Лукаша 12 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Тымчасам сабраліся тысячы народу, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён зачаў гаварыць сьпярша да вучняў Сваіх: сьцеражыцеся перадусім рашчыны фарысэйскай, або крывадушнасьці.
 
Калі сабраўся велізарны натоўп кругом Яго, так што адны на другіх націскалі, пачаў Ён гаварыць перш да вучняў Сваіх: «Сцеражыцеся кіслі фарызейскай, якая ёсць крывадушнасць.

Няма нічога тайнага, што ня выявілася-б, і ўкрытага, аб чым не даве́даліся-б;
 
Бо няма анічога скрытага, што не было б выяўлена, ані таксама тайнага, чаго б не ўведалі.

дык, што вы сказалі ў цемнаце́, тое пачуеце ў сьвятле́; і што гаварылі навуха ў хаце, тое будзе абве́шчана на стрэхах.
 
Бо што вы гаварылі ў цемры, пачуецца ў святле, ды што ў вуха шапталі ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.

Кажу-ж вам, дру́гі маі: ня бойцеся тых, што забіваюць це́ла і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць;
 
Кажу ж вам, сябрам Маім: не бойцеся тых, што забіваюць цела і пасля гэтага нічога болей не могуць зрабіць.

але кажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, можа ўкінуць у гее́нну: запраўды, кажу вам, таго бойцеся.
 
А Я падказваю вам, Каго баяцца: бойцеся Таго, Хто па забіцці мае ўладу ўкінуць у пекла. Так, кажу вам: Яго бойцеся.

Ці ня пяць малых птушак прадаюцца за два асары? і ніводная з іх не забыта ў Бога.
 
Ці ж не прадаюць пяць вераб’ёў за два асы? Але ні адзін з іх не забыты Богам.

А ў вас і валасы на галаве́ ўсе́ палічаны. Дык ня бойцеся: вы даражэй за многіх малых птушак.
 
Але і валасы на галаве вашай усе палічаны. Не бойцеся; вы ж важнейшыя за мноства вераб’ёў.

Кажу-ж вам: усякага, хто вызнава́ціме Мяне́ перад людзьмі, і Сын Чалаве́чы вызна́е перад Ангеламі Божымі;
 
Кажу ж вам: кожны, хто прызнае Мяне перад людзьмі, таго і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі;

а хто адрачэцца ад Мяне́ перад людзьмі, ад таго адракуцца перад Ангеламі Божымі.
 
а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Ён зрачэцца перад анёламі Божымі.

І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалаве́чага, даро́вана будзе, а хто блю́зьніцьме на Сьвятога Духа, таму ня будзе даро́вана.
 
І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана; але хто б блюзніў на Духа Святога, не будзе таму адпушчана.

Калі-ж прывядуць вас у школы, да ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, ці што гаварыць:
 
А калі вас павядуць у сінагогі і да начальства і да ўладаў, не турбуйцеся, як і што маеце адказаць, ці што гаварыць,

бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба гаварыць.
 
бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба казаць».

Не́хта з народу сказаў Яму: Вучыцель! скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай.
 
Нехта з натоўпу гаворыць Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».

Ён жа сказаў таму чалаве́ку: хто паставіў Мяне́ судзіць ці дзяліць вас?
 
Але Ён сказаў яму: «Чалавеча, хто ж паставіў Мяне суддзёй і размеркавальнікам над вамі?»

Пры гэтым сказаў ім: глядзіце, сьцеражыцеся прагавітасьці на багацьце, бо жыцьцё чалаве́ка не залежыць ад дастаткаў яго, якія ма́е.
 
Ды сказаў ім: «Зважайце і высцерагайцеся ўсякай хцівасці, бо, калі хто і мае дастатак, яго жыццё не ў тым, што мае».

І сказаў ім прыповесьць: у аднага бага́тага чалаве́ка быў добры ўраджай у полі;
 
І сказаў ім для параўнання, кажучы: «Поле аднаго багацея дало шчодры ўраджай.

і ён разважаў сам з сабою: што мне́ рабіць? Не́куды мне́ злажыць плады маі?
 
Дык ён разважаў у сваёй душы, кажучы: «Што мне зрабіць, бо не маю дзе падзець свайго ўраджаю?»

І сказаў: вось, што зро́блю: разьбяру гумны мае́ і пабудую большыя, і зьбяру туды ўве́сь хлеб мой і ўсё дабро маё,
 
Ды сказаў: «Вось што зраблю: развалю свае свірны, і пабудую большыя, і туды збяру ўсю пшаніцу і даброцце маё,

і скажу душы маёй: душа! многа дабра́ ляжыць у цябе́ на многія гады́: е́ш, пі, весяліся.
 
і скажу душы маёй: «Душа, маеш многа даброццяў, назапашаных на шмат гадоў; адпачывай, еш, пі, банкетуй».

Але Бог сказаў яму: неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе́; каму-ж даста́нецца тое, што ты прыдбаў?
 
Але Бог сказаў яму: «Дурню! У гэтую ноч запатрабуюць ад цябе душы тваёй, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе?»

Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе́, а ня ў Бога багаце́е.
 
Так бывае з тым, хто для сябе збірае скарбы, а перад Богам не багаты».

І сказаў вучням Сваім: дзеля таго кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашай, што вам е́сьці, ні дзеля це́ла, у што адзе́цца:
 
І сказаў вучням Сваім: «Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашай, што будзеце есці, ані дзеля цела, што на яго ўздзенеце.

душа больш за е́жу, і це́ла — за адзе́жу.
 
Бо душа важнейшая за яду, і цела — за адзенне.

Паглядзіце на гругано́ў: яны ня се́юць, ні жнуць; няма у іх сховаў, ні гумнаў, і Бог жывіць іх; наколькі ж вы ле́пшыя за птушак?
 
Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, і няма ў іх ані камор, ані свірнаў, і Бог іх корміць; наколькі ж вы больш вартыя за птушак.

Дый хто з вас, турбуючыся, можа дада́ць сабе́ росту хоць на адзін локаць?
 
Ды хто з вас сваім клопатам можа дадаць хоць адзін локаць да свайго росту?

Дык вось, калі і найме́ншага ўчыніць ня можаце, што-ж турбуецеся аб іншае?
 
Калі вось найменшай рэчы не можаце, дык чаму пра іншыя турбуецеся?

Паглядзіце на ліле́і, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам, што і Салямон у ўсёй свае́й славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
 
Прыгледзьцеся да лілеяў, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць; але кажу Я вам: нават Саламон ва ўсёй сваёй славе не быў так апрануты, як адна з іх.

Калі-ж траву на полі, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе кінена ў пе́ч, Бог так адзявае, то тым бале́й вас, малаве́ры.
 
Дык калі траву, што сёння на полі, а заўтра ў печ кінута, Бог так апранае, дык куды больш вас, малаверы.

Дык ня шукайце-ж, што́ вам е́сьці, ці што піць, і ня турбуйцеся,
 
Таму вы не пытайцеся, што будзеце есці або што будзеце піць, і не турбуйцеся.

бо ўсяго гэтага шукаюць людзі гэтага сьве́ту; ваш жа Аце́ц ве́дае, што вам гэтае патрэбна;
 
Гэтага ўсяго народы свету шукаюць; ваш жа Айцец ведае, што гэта патрабуецца вам.

найбале́й шукайце Царства Божага, і тое ўсё дададу́ць вам.
 
Дык перш шукайце Валадарства Яго, і гэта ўсё вам прыкладзецца.

Ня бойся, малое стада; бо Аце́ц ваш упадабаў даць вам Царства.
 
Не бойся, малы статак, бо даспадобы было Айцу вашаму даць вам Валадарства.

Прадава́йце мае́масьці вашыя і давайце міласьцівыя ахвяры. Прыгатоўвайце сабе́ мяшкі нестарэючыя, скарб, што ня ўбывае на нябёсах, куды злодзей не дабіраецца, і дзе́ моль не зьядае.
 
Дык прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Спраўце сабе капшукі, што не нішчэюць, скарб бязмежны на небе, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не з’ядае;

Бо дзе́ скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
 
бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

Няхай будуць паясьніцы вашыя падпераза́ныя і сьве́тачы запа́леныя;
 
Хай паясніцы вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя ў руках вашых,

і вы падобны да людзе́й, што чакаюць павароту гаспадара свайго з вясе́льля, каб, як прыйдзе ды пастукаецца, ураз адчыніць яму.
 
а вы самі падобныя на людзей, што чакаюць гаспадара свайго, калі ён вернецца з вяселля, каб, калі надыдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.

Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар прыйшоўшы знойдзе на нага́х; запраўды кажу вам: ён падперажэцца і пасадзіць іх і, падыйшоўшы, пачне́ служыць ім.
 
Шчасныя тыя слугі, калі  гаспадар прыйдзе і ўбачыць, што яны не спяць. Сапраўды кажу вам: ён падперажэцца і скажа ім узлегчы за сталом ды, абыходзячы, будзе паслугаваць ім.

І калі прыйдзе ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі гэныя!
 
І, ці ён прыйдзе ў другую варту, ці ў трэцюю варту прыйдзе і такімі іх убачыць, шчасныя тыя слугі.

Вы ве́даеце, што, калі-б ве́даў гаспадар дому, у якой гадзіне прыйдзе зло́дзей, то ня спаў бы і не дапусьціў бы падкапацца пад дом яго;
 
А гэта ведайце, што, калі б гаспадар дома ведаў, у які час злодзей прыйдзе, не дазволіў бы яму ўламіцца ў дом свой.

будзьце-ж і вы гатовы, бо Сын Чалаве́чы прыйдзе ў гадзіне, аб якой ня думаеце.
 
Так і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую вы не спадзеяцеся».

Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці да ўсіх?
 
Затым гаворыць Яму Пётра: «Госпадзе, ці нам гаворыш гэта для параўнання, ці, можа, усім?»

Госпад жа сказаў: каторы ве́рны й разумны эканом, што гаспадар паставіў яго над слугамі сваімі раздава́ць ім у свой час ме́ру хле́ба?
 
І сказаў Госпад: «Хто, думаеш, ёсць верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над падданымі сваімі, каб даваў ім у час меру пшаніцы?

Шчасьлівы той слуга́, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта:
 
Шчасны той слуга, калі гаспадар прыйдзе і ўбачыць, што ён так робіць.

запраўды кажу вам, што над усёй мае́масьцю сваёй паставіць яго.
 
Сапраўды кажу вам: над усім, чым валодае, паставіць ён яго.

Калі-ж слуга́ гэты скажа ў сэрцы сваім: ня хутка прыйдзе гаспадар мой; і пачне́ біць слуг ды служа́нак, е́сьці й піць і ўпівацца;
 
А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: «Гаспадар мой марудзіць з прыходам», ды пачне біць слуг і служанак, есці, піць ды напівацца,

то прыйдзе гаспадар слугí гэнага ў той дзе́нь, калі ён не чакае, і ў гадзіну, у якой ня думае, і адлучыць яго і ўчыніць яму адзін лёс з няве́рнымі.
 
прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які не спадзяецца, і ў час, якога не ведае, і адлучыць яго, ды прызначыць яго долю разам з нявернымі.

Слуга-ж той, які ве́даў волю гаспадара свайго і ня быў гатовы, і не рабіў па волі яго, будзе крэпка біты,
 
Той жа слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не прыгатаваўся і не рабіў паводле волі яго, будзе строга пакараны.

а каторы ня ве́даў і зрабіў ва́ртае кары, біты будзе ме́ней. І ад кожнага, каму да́дзена многа, многа і вымагацца будзе, і каму многа даручана, з таго больш зы́шчуць.
 
А той, які не ведаў і рабіў вартае кары, будзе пакараны меней. Ад кожнага, каму болей дадзена, болей спытаюць, і ад таго, каму многа даручана, болей патрабаваць будуць.

Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і я́к хаце́ў бы, каб ён ужо загарэўся!
 
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і чаго хачу? Каб ён ужо гарэў!

Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і я́к Я тамлюся, пакуль гэтае ня выпаўніцца!
 
Я маю быць хростам хрышчаны і як жа Я пакутую, пакуль гэта не споўніцца!

Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? Не́, кажу вам, але разьдзяле́ньне.
 
Ці ж думаеце, што Я прыйшоў супакой прынесці на зямлю? Не, кажу вам, але раздзяленне.

Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца, трое проці двох і двое проці трох;
 
Адсюль вось будуць пяцёра ў адным доме падзеленыя: трое супраць двух, а двое супраць трох.

бацька будзе проці сына, і сын проці бацькі; маці проці дачкí, і дачка́ проці маткі; сьвякроў проці няве́сткі свае́й, і няве́стка проці сьвякрові свае́.
 
Раздзеляцца бацька з сынам, а сын з бацькам, маці з дачкой, а дачка з маці, свякроў з сынавай сваёй, а сынавая з свекрывёй сваёй».

Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, падыймаючыся з захаду, ураз кажаце: дождж будзе; і стае́цца гэтак;
 
Далей прамаўляў і да людзей: «Калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, зараз кажаце: «Набліжаецца навальніца», і так стаецца.

і калі дзьме́ паўдзённы ве́цер, ка́жаце: сьпе́ка будзе, і стае́цца.
 
А калі вецер дзьме з поўдня, кажаце: «Будзе спякота», і так стаецца.

Крывадушныя! аблічча зямлі і не́ба распазнаваць уме́еце, я́к жа часу гэтага не пазнаецё?
 
Крывадушнікі, аблічча зямлі і неба ўмееце распазнаць, чаму ж гэтага часу не ўмееце распазнаць?

Чаму-ж і вы па сабе́ самых ня судзіце, што́ мусіць быць?
 
Дык чаму самі сябе не судзіце па справядлівасці?

Калі ты йдзеш з супраціўнікам сваім да начальства, то па дарозе пастарайся пазбыцца яго, каб ён ня прывёў цябе́ да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе́ ка́ту, а кат ня ўкінуў бы цябе́ ў вязьніцу;
 
Калі ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, дык па дарозе старайся вызваліцца ад яго, каб ён не павёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў бы цябе кату, а кат не кінуў бы цябе ў вязніцу.

кажу-ж табе́: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасí і апошняга медзяка.
 
Кажу табе, не выйдзеш адтуль, пакуль не разлічышся да апошняга аса».