Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

І сталася ў адзін з тых дзён, калі Ён вучыў народ у Сьвятыні і абвяшчаў Эвангельле, падступіліся архірэі ды кніжнікі са старэйшынамі,
 

і сказалі Яму, кажучы: скажы нам, якою ўладаю (Ты) гэта робіш, і хто даў Табе гэтую ўладу?
 

І, адказаўшы, Ён сказаў ім: запытаюся і Я ў вас адно слова, і скажыце Мне:
 

хрышчэньне Яанавае было зь Неба, ці ад людзей?
 

Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: калі скажам: «зь Неба», (то) скажа: «чаму тады (вы) ня паверылі яму?»
 

калі ж скажам: «ад людзей», (то) увесь народ паб’е нас каменьнем, бо ён перакананы, што Яан ёсьць прарок.
 

І адказалі: «ня ведаем адкуль».
 

Тады Ісус сказаў ім: і Я ня скажу вам, якою ўладаю гэтае раблю.
 

І пачаў (Ён) гаварыць да народу прыповесьць гэтую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду вінаградарам, і адлучыўся ў чужы край на доўгі час;
 

і ў пару́ паслаў да вінаградараў раба, каб далі яму пладоў зь вінаградніку. Але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым.
 

І (ён) ізноў паслаў другога раба; але яны і таго, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым.
 

І (ён) ізноў паслаў трэйцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі.
 

Тады сказаў Гаспадар вінаградніку: што (мне) рабіць? пашлю Сына Майго ўлюбленага; можа, убачыўшы Яго, паўстыдаюцца.
 

Але вінаградары, убачыўшы Яго, разважалі між сабою, кажучы: гэты ёсьць Спадкаемца; давайце, пайшоўшы, заб’ем Яго, каб спадчына стала нашай.
 

І, выгнаўшы Яго вон зь вінаградніку, забілі. Што тады зробіць ім Гаспадар вінаградніку?
 

Прыйдзе і зьнішчыць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік іншым. Чуўшыя ж сказалі: хай ня станецца!
 

Ён жа, паглядзеўшы на іх, сказаў: дык што ж значыць гэтае напісаньне?: «Ка́мень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла».
 

Кожны, хто ўпадзе на гэты Ка́мень, разаб’ецца; а на каго (Ён) упадзе, таго раздушыць.
 

І шукалі ў гэты час архірэі і кніжнікі накласьці на Яго ру́кі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што гэтую прыповесьць (Ён) сказаў пра іх.
 

І, пасачыўшы (за Ім), падаслалі выведнікаў, якія прынімаючы выгляд праведных, падлавілі б Яго на (якім-небудзь) слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесьніка.
 

І (тыя) спыталіся (ў) Яго, кажучы: Настаўнік! (мы) ведаем, што (Ты) правільна гаворыш і навучаеш і ня глядзіш на аблічча, але па праўдзе шляху Божаму вучыш.
 

Ці дазволена нам даваць падатак кесару, ці не?
 

Але (Ён), зразумеўшы іхную хітрасьць, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
 

Пакажыце Мне дынарыя: чый (ён) мае абраз і надпіс? І, адказаўшы, (яны) сказалі: кесара.
 

Ён жа сказаў ім: дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу.
 

І ня змаглі яны падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся Ягонаму адказу, замоўклі.
 

Тады падыйшлі да Яго нікаторыя з саддукеяў, якія пярэчаць, што няма ўваскрасеньня, (і) спыталіся (ў) Яго,
 

кажучы: Настаўнік! Масей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і ён памрэ бязьдзетным, каб брат ягоны ўзяў гэтую жанчыну і аднавіў семя брату свайму.
 

Было ж сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетным.
 

І ўзяў другі тую жанчыну, і гэты памёр бязьдзетным.
 

І трэйці ўзяў яе. Гэтак жа сама і (ўсе) сямёра ня аставілі дзяцей і памерлі.
 

Пасьля ж усіх памерла і жанчына.
 

Дык пры ўваскрасеньні каторага зь іх будзе (яна) жонкаю? Бо сямёра мелі яе жонкаю.
 

І, адказаўшы, сказаў ім Ісус: сыны веку гэтага жэняцца і (дочкі) выходзяць замуж;
 

але спадобленыя дасягнуць таго веку і ўваскрасеньня зь мёртвых ня жэняцца і замуж ня выходзяць;
 

і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны Бога, раз (яны) ёсьць сынамі ўваскрасеньня.
 

А што памершыя ўваскрашаюцца, і Масей паказаў ля цярнёвага куста, калі называе Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісагака, і Богам Якуба.
 

Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых. Бо ўсе Ім жывуць.
 

Адказаўшы ж, нікаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Добра (Ты) сказаў.
 

І ўжо (больш) ня адважваліся пытацца Яго ні пра што.
 

І сказаў ім: як кажуць, (што) Хрыстос ёсьць Сын Давідаў?
 

Сам жа Давід кажа ў кнізе Псальмаў: сказаў Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне,
 

пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх.
 

Пагэтаму Давід называе Яго Госпадам, дык як (жа) Ён Сын ягоны?
 

І калі слухаў увесь народ, (Ён) сказаў вучням Сваім:
 

Сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх вопратках і любяць прывітаньні на народных сходах і першыя мейсцы ў сынагогах і ўзьляжаньні сьпераду на вячэрах,
 

што паядаюць хаты ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць больш цяжкі прысуд.