Якава 3 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём.
 
Хай з вас многія ня квапяцца быць настаўнікамі, браты мае, бо тым цяжэйшы, ведайце, атрымаем прысуд.

бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.
 
Бо ўсе мы ў шмат чым грашым. Калі хто словам не калечыць, той дасканалым чалавекам, могучым таксама авалодаць усім целам сваім.

Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.
 
Калі для падчыненьня сабе акелзаваем коні, то кіруем усім іхнім целам.

Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;
 
А вось караблі, хоць так вялікія і сільнымі вятругамі кіданыя, кіруюцца маленькім стырмном туды, куды стырновы захоча.

гэтак сама і язык — невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;
 
Так і язык, хоць малая частка цела — вялікую роль іграе, ды малы агеньчык вялікі лес падпальвае.

і язык — вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;
 
І язык агнём, прычынай усякай злачыннасьці. Язык спаміж усіх нашых членаў ёсьць тым, што апаганьвае ўсё цела ды сам паджыганы пякельным агнём — узбурае ўсё кругом.

бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,
 
Усе вось гатункі (прыроду) зьвяроў і птушак, гадаў ды марскіх жывёлінаў можа ўтаймаваць і сапраўды ўтаймаваная людская натура — чалавек.

а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта — неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.
 
Языка ж ніводзін чалавек ня можа ўтаймаваць, авалодаць, гэта разбураючае зло, поўнае сьмерцяноснага яду.

Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.
 
Ім хвалім Госпада і Айца ды ім жа праклінаем людзей, створаных на падабенства Божае.

З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.
 
З тых самых вуснаў выходзіць багаславенства і праклён. Не павінна так быць, браты мае!

Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада?
 
Ці ж з таго самага жарала шчыліны можа выцякаць вада салодкая і горкая?

Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду.
 
Ці ж можа, браты мае, дрэва фіговае радзіць вінаград, а вінаградная лаза фігі? Ці ж салоная крыніца можа даваць салодкую ваду?

Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю.
 
Хто спаміж вас мудры і разважлівы? Хай пакажа гэта на справе паводзінамі з добрымі ўчынкамі і мудрасьцю растаропнасьцю

Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду:
 
бо калі ў сэрцах вашых адчуваеце горкую завіднасьць і калатлівасьць, дык не зваліцеся і ня будзьце лгунамі супроць праўды.

гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская;
 
Гэта мудрасьць не з гары сыходзячая, але зямная, жывёльная, шатанская.

бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое.
 
Дзе бо завіднасьць (зайздрасьць) і звадкі, там безпарадак, ды ўсякая злачыннасьць.

А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш — чыстая, потым — згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная.
 
А мудрасьць, што з гары (нябесная) перадусім чыстая, мірная, сціплая, уступлівая, поўная міласэрдзя і добрых пладоў, бесстаронная ды не крывадушная.

А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.
 
Да выніку справядлівасьці спрычыняюцца тыя, што вядуць сябе мірна.