Якава 3 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Няхай вас ня шмат будзе вучыцелямі, браты мае, ведаючы, што цяжшы суд адзяржым,
 
Хай з вас многія не квапяцца быць настаўнікамі, браты мае, ведаючы, што тым цяжэйшы атрымаем прысуд.

Бо мы ўсі часта спатыкаемся, Хто не спатыкаецца ў слове, тый дасканальны муж, дуж закілзаць і ўсе цела свае.
 
Бо ўсе мы шмат у чым грашым. Калі хто словам не грашыць, той дасканалы чалавек, які можа таксама ўтаймаваць усё цела сваё.

Гля, мы кілзаем коні, каб яны слухалі нас і кіруем усе цела іхнае.
 
Калі акілзваем коней, каб слухаліся нас, то падпарадкоўваем усё іх цела.

Вось, і караблі, такія вялікія і гнаныя буйнымі вятрамі, кіруюць малюсенькім штырном, куды хоча штырнік.
 
Вось і караблі, хоць такія вялікія, і магутныя вятры іх носяць, а кіруюцца маленькім стырном туды, куды стырнавы захоча.

Так і язык — малюсенькі арґан, а вялікімі рэчамі вяльмуецца. Гля, малюсенькі агонь як шмат лесу пале.
 
Так і язык, хоць малая частка цела, а шмат робіць. Вось, малы агеньчык вялікі лес падпальвае.

язык — агонь, сьвет несправядлівасьці; язык так пастаноўлены памеж арґанаў нашых, што брудзяне ўсе цела і запаляе кола прыроды, запаляны агнём пекляным.
 
І язык — гэта агонь, асяродак усякай несправядлівасці. Язык так змешчаны паміж нашых членаў, што апаганьвае ўсё цела, ды, сам запалены пякельным агнём, запальвае кола жыцця.

Бо ўсялякая прырода зьвяроў і птушак, паўзуноў і морскае жывёлы слышыцца і ўслышана прыродаю людзкой,
 
Бо ўсякая натура звяроў і птушак, гадаў ды марскіх жывёлін утаймоўваецца і ўтаймавана натурай чалавечай.

А языка ніхто зь людзёў услышыць ня можа: гэта няўзьдзержнае ліха, поўны сьмяротнае атруты.
 
Языка ж ніводзін чалавек не можа ўтаймаваць; і гэта — несупыннае ліха, поўнае смертаноснай атруты.

Ім дабраславім Спадара а Айца, ім клінем людзёў, на падобнасьць Божую ўчыненых:
 
Ім дабраслаўляем Госпада і Айца ды ім жа праклінаем людзей, якія створаны на падабенства Божае.

З тых жа вуснаў выходзе добраславенства й кляцьба. Ня мае так быць, браты мае.
 
З тых самых вуснаў выходзіць дабраславенства і праклён. Не павінна так быць, браты мае!

Ці пырскае з тае самае адтуліны жарала салодкая й гаркая вада?
 
Ці ж з тае самае крыніцы можа выцякаць вада салодкая і горкая?

Ня можа, браты мае, фіґа радзіць аліўкі альбо віно фіґі? Гэтак, жарало салонае й салодкае вады не вылівае.
 
Ці ж можа, браты мае, дрэва фігавае нараджаць аліўкі, або вінаградны куст — фігі? Не можа салёная крыніца даваць салодкую ваду.

Хто мудры а разумны з вас? пакажы добрым паступкам учынкі свае ў лагоднай мудрасьці.
 
Хто паміж вас мудры і разважлівы? Хай пакажа на справе добрымі паводзінамі і мудрай лагоднасцю.

Але калі ў сэрцу сваім вы маеце гаркую завідасьць а звадлівасьць, не хваліцеся й не маніце на праўду:
 
Калі ж у сэрцах вашых маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, дык не хваліцеся і не хлусіце супраць праўды.

Гэта ня мудрасьць, што зыходзе згары, але земная, прыродная, дзявальская;
 
Гэта не тая мудрасць, што з вышыні сыходзіць, але зямная, жывёльная, шатанская.

Бо йдзе завідасьць а звадлівасьць, там вераск і ўсе благое.
 
Бо дзе зайздрасць і сваркі, там бязладдзе ды ўсякая ліхая справа.

Але мудрасьць згары, першае, чыстая, адлі супакойная, лагодная, падаўкая, поўная міласэрдзя і добрых пладоў, бесстароньняя, нядвудушная.
 
А мудрасць, што з вышыні, перш за ўсё чыстая, пасля мірная, пакорлівая, лагодная, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронная ды некрывадушная.

Плод жа справядлівасьці ў супакою сеецца тым, што чыняць супакой.
 
Плод жа справядлівасці засяваецца ў міры тымі, што паводзяць сябе мірна.