Якава 2 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.
 
Браты мае! У веры вашай у Госпада нашага Езуса Хрыста хвалебнага не аглядайцеся на асобу.

Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,
 
Бо калі б на вашае сабраньне (сход) прыйшоў чалавек з залатым пярсьцёнкам, багата адзеты ды прыйшоў таксама чалавек бедны ў брудным адзеньні

і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,
 
дык ці вы не замецілі (не зьвярнулі ўвагі, не паўважалі) на таго б пышна адзетага і ці не сказалі б: "Сядзь тут на выгодным месцы", а беднаму пэўна сказалі б: "Ты пастой там або сядзь каля маіх ног".

дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?
 
Дык ці вы ня робіце розьніцы між сабою (ці не асуджаеце сябе) і ці не стаіцёся ліхімі судьдзямі?

Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?
 
Паслухайце, браты мае даражэнькія! Ці ня выбраў Бог бедных на гэтым сьвеце на багатых вераю і на спадкаемцаў валадарства, якое абяцаў тым, што Яго мілуюць.

а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?
 
Вы ж зьневажылі беднага (ахаілі). Ці не багатыя зьдзекаваюцца над вамі і ці не яны цягаюць вас па судах?

Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?
 
Ці ж не яны бясчэсьцяць добрае Імя, Якім вы названы? (Хрысьціяне — ад Хрыстуса).

Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, — добра робіце.
 
Дык калі па Пісаньню выпаўняеце каралеўскі закон: "Любі бліжняга свайго як самога сябе" добра робіце.

Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.
 
Калі ж аглядаецеся на асобы — дапускаецеся граха, будзеце асуджаныя Законам як праступнікі.

Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.
 
Хоць бы хто споўніў увесь Закон, а нарушыў толькі адно прыказаньне, становіцца ўва ўсім вінаватым.

Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб’еш, дык ты таксама адступнік ад закона.
 
Бо Той, Хто сказаў: не чужалож, сказаў таксама: не забівай. Дык калі не чужаложыш, але забіваеш, становішся праступнікам (парушыцелем) Закону.

Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.
 
Гаварыце і рабіце так, як людзі, каторыя будуць суджаны па Закону свабоды.

Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.
 
Таму, хто не аказаў міласэрдзя — будзе суд без міласэрдзя, бо міласэрдзе вышэй суда.

Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
 
Што паможа (за карысьць), браты мае, каб хто казаў, што верыць, але ўчынкаў (па веры) ня меў? Ці такая вера збавіць яго?

Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,
 
Калі б брат або сястра ня мелі б у што адзецца ды ня маюць на штодзень хлеба,

а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?
 
а нехта з вас скажа ім: "Ідзеце ў супакою, абагрэйцеся і наешцеся", ды ня даў бы ім таго, што неабходнае целу, што гэта паможа?

Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.
 
Так і вера без учынкаў — сама па сабе мёртвая, пустая.

А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.
 
Можа скажа хто: "Ты маеш веру, а я ўчынкі". Дакажы ты мне веру сваю без учынкаў, а я дакажу веру са сваіх учынкаў.

Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.
 
Ты верыш, што адзін Бог? Добра робіш, але і чэрці вераць і дрыжаць!

Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?
 
Хочаш ведаць, пусты чалавеча, што вера без учынкаў пустая?

Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
 
Ці ж не з учынкаў апраўдаўся, бацька наш Абрагам, калі склаў у ахвяру на аўтары сына свайго, Ізаака?

Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.
 
Бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, ды вера праз учынкі сталася дасканалай.

І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.
 
І збылося Пісаньне, дзе сказана: Паверыў Абрагам Богу і палічана гэта яму апраўданьне (справядлівасьць, даказаньне) і таму названы ён прыяцелем Божым.

Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?
 
Бачыце, што ўчынкі апраўдваюць чалавека, але не сама вера.

Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?
 
Падобна і распусьніца Рагаб ці не з учынкаў была апраўдана, прымаючы пасланцоў (жыдоўскіх) ды іншай дарогай іх адпраўляючы.

Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.
 
Як вось цела бяз духа — мёртвае, так вера без учынкаў мёртвая (пустая).