Другі закон 18 разьдзел
Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Хай ня будзе ў сьвятароў Левітаў, у ўсяго плямені Левавага дзелі а спадку з Ізраелям: яны маюць жывіцца аброкамі СПАДАРОВЫМІ й Ягонай дзельлю;
Святары левіты, усё пакаленне Леві, хай не маюць ані часткі, ані ўласнасці ў Ізраэлю. Хай харчуюцца з ахвяр, паленых на ўшанаванне Госпада і спадчыны Яго.
Спадку ж ня будзе яму памеж братоў ягоных: Сам СПАДАР спадак ягоны, як казаў Ён яму.
Не атрымаюць яны нічога з уласнасці братоў сваіх: Сам Госпад — уласнасць іх, як Ён гэта сказаў ім.
І во што мае быць прызначана сьвятаром ад люду, ад абракаючых на аброк вала альбо авечкі: аддаваць сьвятару лапатку, шчэляпы а трыбух.
Вось што хай належыць па праву святару з таго, што народ складае ў ахвяру: якія складаюць у ахвяру вала або авечку, хай дадуць святару лапатку, дзве сківіцы і страўнік,
Пачаткі збожжа свайго, віннога соку свайго й алівы свае, і пачаткі воўны авец сваіх аддаваць яму;
пяршыні збожжа свайго, віна і алею, а таксама воўны ад стрыжкі авечак.
Бо яго абраў СПАДАР, Бог твой, з усіх плямёнаў тваіх, каб ён стаяў, каб служыў у іменю СПАДАРА, сам а сынове ягоныя ўсі дні.
Бо яго выбраў Госпад, Бог твой, з усіх пакаленняў тваіх, каб ён стаяў і служыў у імя Госпада, — сам ён і сыны яго, навечна.
І калі прыдзе Левіт із аднае з брамаў з усяго Ізраеля, ідзе ён жыў, і прыдзе на зычаньне душы свае на месца, каторае абярэць СПАДАР,
Калі пакіне левіт адзін з гарадоў усяго Ізраэля, у якім жыве ён як прыхадзень, і захоча пайсці, жадаючы таго месца, якое выбраў Госпад,
І будзе служыць у іменю СПАДАРА, Бога свайго, як і ўсі браты ягоныя Левіты, што стаяць там перад СПАДАРОМ;
хай служыць ён у імя Госпада, Бога свайго, як усе яго браты левіты, якія будуць стаяць там перад Госпадам,
То хай яны карыстаюць із аднолькавае дзелі, звыш адзяржанага ад продажы баччыны.
хай атрымлівае ён такую ж частку ўтрымання, як і іншыя, за выключэннем таго, што належыць яму ад бацькоўскай спадчыны.
Як ты ўвыйдзеш у зямлю, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе, ня вучыся рабіць падобна да брыды тых народаў:
Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, сцеражыся, каб не захацеў ты наследаваць брыдот гэтых народаў.
Ня мае быць знойдзены ў цябе праводзячы сына свайго альбо дачку сваю перазь цяпло, вяшчун вешчаваньня, назіраньнік часоў, варажбіт, вядзьмар,
Хай не знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, імкнуўся зведаць лёс або варажыў па дыме ці па прыкметах, хай не будзе чараўніка,
Чараўнік, выгукаючы духі, знахар і пытаючы ў мертвых;
ані чарадзея, ані таго, хто верыць у прароцтвы ці цудоўныя знакі, ані таго, хто шукае праўды ў памерлых,
Бо агіда СПАДАРУ кажны, што робе гэта, і за гэтыя агіды СПАДАР, Бог твой, выганяе іх ад віду твайго.
бо брыдзіцца Госпад усім гэтым, і за злачынствы такога кшталту Ён выганіць іх у час прыходу твайго.
Будзь беззаганны із СПАДАРОМ, Богам сваім;
Будзь дасканалы і беззаганны перад Госпадам, Богам тваім.
Бо народы тыя, каторыя ты выганяеш, слухаюць назіраньнікаў часоў а вяшчуноў; але табе ня тое даў СПАДАР, Бог твой.
Тыя вось народы, зямлёю якіх ты будзеш валодаць, слухаюць варажбітоў і прадказальнікаў; ты ж іначай навучаны Госпадам, Богам тваім.
Прароку з пасярод цябе, з братоў тваіх, як мяне, узьніме табе СПАДАР, Бог твой, Яго слухайце;
Прарока, як мяне, уздыме табе з народа твайго і з братоў тваіх Госпад, Бог твой, Яго слухайце.
Подле ўсяго, чаго ты прасіў у СПАДАРА, Бога свайго, ля Горыву ў дзень збору, кажучы: "Хай не пачую болей голасу СПАДАРА, Бога свайго, і цяпла гэтага вялікага няхай не абачу болей, каб імне не памерці".
Як прасіў ты пра гэта ў Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, у дзень сходу, калі казаў ты: “Не буду болей слухаць голас Госпада, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”.
І сказаў імне СПАДАР: "Добра тое, што яны казалі.
І сказаў мне Госпад: “Слушна тое, што яны сказалі.
Прароку я ўзьніму ім із пасярод братоў іхных, такога як ты, і дам словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён будзе казаць ім усе, што Я раскажу Яму;
Я пастаўлю ім паміж братоў іх Прарока, падобнага табе, ды ўкладу словы Мае ў Яго вусны, і Ён скажа ім усё, што Я Яму загадаю.
І будзе, што хто не паслухае словаў Маіх, каторыя будзе гукаць імям Маім, тый адкажа Імне.
Хто ж слоў Маіх, якія будзе прамаўляць Ён у імя Маё, не захоча слухаць, Я пакараю таго.
А тый прарока, каторы гарэзуе гукаць слова імям Маім, тое, чаго Я не расказаў яму гукаць, і каторы будзе гукаць імям багоў іншых, дык хай памрэць прарока тый".
А прарок, разбэшчаны пыхаю, які захоча гаварыць у імя Маё тое, чаго Я не загадаў, каб ён гаварыў, або ў імя чужых багоў, будзе забіты.
І калі скажаш у сэрцу сваім: "Як мы пазнаем слова, каторае ня СПАДАР казаў?"
А калі ты падумаеш у маўклівым разважанні: “Як я магу пазнаць слова, якога Госпад не гаварыў?”, —
Калі скажа прарока імям СПАДАРА, але ня станецца слова тое й ня спраўдзіцца, то гэта слова, што не казаў яго СПАДАР, але казаў яго прарока з гарэзасьці свае, — ня бойся яго.
гэтакі будзеш мець знак: калі прарок той прадказаў штосьці ў імя Госпада і гэта не споўнілася, значыцца, Госпад гэтага не казаў, але праз пыхлівасць душы сваёй гэта сам прарок прыдумаў, таму не бойся яго.