Ёва 2 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І сталася, што аднаго дня прыйшлі сыны Божыя стаць перад ГОСПАДАМ; між іх прыйшоў і шатан, каб стаць перад Ім.
І сталася, калі аднаго дня прыбылі сыны Божыя, каб стаць перад Госпадам, між іх прыбыў і шатан, каб стаць перад абліччам Яго.
І сказаў ГОСПАД шатану: «Адкуль ты прыйшоў?» І адказаў шатан, і сказаў: «Я абыйшоў зямлю і хадзіў па ёй».
Спытаў Госпад шатана: «Адкуль ты ідзеш?» Ён у адказ прамовіў: «Абышоў я кругам зямлю і прайшоў яе скрозь».
І сказаў ГОСПАД шатану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго, Ёва, якому няма падобнага на зямлі. Чалавек ён шчыры і справядлівы, баіцца Бога і пазьбягае зла, і захоўвае моцна нявіннасьць сваю. А ты намаўляў Мяне супраць яго, каб Я зруйнаваў яго без прычыны».
І сказаў Госпад шатану: «А ці звярнуў ты ўвагу на паслугача Майго, Ёва, што на зямлі няма падобнага да яго. Чалавек ён шчыры і праўдзівы, шануе Бога і пазбягае зла, і да таго ж захоўвае бязгрэшнасць сваю. А ты Мяне намаўляў супраць яго, каб пакараў Я яго ні за што».
І адказаў шатан ГОСПАДУ, і сказаў: «Скуру за скуру, а за жыцьцё сваё аддасць чалавек усё, што мае.
Шатан у адказ сказаў Яму: «Скуру за скуру, а за душу сваю аддасць чалавек усё, што мае.
Выцягні толькі руку Тваю і дакраніся да костак ягоных і цела ягонага, і, зьневажаючы, будзе ён зьневажаць Цябе ў твар».
Накіруй толькі руку Сваю і дакраніся да касцей яго і цела, і тады пабачыш, ці не будзе ён зневажаць Цябе перад абліччам Тваім».
І сказаў ГОСПАД шатану: «Вось, ён у руцэ тваёй, толькі жыцьцё захавай яму».
І сказаў Госпад шатану: «Вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу яго захавай».
І выйшаў шатан ад аблічча ГОСПАДА, і наслаў на Ёва ліхую праказу ад падэшвы нагі аж па самы чуб ягоны.
Адышоў тады шатан ад аблічча Госпада, паразіў Ёва самай цяжкай хваробай ад падэшвы нагі аж да цемені яго.
І часаў [Ёў] сябе чарапком цэглы, седзячы ў гнаі.
Ён зломкам цэглы саскрабаў сукравіцу, седзячы ў гнаі.
І жонка ягоная сказала яму: «І ты дасюль трываеш у нявіннасьці сваёй? Пракляні Бога і памірай».
І сказала яму жонка яго: «Дагэтуль ты трываеш у шчырасці сваёй? Зняваж Бога і памры».
А ён сказаў ёй: «Сказала ты, як адна з неразумных жанчынаў. Калі прыймаем усякае дабро з рук Божых, чаму ня маем прыняць і зла?» І ў-ва ўсім гэтым не саграшыў Ёў вуснамі сваімі.
Той адказаў ёй: «Ты гаварыла, як адна з неразумных жанчын. Калі мы прынялі добрае з рукі Бога, то як жа нам не прыняць злога?» Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі.
І пачулі тры сябры Ёва пра вялікае няшчасьце, якое напаткала яго, і прыйшлі, кожны з мясцовасьці сваёй: Эліфаз з Тэману, Більдад з Шуаху і Цафар з Наамы. І дамовіліся яны, каб разам прыйсьці, і наведаць яго, і пацешыць.
Тады трое сяброў Ёва, пачуўшы пра ўсё ліха, што напаткала яго, прыйшлі, кожны са сваёй мясцовасці: Эліфаз Тэманіт, і Балдад Сугіт, і Зафар Нааматыт. І дамовіліся яны, каб разам прыйсці, наведаць яго і суцешыць.
Але калі здалёк узьнялі яны вочы свае, не пазналі яго, і ўзьняўшы голас, плакалі, і разьдзёрлі яны адзеньне сваё, і пасыпалі попелам галовы свае.
І, калі здалёку паднялі яны вочы свае, не пазналі яго, і, ускрыкнуўшы, плакалі, і, раздзёршы адзенне, кідалі парахно над галавою сваёй у неба.
І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем начэй, і ніхто з іх ня мог сказаць яму слова, бо бачылі, што боль ягоны вельмі вялікі.
І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем начэй, і ніхто не гаварыў яму ні слова; бо бачылі, што пакуты яго вельмі вялікія.