Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Апосталъ)
А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прышла гадзіна Ягоная, каб адыйсьці з гэтага сьвету да Айца, умілаваўшы Сваіх собскіх. што на сьвеце, улюбіў іх да канца.
І ў часе вячэры, — а дзявал ужо быў укінуўшы ў сэрца Юды Сыманёнка Іскарыёта, ізрадзіць Яго. —
Ведаючы, што Айцец даў Яму ўсе ў рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога вышаў і да Бога йдзець,
Устаець ад вячэры, і адкладае адзецьце, і, узяўшы ручнік, паперазаўся.
Адлі наліў вады ў мыпельнік, і пачаў мыць ногі вучанікам, і выціраць ручніком, каторым быў падперазаўшыся.
Падходзе да Сымона Пётры, і гэты кажа Яму: «Спадару, Ты імне мыць ногі?»
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты ня ведаеш цяпер, але даведаешся потым».
Пётра кажа Яму: «Ты ніколі ня будзеш мыць ногі імне!» Ісус адказаў яму: «Калі не памыю цябе, ты ня будзеш мець часьці з Імною».
Сымон Пётра Яму: «Спадару, ня толькі ногі мае, але таксама рукі а галаву».
Ісус кажа яму: «Хто пакупаўшыся, не патрабуе мыць, апрача ног, але ўвесь ён чысты; і вы чыстыя, але ня ўсі».
Бо ведаў Ён праз ізрадніка Свайго, затым сказаў: «Ня ўсі вы чыстыя».
Як жа Ён памыў ногі ім, і ўзяў адзецьце Свае, і ўзьлёг ізноў, Ён сказаў ім: «Ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
Вы завіце Мяне Вучыцель а Спадар, і добра кажаце, бо Я ё.
Дык калі Я, Спадар а Вучыцель, памыў ногі вам, вы таксама маеце мыць ногі адзін аднаму.
Бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, вы рабілі таксама.
Запраўды, запраўды кажу вам: нявольнік не вялікшы за спадара свайго ані пасланы вялікшы за тога, хто яго паслаў.
Калі вы ведаеце гэта. шчасьлівыя вы, калі робіце гэта.
Не праз усіх вас кажу: Я знаю тых, каторых абраў. Але каб выпаўнілася Пісьмо: "Хто есьць із Імною хлеб, падняў пяту сваю на Мяне".
Цяпер кажу вам, перш чымся сталася, каб, як станецца, уверылі. што Я ё.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто прыймае каго-колечы, каго Я пашлю, Мяне прыймае; а хто Мяне прыймае, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне».
Сказаўшы гэта, Ісус зьнемарасьціўся ў духу, і пасьветчыў, і сказаў: «Запраўды, запраўды кажу вам, што адзін із вас ізрадзе Мяне».
Тады вучанікі пазіралі адзін на аднаго, сумляючыся праз каго ён сказаў.
І адзін із вучанікаў, каторага Ісус мілаваў, узьляжаў ля грудзёў Ісусавых.
Затым Сымон Пётра кіўнуў і кажа яму: «Папытай, хто бы гэта быў, праз каго Ён казаў».
А ён, узьлёгшы на грудзі Ісусавы, кажа Яму: «Спадару, хто гэта?»
Ісус кажа: «Тый, каму Я зануру й дам гэты кавалак». І, занурыўшы кавалак, даець яго Юду Сыманёнку Іскарыёту.
І тады, просьле гэтага кавалка, увыйшоў у яго шайтан. І Ісус кажа яму: «Што робіш, рабі борзда».
Але ніхто зь іх узьлежачых ня ведалі, чаму Ён сказаў яму гэта.
Бо некатрыя думалі, што кажа яму Ісус: «Купі, што нам надабе на сьвята», альбо, каб даў што ўбогім, бо ў Юды быў хатуль.
І ён, узяўшы тый кавалак, зараз вышаў. І была ноч.
Як ён вышаў, Ісус кажа: «Цяпер услаўлены Сын Людзкі, і Бог услаўлены ў Ім.
Калі Бог услаўлены ў Ім, Бог таксама ўславе Яго ў Сабе, і неўзабаве ўславе Яго.
Дзеці! яшчэ крыху Я з вамі. Будзеце шукаць Мяне, і, як Я сказаў Юдэям: "Куды Я йду, вы ня можаце пайсьці"; кажу таксама вам цяпер.
Новае расказаньне даю вам, каб вы мілавалі адзін аднаго; як Я мілаваў вас, каб і вы любілі адзін аднаго.
Па гэтым пазнаюць усі, што вы вучанікі Мае, калі будзеце мець любоў мяжсобку».
Сымон Пётра кажа Яму: «Спадару, куды Ты йдзеш?» Ісус адказаў яму: «Куды Я йду, ты ня можаш за Імною йсьці цяпер, але пойдзеш за Імною потым».
Пётра кажа Яму: «Спадару, чаму я не магу йсьці за Табою цяпер? Я аддам жыццё свае за Цябе»
Ісус адказуе: Ты аддасі жыцьцё свае за Мяне? Запраўды, запраўды кажу табе: пятух не запяець, як ты выпрашся Мяне трэйчы.