьдзівіўся, што Ён не абмыў рук перад ядой.
Але фарызей здзівіўся, бачачы, што Ісус не памыў рукі перад абедам.
Але Госпад сказаў яму: цяпе́р вы, фарысэі, чару і місу звонку ачышча́еце, а нутро вашае напоўнена драпе́жнасьцяй ды злосьцяй.
І гаворыць Госпад яму: «Цяпер вы, фарызеі, абмываеце тое, што звонку чары і місы, але тое, што ўнутры вас, — поўнае сквапнасці і беззаконня.
Неразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае?
Неразумныя! Ці ж Той, Хто стварыў знешняе, не стварыў таксама нутра?
Падавайце ле́пш ахвяру з таго, што́ ў вас ёсьць, тады ўсё будзе ў вас чыстае.
Лепш давайце людзям міласціну з таго, што ўнутры, і вось, усё будзе вам чыстым.
Але го́ра вам, фарысэям, што даецё дзясятую частку з мяты, руты і ўсякага зе́льля і ня дбаеце аб суд і любоў Божую; і гэтае трэба было рабіць, ды таго не пакідаць.
Але гора вам, фарызеі, што бярэце дзесяціну з мяты, і руты, і з усякай гародніны, а не звяртаеце ўвагі на справядлівасць і любоў Бога. Трэба і гэта выканаць, і таго не забываць.
Го́ра вам, фарысэям, што любіце пе́ршыя ме́сцы ў школах і паклоны на торжышчах.
Гора вам, фарызеі, што любіце першыя лаўкі ў сінагозе і прывітанні на рынку.
Го́ра вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, бо вы быццам магілы ўкрытыя, што людзі ходзяць над імі й ня ве́даюць таго.
Гора вам, бо вы, як магілы, якіх не відаць, і людзі, ходзячы па іх, не ведаюць.
На гэтае не́хта з законьнікаў сказаў Яму: Вучыцель, кажучы гэтае, Ты й нас крыўдзіш.
Адзін з заканазнаўцаў, адказваючы, гаворыць Яму: «Настаўнік, так гаворачы, Ты нас зневажаеш».
Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, го́ра, што наклада́еце на людзе́й цяжары церазме́рныя, а самыя і адным пальцам сваім не краняцё цяжараў.
А Ён гаворыць: «І вам, заканазнаўцы, гора, бо вы накладаеце на людзей цяжары невыносныя, а самі грузу нават пальцам вашым не кранаеце.
Го́ра вам, што строіце скле́пы прарокам, бацькі-ж вашыя забівалі іх;
Гора вам, што будуеце магілы прарокам, а вашыя бацькі пазабівалі іх.
гэтым вы сьве́дчыце аб учынках бацькоў вашых і згаджаецеся з імі, бо яны забівалі прарокаў, а вы будуеце ім скле́пы.
Сапраўды, вы сведчыце і згаджаецеся з учынкамі бацькоў вашых, бо яны іх пазабівалі, а вы [ім магілы] будуеце.
Дзеля гэтага і прамудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных заб’юць, а другіх вы́жануць.
Дзеля таго і мудрасць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных пазабіваюць, а другіх пераследаваць будуць,
Няхай зы́шчыцца ад роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьве́ту,
каб спагнана была кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, з роду гэтага,
ад крыві Авэля да крыві Захарыі, забітага між жэртвенікам і храмам. Запраўды кажу вам: зы́шчыцца ад роду гэтага.
пачынаючы ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, які загінуў між алтаром і святыняй. Гэтак кажу вам: будзе спагнана з роду гэтага.
Го́ра вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуме́ньня: самыя не ўвайшлі і ўваходзячым перашкодзілі.
Гора вам, заканазнаўцы, што вы ўзялі ключ разумення! І самі не ўвайшлі, і тым, што ўваходзілі, перашкодзілі».
Калі ж Ён гаварыў ім гэтае, кніжнікі ды фарысэі пачалі вельмі прыставаць да Яго і дапытывацца ў Яго аб многае,
І, калі Ён скончыў, фарызеі і кніжнікі пачалі гвалтоўна наступаць на Яго і закідваць пытаннямі пра многае,
цікуючы на Яго і стараючыся ўлавіць не́шта з вуснаў Яго, каб абвінаваціць Яго.
цікуючы на Яго, каб падлавіць у чым-небудзь з Яго вуснаў, каб абвінаваціць Яго.