Якава 2 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.
Браты мае! Майце веру ў праслаўленага Госпада нашага Ісуса Хрыста, без аглядкі на асобы.
Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,
Бо калі б у ваша сабранне прыйшоў чалавек з залатым пярсцёнкам, багата апрануты, ды прыйшоў таксама і бедны ў мізэрным адзенні,
і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,
дык ці вы не звярнулі б увагі на таго, пышна апранутага, і ці не сказалі б: «Сядзь тут на выгодным месцы», а беднаму, пэўна, сказалі б: «Ты пастой там або сядзь каля маіх ног».
дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?
Дык ці вы не судзіце ў сабе і ці не робіцеся суддзямі з нягоднымі думкамі?
Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?
Паслухайце, браты мае найдаражэйшыя! Ці не выбраў Бог бедных гэтага свету як багатых вераю і як спадкаемцаў Валадарства, якое абяцаў тым, што любяць Яго?
а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?
Вы ж зняважылі беднага. Ці не багатыя прыгнятаюць вас, і ці не яны цягаюць вас па судах?
Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?
Ці ж не яны блюзняць на добрае імя, якое прызвана над вамі?
Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, — добра робіце.
Дык калі выконваеце царскі закон паводле Пісання: «Любі бліжняга свайго як самога сябе», — добра робіце.
Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.
Калі ж аглядаецеся на асобы, то ўчыняеце грэх і будзеце асуджаны законам як злачынцы.
Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.
Хоць бы хто выканаў увесь закон, а правініўся толькі ў адным, становіцца ва ўсім вінаватым.
Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб’еш, дык ты таксама адступнік ад закона.
Бо Той, Хто сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забівай». Дык калі не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам закону.
Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.
Гаварыце і рабіце так, як тыя, якія павінны быць суджаны паводле закону свабоды.
Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.
Таму, хто не аказаў міласэрнасці, будзе суд без міласэрнасці, бо міласэрнасць вышэй за суд.
Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
Што за карысць, браты мае, каб хто казаў, што мае веру, але ўчынкаў не меў бы? Ці ж здолее вера збавіць яго?
Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,
Калі брат або сястра не маюць у што апрануцца ды не маюць на штодзень ежы,
а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?
а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў супакоі, грэйцеся і ежце», ды не дасць ім таго, што неабходна целу, што за карысць?
Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.
Так і вера, калі не мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.
Можа скажа хто: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі. Пакажы ты мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру са сваіх учынкаў».
Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.
Ты верыш, што Бог адзін? Добра робіш, але і дэманы вераць і дрыжаць!
Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?
Хочаш ведаць, нікчэмны чалавеча, што вера без учынкаў мёртвая?
Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
Ці ж не ўчынкамі апраўдаўся бацька наш Абрагам, калі прыносіў у ахвяру на ахвярніку сына свайго Ізаака?
Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.
Бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, ды вера праз учынкі сфармавалася.
І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.
І споўнілася Пісанне, дзе сказана: «Паверыў Абрагам Богу, і залічана гэта яму за праведнасць», і названы ён сябрам Божым.
Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?
Бачыце, што ўчынкі апраўдваюць чалавека, а не толькі вера?
Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?
Падобна і распусніца Рахаб ці не ўчынкамі была апраўдана, прымаючы выведнікаў ды іншай дарогай іх адпраўляючы?
Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.
Бо як цела без духа памерлае, так і вера без учынкаў мёртвая.