Якава 2 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.
 
Браты мае, не зважаючы на асобы, майце веру ў Езуса Хрыста, нашага Пана хвалы.

Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,
 
Бо калі на сход ваш прыйдзе чалавек з залатым пярсцёнкам, у бліскучым адзенні, і ўвойдзе таксама бедны ў бруднай вопратцы,

і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,
 
і вы паглядзіце на апранутага ў бліскучае адзенне, і скажаце яму: «Ты сядай тут, на добрае месца», а беднаму скажаце: «Ты стань там ці сядай тут, каля падножжа майго»,

дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?
 
то ці ж не робіце адрознення між вамі самімі і не становіцеся суддзямі са злымі думкамі?

Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?
 
Паслухайце, мае ўмілаваныя браты. Ці ж не бедных свету выбраў Бог як багатых вераю і спадкаемцаў Валадарства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?

а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?
 
А вы пагардзілі бедным. Ці не багатыя прыгнятаюць вас, ці не яны цягнуць вас у суды,

Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?
 
ці не яны ганьбяць добрае імя, якім вы названы?

Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, — добра робіце.
 
Калі аднак выконваеце каралеўскі закон паводле Пісання: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе», — добра робіце.

Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.
 
Калі ж зважаеце на асобы, то чыніце грэх, а Закон асуджае вас як злачынцаў.

Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.
 
Бо кожны, хто захоўвае ўвесь Закон, а зграшыў у нечым адным, становіцца вінаватым ва ўсім.

Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб’еш, дык ты таксама адступнік ад закона.
 
Бо той, хто сказаў: “Не чужалож”, — сказаў таксама: “Не забівай”. Дык калі ты не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам Закону.

Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.
 
Гаварыце і чыніце так, як тыя, хто мае быць асуджаны паводле закону свабоды.

Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.
 
Бо суд без міласэрнасці чакае таго, хто не чыніў міласэрнасці. Міласэрнасць вышэйшая за суд.

Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
 
Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго?

Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,
 
Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы,

а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?
 
а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся», але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць?

Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.
 
Так і вера без учынкаў мёртвая сама па сабе.

А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.
 
Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі». Пакажы мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру маімі ўчынкамі.

Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.
 
Ты верыш, што ёсць адзін Бог? Добра робіш. Злыя духі таксама вераць і дрыжаць!

Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?
 
Але ці хочаш ведаць, пусты чалавеча, што вера без учынкаў мёртвая?

Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
 
Ці не праз учынкі быў апраўданы айцец наш Абрагам, калі прынёс свайго сына Ісаака на ахвярнік?

Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.
 
Ты бачыш, што вера супрацоўнічала з яго ўчынкамі і дзякуючы ўчынкам вера ўдасканалілася.

І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.
 
Так споўнілася Пісанне, якое кажа: «Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць», і ён быў названы сябрам Божым.

Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?
 
Бачыце, што чалавек апраўдваецца праз учынкі, а не толькі праз веру.

Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?
 
Таксама і Рахаб, распусніца, ці ж не ўчынкамі была апраўдана, калі прыняла пасланцоў і адправіла іх іншай дарогай.

Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.
 
Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў.