Быццё 39 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
А Язэпа завялі далоў да Ягіпту, і купіў яго Потыфар, легчанец Фараонаў, начэльнік старожы, Егіпцянін, з рук Ізмайлаўцаў, што зьвялі яго далоў туды.
А Язэп быў завезены ў Егіпет. І купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, егіпцянін, з рук ізмаэльцаў, якімі быў ён прыведзены.
І быў СПАДАР ізь Язэпам, і ён меў дасьпех, і быў у доме гаспадара свайго, Егіпцяніна.
І Госпад быў з ім, і ён быў чалавекам, якому добра вялося ва ўсім, і ён жыў у доме гаспадара свайго.
І пабачыў гаспадар ягоны, што СПАДАР ізь ім, і ўсяму, што ён робе, СПАДАР даець дасьпех у руках ягоных.
І той добра разумеў, што Госпад з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, рука Яго ім кіравала.
І знайшоў Язэп ласку ў ваччу ягоным, і служыў яму. І ён пастанавіў яго над дамоваю сваёй, і ўсе свае аддаў на рукі ягоныя.
І Язэп знайшоў ласку ў гаспадара свайго, і паслугаваў яму. І сталася, пасля таго, як той паставіў яго над домам сваім і ўсё, што меў, даручыў яму,
І было адгэнуль, як ён пастанавіў яго над дамоваю сваёю і над усім, што меў, і дабраславіў СПАДАР дамову таго Егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенства СПАДАРОВА на ўсім, што меў ён у доме і ў полю.
дабраславіў Госпад дом егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенне Госпада на ўсёй маёмасці яго: як у доме, так і на полі.
І пакінуў ён усе, што меў, у руццэ Язэпавай; і ня рупіўся празь нішто, апрача хлеба, каторы ён еў. А Язэп быў складны а пазорны.
І той аддаў усё, што меў, у рукі Язэпа, і не ведаў з ім ніякага іншага клопату, акрамя як пра хлеб, якім пасіляўся. А быў Язэп прыгожы тварам і прывабны знешне.
І было просьле гэтых стацьцяў: і ўзьняла жонка гаспадара ягонага вочы свае на Язэпа, і сказала: «Ляж із імною».
Дык звярнула вочы свае на Язэпа жонка гаспадара яго і кажа: «Спі са мною».
Але ён адмовіўся, і сказаў жонцы гаспадара свайго: «Вось, гаспадар мой ня рупіцца пры імне празь нішто ў дамове, і ўсе, што мае, аддаў на маю руку.
Але ён не згадзіўся і сказаў ёй: «Вось жа, гаспадар мой усё мне даручыў і не рупіцца ні пра што ў доме сваім,
Няма вялікшага за мяне ў дамове гэтай; і ён не задзяржаў ад мяне нічога, апрача толькі цябе, бо ты жонка ягоная; дык як жа я зраблю нягоднасьць вялікую гэтую і ізграшу перад Богам».
і не можа ніхто быць важнейшым у доме гэтым, чым я; і нічога мне не забараніў, апроч цябе, ты ж жонка яго. Дык як я магу дапусціцца гэтага вялікага злачынства і грашыць супраць Бога?»
І было, як яна гукала Язэпу што дня, а ён ня слухаў яе легчы каля яе, быць ізь ёю,
І падобнымі словамі штодзень дакучала жанчына юнаку, але ён адмаўляўся ад чужаложства.
І сталася аднаго дня: і ён увыйшоў у дом рабіць сваю работу, а нікога з хатніх ня было там у доме;
Здарылася аднаго дня, што ўвайшоў Язэп у дом і займаўся сваёй справай без сведкаў,
І яна схапіла яго за адзежу ягоную, кажучы: «Лажыся з імною». Але ён пакінуў адзежу сваю ў руццэ ейнай, і ўцёк, і вышаў вонкі.
а яна, схапіўшы яго за полы адзення, сказала: «Паспі са мной». А ён, пакінуўшы плашч у яе руках, уцёк і выйшаў вонкі.
І было, як абачыла яна, што ён пакінуў адзежу сваю ў руццэ ейнай і выбег вонкі,
Калі жанчына ўбачыла, што ён пакінуў плашч у яе руках і ўцёк вонкі,
І гукнула хатніх сваіх, і сказала ім, кажучы: «Гляньце, ён прывёў да нас Гэбрэя зьдзекавацца з нас. Ён прышоў да мяне, легчы з імною, але я закрычэла голасам вялікім;
паклікала дамоўнікаў сваіх і сказала ім: «Вось, прывёў ён мужчыну гебрая, каб ён здзекаваўся з нас; ён увайшоў да мяне, каб быць са мною. Калі я закрычала
І сталася, як ён пачуў, што я ўзьняла голас і закрычэла, дык пакінуў адзежу сваю каля мяне, і ўцёк, і вышаў вонкі».
і пачуў ён голас мой, пакінуў ён плашч, які трымала, а сам уцёк вонкі».
І палажыла адзежу ягоную каля сябе да прыходу гаспадара ягонага да дому свайго.
І затрыманы плашч паказала мужу, які вярнуўся дамоў,
І пераказала яму гэткімі словамі, кажучы: «Прышоў да мяне гэны нявольнік, гэны Гэбрэй, каторага ты прывёў да нас, пазьдзекавацца зь мяне.
і сказала падобныя гэтым словы: «Увайшоў да мяне паслугач гебрай, якога ты прыняў, каб ён насмяяўся з мяне;
І сталася, як я ўзьняла голас а закрычэла, дык ён пакінуў адзежу сваю каля мяне і ўцёк вонкі».
а калі пачуў крык мой, пакінуў плашч, які трымала, і ўцёк вонкі».
І сталася, як пачуў гаспадар ягоны словы жонкі свае, каторыя яна паведала яму, кажучы: «Гэткую прыгоду ўчыніў імне нявольнік твой!» дык узгарэўся гнеў ягоны;
Гаспадар, выслухаўшы гэтыя словы жонкі, моцна раззлаваўся
І ўзяў гаспадар Язэпаў яго, і аддаў яго да вязьніцы, месца, ідзе адбывалі кару вязьні каралеўскія. І быў ён там у вязьніцы.
і пасадзіў Язэпа ў вязніцу, дзе знаходзіліся вязні фараона. І там яго зняволілі.
І быў СПАДАР ізь Язэпам, і нахінуўся да яго міласердзям, і даў ласку яму ў ваччу начэльніка вязьніцы.
А Госпад быў з Язэпам і, пашкадаваўшы яго, даў яму ласку ў вачах начальніка вязніцы.
І аддаў начэльнік вязьніцы ў руку Язэпу ўсіх вязьняў, што былі ў вязьніцы, і ўсім, што яны там рабілі, ён загадаваў.
І ён аддаў у рукі Язэпа ўсіх вязняў, якіх трымалі пад вартай, і што толькі трэба было там зрабіць — ён рабіў.
Не наглядаў начэльнік вязьніцы над нічым у руках ягоных; бо СПАДАР быў ізь ім, і што ён рабіў, СПАДАР даваў сьпех.
А начальнік вязніцы не сачыў ужо за тым, што ў яго руцэ было, бо Госпад быў з ім і кіраваў усімі яго справамі.