Марка 1 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Апосталъ)

 
 

Пачатак Евангелі Ісуса Хрыста, Сына Божага.
 

Як напісана ў Ісаі прарокі: «Вось, Я пасылаю ангіла Свайго перад відзеньням Тваім, каторы прыгатуе дарогу Тваю перад Табою.
 

Голас гукаючага на пустыні: гатуйце дарогу Спадарову, раўнуйце сьцежкі Яму!».
 

Сталася, што Яан хрысьціў на пустыні, абяшчаючы хрэст каяты на дараваньне храхоў.
 

І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская а Ерузалімляне ўсі, і хрысьціліся ў яго ўсі ў раццэ Ёрдане, вызнаючы грахі свае.
 

Яан жа насіў адзецьце зь вярблюджае поўсьці і дзягу на сьцёгнах сваіх, і еў шаранчу а дзікі мёд.
 

І абяшчаў, кажучы: «Ідзець за імною дужшы за мяне, Катораму я ня гожы, нахінуўшыся, разьвязаць рэменьчык вобую Ягонага.
 

Я запраўды хрысьціў вас вадою, але Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым».
 

І сталася тых дзён, што Ісус прышоў з Назарэту Ґалілейскага і хрысьціўся ў Яана ў Ёрдане.
 

І зараз, выходзячы з вады, абачыў нябёсы расьхіненыя і Духа, як галубу, зыходзячага на Яго.
 

І быў голас ізь нябёсаў: «Ты Сын Мой любовы, у Табе Мае вялікае ўпадабаньне».
 

І зараз Дух павёў Яго на пустыню.
 

І быў Ён там на пустыні сорак дзён, спакушаны шайтаном, і быў ізь зьверанятамі; і ангілы паслугавалі Яму.
 

І просьле таго, як Яан быў выданы, прышоў Ісус да Ґалілеі, абяшчаючы Евангелю гаспадарства Божага,
 

І кажучы: «Выпаўніўся час і дабліжылася гаспадарства Божае; пакайцеся а верце ў Евангелю».
 

І праходзячы ж ля мора Ґалілейскага, абачыў Сымона а Андрэя, брата ягонага, што закідалі сеці ў мора, бо яны былі рыбнікі.
 

І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Імною, і Я зраблю, што вы станеце лаўбітамі людзёў».
 

І яны зараз, пакінуўшы сеці свае, пайшлі за Ім.
 

І прайшоўшы стуль крыху, Ён абачыў Якава Зэведэявага а Яана, брата ягонага, што таксама былі ў струзе, правячы сеці свае;
 

І зараз пагукаў Ён іх, і, пакінуўшы айца свайго Зэведэя ў струзе з наймітамі, пайшлі за Ім.
 

І прыйшлі да Капернауму; і зараз у сыботу ўвыйшоў ён у бажніцу, і навучаў.
 

І зумяваліся з навукі Ягонае, бо Ён навучаў іх, як уладу маючы, а не як кніжнікі.
 

І зараз у бажніцы іхнай апынуўся чалавек, маючы духа нячыстага, і закрычэў,
 

Кажучы: «Пакінь, чаго Табе да нас, Ісусе Назарэцкі? ці Ты прышоў загубіць нас? Знаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы».
 

Але Ісус зганіў, кажучы: «Змоўкні і выйдзі зь яго».
 

Тады дух нячысты, скалатнуўшы яго й закрычэўшы вялікім голасам, вышаў зь яго.
 

І ўсі зжахнуліся, ажно адзін у ваднаго пыталіся: «Што гэта? што гэта за новая навука, што Ён і духом нячыстым расказуе з уладаю, і яны слухаюць яго?»
 

І ўборзьдзе разышлася празь Яго ведамка па ўсёй аколіцы ў Ґалілеі.
 

Вышаўшы неўзабаве з бажніцы, прышлі да дому Сымонавага а Андрэевага зь Якавам а Яанам.
 

Цешча ж Сымонава ляжала ў гаручцы; і без адвалокі кажуць яму празь яе.
 

І, дабліжыўшыся, Ён падняў яе, узяўшы яе за руку; і гаручка якга пакінула яе, і яна паслугавала ім.
 

І ўвечары заходам сонца прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных нячысьцікам.
 

І ўсе места зьберлася да дзьвярэй.
 

І Ён уздаравіў шмат якіх, хворых на розныя хваробы, і выгнаў шмат нячысьцікаў, і не дазваляў нячысьцікам гукаць, бо яны зналі Яго.
 

І нараніцы, устаўшы рана на додніцы, вышаў, і адышоў на пустыннае месца, і там маліўся.
 

Сымон а бытыя зь Ім пайшлі глядзець Яго.
 

І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усі шукаюць Цябе».
 

Ён кажа ім: «Пайдзіма да іншае мясцовасьці, да суседніх местачкаў, каб Імне й там абяшчаць, бо на тое Я прышоў».
 

І Ён абяшчаў у бажніцах іхных па ўсёй Ґалілеі, і выганяў нячысьцікаў.
 

Прыходзе да Яго хворы на праказу і, молячы Яго а клякаючы перад Ім, кажа Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
 

Ісус, пажалеўшы яго, выцягнуў руку, даткнуўся да яго й сказаў яму: «Хачу, ачысьціся».
 

І якга зышла зь яго праказа, і ён быў чысты.
 

І із стродкім заказам зараз выслаў яго.
 

І сказаў яму: «Глядзі нікому нічога не кажы, але йдзі, пакажыся сьвятару і абрачы за ачышчэньне свае тое, што расказаў Масей, на сьветчаньне ім».
 

Але ён, вышаўшы, пачаў шмат агалашаць праз сталае, ажно Ісус ня мог ужо яўна ўвыйсьці ў места, але быў вонках на месцах пустых. І прыходзілі да Яго адусюль.