Другі закон 6 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І гэта расказаньне, уставы а суды, каторыя расказаў СПАДАР, Бог ваш, наўчыць вас рабіць у зямлі, да каторае вы пераходзіце туды, каб апанаваць яе;
 
«Такія вось загады, і прыказанні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб я навучыў вас, а вы каб выконвалі іх на зямлі, якую ідзяце ўзяць ва ўласнасць.

Каб ты баяўся СПАДАРА, Бога свайго, каб дзяржаў усі ўставы Ягоныя й расказаньні Ягоныя, каторыя расказую табе а сыну твайму а сыну сына твайго на ўсі дні жыцьця твайго, і каб працягнуліся дні твае.
 
Шануй Госпада, Бога твайго, і беражы ўсе прыказанні і загады Яго, якія даручаю табе, сынам і нашчадкам тваім на ўсё жыццё, каб даўгавечныя былі дні твае.

Дык слухай, Ізраелю, і заховуй, каб паўніць, каб табе было добра, і каб вы вельмі размнажыліся, як казаў СПАДАР, Бог айцоў тваіх, табе, у зямлі, што цячэць малаком а мёдам.
 
Слухай, Ізраэль, і пільнуй, каб выконваць, каб добра табе было і ўзрос ты лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, зямлю, што ацякае малаком і мёдам.

Слухай, Ізраелю: СПАДАР, БОГ наш, СПАДАР адзін.
 
Слухай, Ізраэль: Госпад, Бог наш, Госпад адзіны.

І любі СПАДАРА, Бога свайго, усім сэрцам сваім, і ўсёй душою сваёй, і ўсёй сілаю сваёй.
 
Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёй».

І хай будуць словы гэтыя, каторыя я расказую табе цяпер, на сэрцу тваім.
 
Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім.

І рупатліва вучы іх дзеці свае, і гукай празь іх, седзячы ў доме сваім, і йдучы дарогаю, і кладучыся, і ўстаючы.
 
Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся.

І завяжы іх на знак на руку сваю, і будуць як начэльнік памеж аччу твайго,
 
Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны быццам якая падвязка паміж вачэй тваіх.

І напішы іх на вушакох дому свайго і брамах сваіх.
 
Выпішы іх на бэльках дома твайго і на браме тваёй.

І будзе, як увядзець цябе СПАДАР, Бог твой, у тую зямлю, каторую Ён прысягаў айцом тваім, Абрагаму, Ісаку, а Якаву, каб даць табе вялікія а харошыя месты, каторых ты не будаваў,
 
Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую прысягнуў даць бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, каб даць табе гарады вялікія і выдатныя, якіх ты не будаваў,

І дамы, напоўненыя ўсялякім дабром, каторых ты не напаўняў, і студні, высечаныя, каторых ты не высякаў, і вінішчы а аліўнікі, каторых ты не садзіў, і будзеш есьці й пад’ясі;
 
дамы, поўныя ўсякіх багаццяў, якіх ты не збіраў, студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есці і спатоліш голад,

Сьцеражыся, каб ты не забыўся СПАДАРА, Каторы вывеў цябе ізь зямлі Ягіпецкае, з дому нявольнікаў.
 
сцеражыся вельмі, каб не забыўся ты пра Госпада, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі.

СПАДАРА, Бога свайго, бойся, і Яму служы, і імям Ягоным прысягай.
 
Госпада, Бога твайго, шануй, і Яму служы, і Яго імем прысягай.

Ня йдзіце за іншымі багамі, з багоў тых людаў, каторыя наўкола вас;
 
Не ідзі за багамі чужымі з ліку багоў тых народаў, якія акружаюць цябе,

Бо БОГ завідны СПАДАР, Бог твой, Каторы сярод цябе, каб не ўзгарэўся гнеў СПАДАРА, Бога твайго, на цябе, і ня выгубіў Ён цябе зь віду зямлі.
 
бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, — Бог руплівы апякун; каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб не сцёр Ён цябе з паверхні зямлі.

Не спакушайце СПАДАРА, Бога свайго, як вы спакушалі Яго ў Масе.
 
Не выпрабоўвай Госпада, Бога вашага, як выпрабоўвалі ў Масе.

Цьверда дзяржыце расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, а сьветчаньні ягоныя а ўставы ягоныя, каторыя Ён расказаў табе.
 
Захоўвай загады Госпада, Бога вашага, і сведчанні і прыказанні, якія даў Ён табе;

І рабі справядлівае а добрае перад ачыма СПАДАРА, каб добра табе было, і каб ты ўвыйшоў, і спала табе добрая зямля, праз каторую прысягаў СПАДАР айцом тваім,
 
і рабі, што правільна і што добра перад абліччам Госпада, каб добра было табе і каб, увайшоўшы, атрымаў ты ва ўласнасць зямлю найлепшую, наконт якой Госпад склаў прысягу бацькам тваім,

Каб Ён выпіхнуў усіх варагоў тваіх ад віду твайго, як казаў СПАДАР.
 
каб вынішчыў Ён усіх ворагаў тваіх перад табою, як сказаў Госпад.

Калі папытаецца ў цябе сын твой заўтра, кажучы: "Што за сьветчаньні, уставы а суды, каторыя расказаў СПАДАР, Бог наш, нам?"
 
Калі спытаецца цябе ў будучым сын твой, кажучы: “Што за сэнс гэтых сведчанняў, прыказанняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог наш?” —

То скажы сыну свайму: "Слугамі былі мы ў Фараона ў Ягіпце, і вывеў нас СПАДАР ізь Ягіпту рукою моцнай,
 
скажы яму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Егіпце, але вывеў нас Госпад з Егіпта рукой дужай,

І даў СПАДАР знакі а чудосы вялікія й ліха ў Ягіпце на Фараона а на ўвесь дом ягоны перад ачыма нашымі;
 
ды чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Егіпце супраць фараона і ўсяго дому яго ў прысутнасці нашай,

А нас вывеў, каб прывесьці нас, каб даць нам зямлю, праз каторую прысягаў айцом нашым.
 
і вывеў нас адтуль, каб нам, уведзеным, даць зямлю, адносна якой прысягнуў бацькам нашым даць нам.

І расказаў нам СПАДАР паўніць усі ўставы гэтыя, каб мы баяліся СПАДАРА, Бога свайго, на дабро нам усі дні, каб захаваць наша жыцьцё, як і цяпер.
 
І загадаў нам Госпад, каб выконвалі мы ўсе гэтыя прыказанні і каб шанавалі Госпада, Бога нашага, і тады добра будзе нам усім у дні жыцця нашага, як і сёння жывём.

І справядлівасьцю будзе нам, калі мы будзем рупіцца паўніць усе расказаньне гэтае перад відам СПАДАРА, Бога свайго, як Ён расказаў нам".
 
І будзе нам справядлівасць, калі мы будзем берагчы і выконваць усе загады гэтыя перад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў”».