Выслоўяў Саламонавых 14 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Мудрыя жонкі ладзяць дом, але дурныя бураюць яго рукамі сваімі.
Мудрая жонка будуе сабе дом, а неразумная руйнуе яго сваімі рукамі.
Хто ходзе пасьціваю дарогаю, тый баіцца СПАДАРА, але крутадушны на дарогах сваіх грэбуе Ім.
Хто ходзіць проста, той баіцца ГОСПАДА, а хто крывіць шляхі свае, той грэбуе Ім.
У вуснах дурнога атожыла пыхі, але вусны мудрых ахараняюць іх.
У вуснах неразумнага дубец пыхлівасьці, а вусны мудрых захоўваюць іх.
Ідзе няма валоў, там ясьлі парожныя, але шмат прыбытку ад сілы вала.
Дзе няма скаціны, там ясьлі пустыя, але багата прыбытку ад сілы вала.
Праўдзівая сьветка ня будзе маніць, але сьветка манлівая нахукае маны.
Сьведка праўдзівы ня схлусіць, а сьведка фальшывы дыхае няпраўдай.
Скалазуб шукае мудрасьці, і не знаходзе; але веда лягкая таму, хто разумее,
Насьмешнік шукае мудрасьці, і яе няма, але веданьне лёгкае для разумнага.
Прайдзі ля неразумнае людзіны, і ня знойдзеш разумных вуснаў.
Адыйдзі ад чалавека дурнога, бо ня знойдзеш вуснаў разумных.
Мудрасьць разважных — знацьцё дарогі свае, дурнота ж дурных — ашука.
Мудрасьць разумнага — у разуменьні шляху свайго, а неразумнасьць дурняў — у ашуканстве.
Дурныя робяць насьмех ізь віны, але меж справядлівых — зычлівасьць.
Неразумныя сьмяюцца з віны, а пасярод правых — зычлівасьць.
Сэрца знае гарчэль душы свае, і чужнік не падзеле яго радасьці.
Сэрца ведае горыч душы сваёй, і ў радасьць ягоную ня ўвойдзе чужынец.
Дом нягодных абурыцца, але будан пасьцівых закрасуе.
Дом бязбожнікаў будзе зьнішчаны, а намёт правых закрасуе.
Бывае, дарога людзіне простаю, але канец яе — дарогі сьмерці.
Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці.
І ў часе сьмеху баліць сэрца, і канцом самае радасьці бывае смутак.
І ў часе сьмеху баліць сэрца, і заканчэньне радасьці — смутак.
Упорлівы сэрцам насыціцца дарогамі сваімі, а добрая людзіна — сваімі.
Падступны сэрцам насыціцца шляхамі сваімі, а добры чалавек — сваімі.
Просты вера кажнаму слову, але разважны разумее сьцежку сваю.
Неразумны верыць кожнаму слову, а разумны разважае пра крокі свае.
Мудры баіцца й адхінаецца ад ліха, але дурны шалее й пэўны.
Мудры баіцца і адварочваецца ад зла, а дурны гняўлівы і самаўпэўнены.
Апрысак наробе дурноты, але людзіну нягодных задумаў ненавідзяць.
Скоры на гнеў робіць дурасьць, а чалавек зламысны зьненавіджаны.
Простым спадзець дурнота, але разважныя каранаваны ведаю.
Неразумныя атрымліваюць у спадчыну дурасьць, а разумныя ўкарануюцца веданьнем.
Благія паклоняцца добрым, нягодныя — у брамах справядлівага.
Ліхія паклоняцца перад добрымі, а бязбожнікі — каля брамаў праведнікаў.
Нават прыяцель ненавідзе беднага, але шмат любячых багатага.
Бедны зьненавіджаны нават бліжнім сваім, але шмат тых, хто любіць багатага.
Хто грэбуе прыяцелям сваім, грэша; але шчасьлівы, хто міласэрны да беднага.
Хто цураецца бліжняга свайго, той грашыць, а хто літуецца над бедным, той шчасьлівы.
Ціж ня мыляцца задумляючыя ліха? але міласэрдзе а праўда ў тых, што думаюць праз дабро.
Ці ж не заблукалі тыя, якія задумляюць зло? Але міласэрнасьць і праўда будзе тым, якія задумляюць добрае.
З кажнае працы дастатак, але з пустое гаворкі адно нястача.
З кожнае працы будзе прыбытак, а ад пустых словаў — толькі нястача.
Карона мудрых ё багацьцям іхным, але дурата неразумных — дурнота.
Карона мудрых — багацьце іхняе, а вянок дурняў — глупства іхняе.
Вывальняе душу праўдзівая сьветка, але ашуканьнік дзьмухае ашукаю.
Сьведка праўдзівы ратуе душы, а хлусьлівы дыхае няпраўдай.
У страху Божым моцная пэўнасьць, і дзеці ягоныя будуць мець прытулішча.
У страху перад ГОСПАДАМ моцная пэўнасьць, і для сыноў Сваіх Ён будзе прыстанішчам.
Страх СПАДАРОЎ — жарало жыцьця, каб сьцерагчыся пасадак сьмерці.
Страх перад ГОСПАДАМ — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.
У множасьці люду пазор каралёў, а як мала люду — зьнішчэньне князя.
У мностве народу веліч валадара, а ў малалікасьці людзей — загуба князя.
Памальны да гневу — вялікага розуму, але апрысак павялічае шал.
У павольнага на гнеў багата розуму, а запальчывы выяўляе дурасьць.
Здаровае сэрца — жыцьцё целу, але завіднасьць — гніцьцё ў касьцёх.
Лагоднае сэрца — жыцьцё для цела, а зайздрасьць — парахненьне косткам.
Хто ўціскае беднага, зьневажае Стварыцеля яго; а хто сьціць Яго, мае міласэрдзе да беднага.
Хто прыгнятае ўбогага, той зьневажае Творцу ягонага, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным.
За ліха свае будзе адпіхнёны нягодны, але справядлівы пры сьмерці сваёй мае надзею.
Бязбожнік будзе адкінуты за ліхоцьце сваё, а праведнік і пры сьмерці сваёй мае надзею.
У сэрцу разумнага супачывае мудрасьць і сярод неразумных аказуецца.
У сэрцы разумнага жыве мудрасьць, і паміж дурняў яна вядомая.
Справядлівасьць павышае народ, а грэх — брыда людам.
Праведнасьць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў.
Зычлівасьць каралеўская да мудрага слугі, але гнеў ягоны на тога, што прычыняе сорам.
Зычлівы валадар да слугі разумнага, але абурэньне ягонае на таго, хто асаромлівае яго.