Якава 2 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.
 
Браты мае, майце веру ў Езуса Хрыстуса нашага Усеспадара славы не дзеля асобы.

Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,
 
Бо каліб на вашае зыбранне ўвайшоў чалавек із залатым персьценем, багата адзеты, ды ўвайшоўбы й бедны ўбога адзеты;

і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,
 
і вы звярнулі б увагу на пышна адзетага, кажучы яму: «Садзіся выгодна вось тут», а беднаму сказалі б: «А ты пастой там, або прысядзь вось тут ля ног маіх».

дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?
 
Дык, ціж ня робіце рожніц між сабою ды ці не сталіся судзьдзямі з благімі думкамі?

Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?
 
Слухайце, браткі мае дарагіе: ціж ня бедных на гэтым сьвеце Бог выбраў быць багатымі вераю й спадкаемнікамі валадарства, якое абяцаў Ён любячым Яго?

а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?
 
А вы зьняхаілі беднага. Ціж не багатыя прыгнятаюць вас ды ці не цягаюць па судох?

Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?
 
Ціж не яны бясчэсьцяць добрае імя, якім вы называецеся?

Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, — добра робіце.
 
Калі аднак спаўняеце закон улады водля Пісання: «Любі бліжняга твайго, як сябе самога» (Параліп. 1:17), добра робіце.

Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.
 
Калі-ж аглядаецеся на асобы, робіце грэх, і сам Закон асуджае вас як праступнікаў.

Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.
 
Кажны бо хто трымаецца ўсяго Закону, а згрэшыць у вадным чымнебудзь, стаецца вінаватым у ва ўсім.

Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб’еш, дык ты таксама адступнік ад закона.
 
Той бо, каторы сказаў: «Ня чужалож» сказаў і «Не забівай» (Прлп. 5:17); дык калі ня чужаложыш, але заб’еш, стаешся нарушыцелем Закону.

Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.
 
Так гаварэце й так паступаеце, як тыя, што маюць быць суджаныя законам волі.

Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.
 
Бо таго, хто не аказаў міласэрдзя, спаткае суд без міласэрдзя; міласэрдзе-ж узвышаецца над судом.

Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
 
Што за карысьць, браты мае, хтоб гаварыў, што ён мае веру, а учынкаўбы ня меў, Ціж (гэткая) вера маглаб яго збавіць.

Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,
 
І калі брат ці сястра ня меліб у што адзецца ды патрабаваліб штодзеннай стравы,

а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?
 
а хтонебудзь з вас ім сказаўбы: «Ідзеце ў супакоі абагрэйцеся й насыціцеся» ды не даўбы ім таго, што неабходнае целу, дык якая былаб карысьць,

Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.
 
Гэтак і вера, калі ня мае чынкаў, сама па сабе мярцьвіня.

А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.
 
Але скажа мо хто: Ты маеш веру, а я маю ўчынкі; пакажы мне веру тваю бяз учынкаў, а я табе пакажу веру маю з учынкаў.

Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.
 
Ты верыш, што ёсьць Бог адзін — добра робіш; алеж і чэрці вераць ды дрыжаць.

Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?
 
Ці хочаш ведаць, чалавеча нікчомы, што вера без учынкаў ёсьць мяртвай?

Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
 
Ціж ня учынкамі апраўдаўся Абрагам, айцец наш, ахвяруючы на аўтары сына свайго Ізаака?

Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.
 
Відзіш як вера судзейнічала з ягонымі учынкамі, і дзякуючы учынкам вера ўдасканалілася.

І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.
 
І збылося Пісанне, кажучае: Уверыў Абрагам Богу і палічана гэта яму ў апраўданасьць (Быцьцё 15:6) і названа яго Божым прыяцелем.

Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?
 
Бачыце, як учынкі апраўдваюць чалавека, а не сама толькі вера.

Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?
 
Гэтак і Рагаб, распусьніца, ціж ня учынкамі апраўдалася, прыняўшы запасочнікаў і адправіўшы іх іншай дарогай (Ёз. 2:4; Жыд. 11:31)?

Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.
 
як цела бо бяз духа ёсьць мяртвае, так і вера бяз учынкаў мяртвая.