Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І ўвайшоў зноў у бажніцу, а быў там чалавек, які меў сухую руку.
Езус зноў зайшоў у сынагогу (бажніцу), а быў там сухарукі чалавек.
І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб абвінаваціць яго.
Фарызэі сьлядзілі за Ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб Яго абвінаваціць.
І загадаў сухарукаму чалавеку стаць пасярэдзіне.
Тады загадаў Езус сухарукаму чалавеку: "Стань на сярэдзіне!"
Ды сказаў ім: Ці належыцца ў шабат рабіць добрае, ці благое? Ратаваць жыцьцё, ці загубляць? Яны-ж маўчалі.
Да іх жа адазваўся: "У шабат трэба добра рабіць, ці мо блага? Жыцьцё выратаваць ці загубіць?" Але яны маўчалі.
І зірнуўшы на іх гнеўна, сумуючы над сьляпатою сэрца іхняга, сказаў сухарукаму: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.
Дык гледзячы на іх з гневам, засмучаны засьляпеньнем іхняга сэрца — сказаў чалавеку: "Працягні руку сваю!" Выцягнуў тады руку і рука яго аджыла.
Фарызэі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі нараду з гэрэдыянамі супроць яго, як-бы яго забіць.
Фарызэі жа выйшаўшы зрабілі адразу нараду з гэрад'янамі, як бы Яго загубіць.
Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў к узмор’ю, а за ім пайшла вялікая грамада з Юдэі й Галілеі,
Затым Езус разам з вучнямі сваімі направіўся да мора, а вялікая грамада з Галілеі, і з Юдэі ішла за Ім.
і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя, што ля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што дзееў, прыйшло к яму.
З Ерузаліму, Ідумэі, з Заярданіі, ды ваколіцаў Тыру і Сыдону, натта вялікі натоўп, пачуўшы, што Езус чыніў — сабраўся да Яго.
І загадаў вучням сваім нарыхтаваць яму лодку, дзеля натоўпу, каб ня ціснуліся да яго.
Дык папрасіў Езус вучняў сваіх, каб парупіліся пра лодку, каб грамада не папіхала Яго.
Многіх бо аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб да яго дакрануцца.
Бо многіх аздараўляў, таму пхаліся да Яго ўсе, што хварэлі, каб дакрануцца да Яго.
А духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: Ты Сын Божы!
А нячыстыя духі на від Яго падалі перад Ім, крычучы:
І моцна гразіў ім, каб ня выяўлялі яго.
"Ты — Сын Божы!" Езус жа строга забараняў выяўляць Яго.
А ўзыходзячы на гору, паклікаў да сябе каго сам хацеў і прыйшлі к яму.
А ўзыйшоўшы на гару прыклікаў да сябе тых, каторых сам хацеў. І тыя прыбывалі да Яго.
І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім, ды, каб іх пасылаць на навучанне.
Вызначыў дванаццаць, каб прабывалі разам з Ім, ды каб пасылаць іх навучаць.
І даў ім уладу аздараўляць немачы ды выганяць дэманаў.
Даў ім моц аздараўляць хваробы і выганяць д'яблаў.
І даў Сымону імя Пётр;
І перамяніў імя Сымона на Пятра
і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якубавага, ды даў ім імёны Боанэргэс, гэта значыць: сын грому;
а імя Якуба Забэдэя, і Яна, брата Якуба на імёны Боанэргэс значыць: "Сыны Громавы."
І Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матауша, і Тамаша, і Якуба Альфэевага, і Тадэву, і Сымона Кананэйца,
(Вызначыў) Андрэя, і Філіпа, Баўтрамея, і Матэвуша, і Тамаша, і Якуба Альфеявага, і Тадэвуша ды Сымона Кананейца,
і Юдаша Іскарыёта, які і выдаў яго.
і Юдаша Іскарыёту, каторы Яго выдаў.
І прыйшлі ў дом. Ды зноў збегся народ, так што не маглі й перакусіць хлеба.
Затым увайшлі ў дом, але сыйшлася зноў грамада, так што не маглі нават хлеба зьесьці.
А прачуўшы гэта сваякі, выйшлі, каб узяць яго, казалі бо, што ён ня пры сабе.
А калі пачулі гэта сваякі, выйшлі, каб узяць Яго, казалі бо яны, што: "Папаў у шал" (дастаў памішаньня).
І кніжнікі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, казалі, што ён мае Бэльзэбуба ды што ўладаю князя дэманаўскага выганяе дэманаў.
А кніжнікі (знаўцы, знатакі Пісаньня), што прыбылі з Ерузаліма, казалі (даказвалі), што Ён мае Бельзэбуба, і што моцай князя чартоўскага выганяе д'яблаў.
І клікнуўшы іх, гаварыў ім прыповесьцямі: Як-жа можа шатан шатана выганяць?
А Езус пазваўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: "Як дэман можа выганяць дэмана?
Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць тое гаспадарства.
Калі каралеўства разьдзеліцца (разьдзеліць нязгода) — ня можа ўтрымацца такое каралеўства.
І калі дом раздзеліцца супроць сябе, ня можа ўстаяць той дом.
Калі і дом у нязгодзе, як можа ўтрымацца і дом такі?
А калі шатан паўстане сам супроць сябе, дык ён падзяліўся й ня зможа ўстаяць, канец яму.
А калі б дэман паўстаў проціў сябе самога, і разьдзяліўся б, ня можа ўтрымацца, прыйдзе на яго канец.
Ніхто ня можа, ўвайшоўшы ў дом магута, разграбіць рэчы яго, калі перш магута ня звяжа, і тады аграбіць дом ягоны.
Ніхто, ўвайшоўшы ў дом сілача, не можа заграбіць яго маёмасьці, калі перш ня зьвяжа сілача: а тады аграбіць яго дом.
Сапраўды кажу вам, усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзнерствы, якімі-б яны блюзнілі,
Сапраўды кажу вам, што ўсе грахі будуць адпушчаны сынам чалавечым, нават блявузглі, якіх бы не дапусьціліся.
але хто блюзніў-бы проці Духа Святога, ня меціме адпушчэння навекі, а будзе вінаваты граху вечнага.
Калі б аднак хто блявузгаў супраць Духа Сьвятога, дык той не атрымае адпушчэньня навек, будзе вінаваты ў граху вечным.
Бо казалі, ён мае духа нячыстага.
Бо казалі яны, што Ён мае духа нячыстага.
І прыйшлі матка ягона й браты ды, стоячы на дварэ, паслалі к яму паклікаць яго.
Якраз прыйшла маці Ягоная і браты і чакаючы яго перад домам паслалі да Яго, прызываючы Езуса.
А грамада сядзела ля яго. І сказалі яму: Вось маці твая й браты твае на дварэ цябе шукаюць.
Кругом Яго сядзеў натоўп, дык казалі Яму: "Во маці Твая і браты перад домам, шукаюць Цябе".
А ён у адказ гавора ім: Хто-ж мая маці й браты мае?
А Езус у адказ сказаў ім: "Хто маці мая і браты мае?"
І акінуўшы вокам тых, што кругом яго сядзелі, сказаў: Во матка мая й браты мае.
Ды паглядзеўшы на тых, што навакруг Яго сядзелі, сказаў: "Во маці мая і браты мае!
Бо хто-б спаўняў волю Божу, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.
Хто вось спаўняе волю Бога, той братам маім і сястрой маёй і маткаю маёй".