Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
І таго ж дня, вышаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.
У той жа дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.
І зьберліся да Яго чысьленыя груды, так што Ён увыйшоў у струг і сеў, а ўвесь груд стаяў на беразе.
І зыйшлося да Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен каб сесьці, а ўвесь народ стаяў на беразе.
І гукаў ім шмат прыпавесьцьмі, кажучы: «Вось, вышаў сяўбіт сеяць;
І гаварыў ім шмат прыповесьцямі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
І як ён сеяў, адныя палі край дарогі, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх;
І калі ён сеяў, іншае (семя) упала ля дарогі; і наляцелі птушкі і падзяўблі гэнае.
А другія палі на месцы камяністыя, ідзе ня шмат было зямлі, і неўзабаве абышлі, бо зямля была няглыбокая;
А іншае ўпала на (мейсцы) камяністыя, дзе няшмат было зямлі; і зараз узыйшло, бо зямля была ня глыбокая.
Як жа ўзышло сонца, зьвялі і, ня маючы карэньня, ссохлі;
Калі ж узыйшло сонца, завяла, і ня меўшы караня, засохла.
А іншыя палі ў церне, і вырасла церне, і заглушыла іх;
Іншае ж упала сярод цярніны, і вырасла цярніна і заглушыла яго.
Але іншыя палі ў добрую зямлю й далі плод: адно сто разоў, другое шасьцьдзясят, іншае трыццаць.
Іншае ж упала на зямлю добрую і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, другое ж у шэсьцьдзясят, іншае ж у трыццаць.
Хто мае вушы, няхай слухае!»
Хто мае вушы чуць, хай чуе!
І, прыступіўшы, вучанікі сказалі Яму: «Чаму гукаеш ім прыпавесьцьмі?».
І, прыступіўшыся, вучні сказалі Яму: чаму гаворыш ім прыповесьцямі?
Ён, адказуючы, сказаў: «Бо вам дана ведаць тайны гаспадарства нябёснага, але ім ня было дана;
Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: таму што вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябёсаў, а ім ня дадзена.
Бо хто мае, таму дасца, і ў яго будзе збытак; а хто ня мае, у таго будзе нават аднята й тое, што мае.
Бо хто мае, таму дадзена будзе і прымножана, а хто ня мае, у таго будзе аднята нават тое, што мае.
Затым кажу ім прыпавесьцьмі, што яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ані разумеюць.
Таму кажу ім прыповесьцямí, таму што яны гледзячы ня бачаць, і слухаючы ня чуюць, і ня разумеюць.
І споўніцца на іх прароцтва Ісаі, што кажа: "Прыслухаючыся, будзеце слухаць, і не зразумееце; і прыглядаючыся, глядзець будзеце, і не зацеміце;
І збываецца над імі прароцтва Гісаі, якое кажа: вухам пачуеце і ня зразумееце, і, прыглядаючыся, будзеце глядзець і ня ўбачыце.
Бо абрасло тукам сэрца люду гэтага, і вушамі яны ледзь чуюць, і вочы свае яны зачынілі, каб не абачыць ачыма, і вушамі не пачуць, і сэрцам не зразумець, і не навярнуцца, каб Я не ўздаравіў іх’.
Бо агрубела сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ім ня ўбачыць вачыма, і ня пачуць вушамі, і сэрцам ня зразумець, ды ня навярнуцца (да Мяне), каб Я аздаравіў іх.
Вашы ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашы, бо чуюць;
Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць.
Бо запраўды кажу вам, што шмат прарокаў а справядлівых жадала бачыць тое, што вы аглядаеце, і не абачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
Бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня ўбачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня пачулі.
«Вы ж услухайцеся ў прыпавесьць празь сяўбіта.
Вы ж уразумейце прыповесьць (пра) сейбіта.
Да кажнага, хто чуе слова праз гаспадарства і не разумее, прыходзе злы й хапае пасеянае ў сэрцу ягоным: гэта пасеянае край дарогі.
Да кожнага, што слухае Слова Валадарства і ня разумее, прыходзіць благі і з сілай выкрадае пасеянае ў сэрцы ягоным, — гэта ёсьць пасеянае ля дарогі.
А пасеянае на скалістых месцах — гэта тый, хто чуе слова і неўзабаве з радасьцяй прыймае яго;
А пасеянае на камяністыя мясьціны, — гэта ёсьць той, што слухае Слова і зараз жа з радасьцяй прыймае яго;
Але ня мае караня ў сабе і часны, а як настаець уціск альбо перасьледаваньне за слова, неўзабаве спатыкаецца.
але ня мае ў сабе караня і нясталы: калі ж настае бяда ці перасьледаваньне за Слова, адразу адступаецца.
А пасеянае ў церню — гэта, хто чуе слова, але клопат гэтага веку й спадман багацьця глуша слова, і яно робіцца бясплодным.
А пасеянае ў цярніне азначае таго, што слухае Слова, але клопаты веку гэтага і панада багацьця заглушаюць Слова, і стаецца яно бясплодным.
Пасеянае ж у добрую зямлю — гэта, хто чуе слова й разумее, гэты родзе плод і даець: хто сто, хто шасьцьдзясят, хто трыццаць».
А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто слухае Слова і разумее, які зараз жа прыносіць плод і дае: адзін дае сто, іншы шэсцьдзесят, а іншы трыццацькрот.
Другую прыпавесьць прывёў Ён ім, кажучы: «Падобнае гаспадарства нябёснае да чалавека, што пасеяў добрую сяўбу на полю сваім;
Другую прыповесьць прапанаваў Ён ім, кажучы: Валадарства Нябёсаў падобна чалавеку, які сее добрае семя на полі сваім.
Але, як людзі спалі, прышоў непрыяцель ягоны, і насеяў кукелю памеж пшонкі, і адышоў.
Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны і пасеяў куко́ль сярод пшаніцы, і пайшоў.
Як жа збожжа абышло й наліло й дало плод, тады выявіўся й кукель.
Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады зьявіўся і куко́ль.
І, прышоўшы, чаляднікі гаспадаровы сказалі яму: "Спадару, ці ня добрую сяўбу пасеяў ты на полю сваім? скуль жа ў ім кукель?’
Прыйшоўшы ж рабы гаспадара дому сказалі яму: Гаспадар! ці ня добрае семя пасеяў ты на полі тваім? Адкуль жа на ім куко́ль?
Ён сказаў ім: "Непрыяцель зрабіў гэта’. Чаляднікі ж яму кажуць: "Ці хочаш, каб мы пайшлі й выпалалі?’
Ён жа сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, тады (мы) пойдзем, выпалем яго?
Але ён кажа: "Не, каб, вырываючы кукель, вы ня вырвалі зь ім разам і пшонкі.
Але ён запярэчыў: не, каб, выбіра́ючы куко́ль, вы ня павырыва́лі ра́зам зь ім (і) пшаніцы.
Пакіньце расьці абое да жніва, і ў жніво я скажу жнеям: вырвіце ўперад кукель і зьвяжыце ў вязанкі, каб спаліць іх; а пшонку зьбярэце на ток мой’».
Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва (я) скажу жанцам: зьбярэце перш куко́ль і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.
Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябёснае да зярняці гарчычнага, каторае чалавек узяў пасеяў на полю сваім.
Іншую прыповесьць прапанаваў (Ён) ім, кажучы: Валадарства Нябёсаў падобна зярняці гарчыцы, якое, узяўшы, чалавек пасеяў на полі сваім,
Яно запраўды найменшае за ўсю сяўбу, але, як вырасьце, яно найбольшае сярод зельля і стаецца дзервам, так што птушкі нябёсныя прылятаюць і віюць гнезды ў гольлю яго».
яно меншае за ўсякае семя; але, калі вырасьце, яно большае за ўсякую агародную расьліну, і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі ягоным.
Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябеснае да рашчыны, каторую, узяўшы, жонка замясіла ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсе».
Іншую прыповесьць сказаў (Ён) ім: падобна Валадарства Нябёсаў да рашчыны, якую ўзяўшы, жанчына замясіла ў трох мерах мукі, дакуль ня скісла ўсё.
Усе гэта Ісус гукаў грудом прыпавесьцямі, а без прыпавесьці ня гукаў ім;
Ўсё гэтае гаварыў Ісус народу прыповесьцямі, і бяз прыповесьці ня гаварыў ім,
Каб спаўнілася сказанае прарокам, што кажа: «Адчыню прыпавесьцьмі вусны Свае; вымаўлю схаванае ад закладзінаў сьвету».
каб збылося ска́занае праз прарока, які кажа: адчыню ў прыповесьцях Вусны Мае, выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету. (Пс. 78:2)
Тады, адаслаўшы груды, Ісус, увыйшоў у дом. І прыступілі да Яго вучанікі Ягоныя, кажучы: «Зьясьні нам прыпавесьць праз палявы кукель».
Тады, адпусьціўшы народ, Ісус увайшоў у дом. І прыступіліся да Яго вучні Ягоныя, кажучы: растлумач нам прыповесьць пра куко́ль на полі.
Ён жа, адказуючы, сказаў: «Сяўбіт добрае сяўбы ё Сын Людзкі;
Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы.
Поле ё сьвет; добрая сяўба, гэта — сынове гаспадарства, а кукель — сынове злога;
А поле ёсьць сьвет, а добрае насеньне гэта — сыны Валадарства, а куко́ль ёсьць сыны благога;
Непрыяцель, што пасеяў яго, ё д’ябал; жніво ё канчатак веку, а жнеі — ангілы.
а вораг, які пасеяў іх, ёсьць дыябал; а жніво ёсьць сканчэньне веку; а жанцы ёсьць Ангелы.
Затым, як вырываюць кукель і паляць цяплом, так будзе пры канчатку гэтага веку:
А таму, як зьбіраюць куко́ль і агнём паляць, гэтак будзе пры сканчэньні веку гэтага:
Пашлець Сын Людзкі ангілаў Сваіх, і зьбяруць із гаспадарства Ягонага ўсі спадманы і робячых бяспраўе,
пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе спакусы і ўсіх, хто робіць бяззаконьне.
І ўкінуць іх у печ агняную; там будзе плач а скрыгот зубамі.
І ўкінуць іх у печ вагністую: там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.
Тады справядлівыя будуць зьзяць, як сонца, у гаспадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, няхай слухае!
Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Валадарстве Бацькі іхняга. Хто мае вушы каб чуць, няхай чуе!
«Падобнае гаспадарства нябёснае да скарбу, схаванага на полю. каторы, знайшоўшы, людзіна тое, і з радасьці зь яго йдзець і прадаець усе, што мае, і купляе поле тое.
Яшчэ падобна Валадарства Нябёсаў да скарбу, схава́наму на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэнае поле.
«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да купца, што шукае харошых пэрлаў,
Яшчэ падобнае Валадарства Нябёсаў чалавеку купцу, які шукае сапраўдных пэрлаў
Каторы, знайшоўшы адну дарагую пэрлу, адыйшоўшы, прадаў усе, што меў, і купіў яе.
які, знайшоўшы адну вельмі дарагую пэрліну, пайшоў, прадаў усё што меў і купіў яе.
«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да неваду, закіненага ў мора, што захапляе ўсячыну,
Яшчэ падобнае Валадарства Нябёсаў да нерату, які закінулі ў мора і захапілі ўсякага роду (рыбы),
Каторы, як напаўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрую зьберлі ў судзьдзе, а благую выкінулі вон.
які, калі напоўніўся, выцягнулі на бераг, і, сеўшы, добрую сабралі ў судзіны, а благую выкінулі вон.
Гэтак будзе пры канчатку веку: пойдуць ангілы, і вылучаць благіх з пасярод справядлівых,
Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць Ангелы і аддзеляць ліхіх спасярод праведных
І ўкінуць іх у печ агняную: там будзе плач а скрыгот зубамі».
і ўкінуць іх у печ вагністую. Там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.
І папытаўся ў іх Ісус: «Ці зразумелі вы ўсе гэта?» Яны адказалі Яму: «Але, Спадару!»
Пытаецца ў іх Ісус: ці зразумелі (вы) усё гэтае? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
Ён жа сказаў ім: «Затым кажны кніжнік, навучаны гаспадарства нябёснага, падобны да дамовага гаспадара, што выносе із скарбніцы свае новае й старое».
Ён жа сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны дзеля Валадарства Нябёсаў, падобны чалавеку гаспадару дому, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
І сталася, як скончыў Ісус прыпавесьці гэтыя, Ён пайшоў стуль.
І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, (Ён) пайшоў адтуль.
І, прыйшоўшы да краіны Свае, вучыў іх у бажніцы іхнай, так што зумяваліся яны й казалі: «Скуль у Яго мудрасьць гэтая й магучыя ўчынкі?
І, прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхнай, так што яны дзівіліся і казалі: адкуль у Яго гэткая мудрасьць і сілы?
Ці ня Ён сын цесьлі? Ці ня Маці Ягоная завецца Марыя, і браты Ягоныя Якаў, Язэп, Сымон а Юда?
Ці ня цесьляў Ён Сын? Ці ня Ягоная маці завецца Марыля, і браты Ягоныя Якуб, і Ёся, і Сымон, і Юда?
І сёстры Ягоныя ці ня ўсі з намі? У Яго ж скуль усе гэта?».
І ці ня ўсе сёстры Ягоныя ёсьць сярод нас? Дык адкуль у Яго ўсё гэтае?
І мелі спаткненьні з прычыны Яго. Ісус жа сказаў ім: «Няма прарокі бязь сьці, хіба адно ў краю сваім а ў доме сваім».
І сумняваліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: ня бывае прарок няганаро́вым, хíба толькі на бацькаўшчыне Ягонай і ў доме Ягоным.
І ня зьдзеяў там шмат магучых учынкаў з прычыны няверы іхнае.
І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверы іхнай.