Марка 4 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Ды зноў пачаў навучаць ля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на сухазем’і краймора.
 
І зноў пачаў навучаць каля мора, Ды вось сабралася вакруг Яго вялізарная грамада, так што Ён ўвайшоў у лодку на моры і сеў, а ўся грамада стаяла на беразе мора.

І шмат навучаў іх у прыповесьцях і гаварыў ім у сваёй навуцы:
 
І навучаў іх многа чаго ў прыповесьцях. І казаў ім у Сваёй навуцы.

Слухайце: вось выйшаў сяйбіт сеець.
 
Слухайце: "Вось аднойчы сяўбіт пайшоў на сяўбу.

І калі ён сееў, адно ўпала пры дарозе і наляцелі птушкі нябесныя ды здзяўблі яго.
 
А калі сеіў адно зярнё пала пры дарозе, затым наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі іх.

А другое ўпала на скалісты грунт, дзе ня мела даволі зямлі й хутка ўзыйшло, зямля бо была няглыбокая;
 
Другое зярно пала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі. Хутка ўзыйшло, але таму, што зямля была не глубокая

і як паднялося сонца, завяла, й, ня маючы кораня, ссохла.
 
дык калі сонца ўзыйшло, зьвяла, таму, што ня мела карэньняў, высахла.

А іншае ўпала ў церні, і ўзбуялі церні ды заглушылі яго й не дало плоду.
 
А іншае ўпала ў церні (калючнік): вырасьлі церні ды заглушылі яго і не дало пладоў.

Іншае-ж упала на добрую землю й дало плод, што ўзыйшоў і вырас — і ўрадзіла адно ўтрыццацера, другое ўсоцера.
 
Яшчэ іншыя наастатак палі на ўрадлівую зямлю і далі багаты плод: узыходзілі, расьлі і далі плод: адно трыццаць, адно — шесьцьдзесят, адно — сто.

І напамінаў: Хто мае вушы слухаць, хай слухае.
 
І казаў: "Хто мае вушы, каб слухаць — хай слухае.

І калі быў сам адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, што з ім былі, аб прыповесці.
 
Калі Езус застаўся адзін, тыя, што з Ім былі разам з дванаццацю пыталіся ў Яго адносна прыповесьцяў.

І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу валадарства Божага, а для тых, якія ўвонках, усё адбываецца ў прыповесцях,
 
Дык сказаў Ён ім: "Вам дадзена знаць таямніцы Каралеўства Божага; пастароньнім усё гаворыцца ў прыповесьцях,

каб «гледзячы глядзелі й ня бачылі, слухаючы чулі й ня цямілі; каб часом не навярнуліся й ня былі ім грахі адпушчаны» (Із. 6:9−10).
 
каб вачыма глядзелі, а ня бачылі, ды каб вушыма слухалі — але ня чулі, каб часам не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі. (Із. 6:9−10).

І кажа ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа вам зразумець усе іншыя?
 
Затым спытаўся ў іх: "Няўжо вы не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці поймеце?

Той, хто сее, слова сее.
 
Сяўбіт — хто слова сее.

А што пры дарозе, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як пачуюць, зараз прыйходзіць шатан і забірае слова, пасеенае ў сэрцах іхніх.
 
Пасеянае пры дарозе абазначае тых, у якіх сеецца слова, але калі пачуюць, зараз прыходзіць шатан (ліхі) і вырывае пасеянае ў іх слова.

Гэтаксама й тыя з грунтам скалістым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасцю прыймаюць яго,
 
А тыя, што на камяністым месцы пасеяна — тыя, што пачуўшы слова — прыймаюць яго зараз з радасьцю.

але, ня маючы ў сабе карэння трываюць дачасу, потым, як настане прыгнобленне й прасьлед дзеля слова, хутка горшацца.
 
Але ня маючы ў сабе караня, таму не трывалыя: потым адпадаюць — калі надыйдзе прыгнёт і прасьлед дзеля слова, зараз жа горшацца.

Й іншыя, дзе сеецца ў цернях, гэта тыя, што слухаюць слова,
 
А тымі, што ў цернях пасянае, гэта тыя, што слухаюць слова,

але жыцьцявыя турботы й мана багацьця ды іншыя пажаданні, ўвайшоўшы, глушаць слова й стаецца бясплодным.
 
але сьвецкія клопаты і чароўнасьць (чар) багацтва ды прагавітасьць іншых рачэй (страсьці), пранікаючы іх — заглушаюць слова і яно не прыносіць плоду.

А што на добрай зямлі пасеена, гэта тыя, якія слухаюць слова і прыймаюць ды даюць плод адно ўтрыццацера, другое ўшэсьцьдзесяцера, а іншае ўсоцера.
 
А на добрай зямлі пасеяна слова — гэта тыя, што слухаюць слова і прымаюць ды прыносяць плён (плод): адно трыццаць, другое шесьцьдзесят, а іншае сто.

І гаварыў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну, ці пад ложак? А не натое, каб паставіць яе на ліхтары?
 
Дый казаў ім: "Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасуду або пад ложак? Няўжо ня па тое, каб была пастаўлена на падсьвечніку?

Няма бо нічога таёмнага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца сукрыта, але каб адкрылася.
 
Бо няма нічога тайнага, каб не было выяўлена, ды нічога скрытага, каб не было выяўлена.

Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.
 
Хто мае вушы, каб слухаць — хай слухае".

І казаў ім: Зважайце, чаго слухаеце. Якою меркаю вы адмераеце, такою і вам будзе адмерана й дададзена.
 
Далей казаў ім: "Уважайце, што слухаеце! Якою меркай вы будзеце мераць, вам адмераюць ды прыбавяць яшчэ.

Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто ня мае, ў таго будзе аднята й тое, што мае.
 
Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае будзе аднята. (узята).

І казаў: Гэтак ёсьць з гаспадарствам Божым, як калі-б чалавек укінуў засевак у землю,
 
І вучыў: "З Божым Каралеўствам так, як быццам чалавек пасеіў насеньне ў зямлю.

і спаў-бы ды ўставаў-бы ноччу й днём, а насенне ўсходзіла-б і расло-б, як ён ня ведае.
 
Ці ён сьпіць, ці ўстае, ці ноччу, ці днём а насеньне абходзіць, расьце — а ён ня ведае.

Зямля бо сама з сябе родзіць: спачатку рунь, потым колас, пасьля поўнае зерне ў коласе.
 
Бо зямля сама з сябе дае плод, перш зелянь (ладыгу), пасьля колас, наастатак поўнае зярнё ў коласе.

А калі збожжа дасьпее, зараз пускае серп, прыйшло бо жніва.
 
А калі ўжо пасьпее, зараз гаспадар запускае серп, бо жніво настала.

І гаварыў: Да чаго ўпадобнім валадарства Божае, ці якою прыповесьцю выкажам яго?
 
Далей прадаўжаў: "Да чаго ўпадобнім Каралеўства Божае? Або якою прыповесьцю выявіў гэта?

Яно, бы зерне гарчычнае, што як сеецца ў землю, дык ёсьць драбнейшае за ўсякае насенне зямное;
 
Як гарчычнае зярнё, усеянае ў зямлю, яўляецца найменшым з усіх насеньняў на зямлі;

а калі пасеецца, ўзрастае й робіцца большым за ўсе гародніны й пускае вялікае гальлё, так што ў цяні яго могуць хавацца птушкі нябесныя.
 
А калі пасеяна ўзыходзіць і становіцца большым ад усіх гароднін. Выпушчае галіны вялікія, так што нябесныя птушкі могуць хавацца ў яго засені.

І многімі такімі прыповесцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць,
 
І ў многіх падобных прыповесьцях вясьцім ім слова, на сколькі маглі яны зразумець.

бяз прыповесьцяў жа не гаварыў да іх; а вучням сваім раз’ясьняў усё асобна.
 
Ды бяз прыповесьцяў не навучаў іх. А асобна вучням выясьняў усё.

Таго-ж дня, як павячарэла, сказаў ім: Пераплывём на той бок.
 
Аднойчы, калі настаў вечар, сказаў ім Езус: "Пераплывём на другі бераг".

І, адправіўшы народ, яны ўзялі яго так як быў, у лодцы; й былі з ім другія лодкі.
 
Адправіўшы людзей, як Ён быў у лодцы, так і ўзялі Яго. Іншыя лодкі былі з Ім

І ўзнялася лютая бура ветру ды гнала хвалі на лодку, так што яна напаўнялася.
 
І здарылася, што паднялася вялікая вятруга (бура), ды хвалі пачалі заліваць лодку, так што лодку залівала.

А ён быў ля карна лодкі, сплючы на ўзгалоў’і. І разбудзілі яго дый кажуць: Вучыцель, няўжэ ня рупіць табе, што мы гінем?
 
А Езус быў на канцы лодкі і спаў на карме. Будзяць тады Яго і кажуць Яму: "Настаўнічы! Ці не разумееш, што мы топімся (гінем)?"

І ўстаўшы, прыгразіў ветру й сказаў мору: Заціхні, пакінь! І заціх вецер ды настала вялікая цішыня.
 
Езус падняўшыся пагразіў вятрузе ды загадаў мору: "Замаўчы, успакойся!" Дык спыніўся віхор і стала вялікая цішыня (зацішша).

І кажа ім: Чаму вы гэткія палахлівыя? Яшчэ ня маеце веры? І ўзяў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто гэта, што й вецер і мора яму паслушны.
 
Адазваўся да іх: "Чаму так палахлівыя, ня маеце яшчэ веры?" А яны натта спалохаліся ды казалі адзін аднаму: "Хто ж гэта такі, што віхор і мора Яго слухаюць?"