Да Рымлянаў 7 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Ці ж вы ня ведаеце, браты, бо кажу да тых, якія ведаюць Закон, што закон валадарыць над чалавекам увесь час, пакуль той жывы?
Ці ж вы не ведаеце, браты, — бо гавару тым, хто ведае закон, — што, дакуль жыве чалавек, закон пануе над чалавекам?
Бо замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі муж памрэ, зьнішчаецца закон мужа.
Падобна і замужняя жанчына звязана законам з жывым мужам; а калі муж памрэ, яна вызвалена ад мужа па законе.
Таму, калі пры жывым мужы выйдзе за другога мужа, будзе названая чужаложніцай; а калі памрэ муж, яна вольная ад закону і ня будзе чужаложніцай, выйшаўшы за другога мужа.
Таму яна будзе называцца чужаложніцай, калі пры жывым мужу выйдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна вольная ад закону і не будзе чужаложніцай, калі выйдзе замуж за другога.
Гэтак і вы, браты мае, памерлі для Закону праз цела Хрыстовае, каб належаць вам другому, Які ўваскрошаны з мёртвых, каб даваць плод Богу.
Так і вы, браты мае, памерлі для закону праз Цела Хрыстова, каб належаць другому, Таму, Які ўваскрос з мёртвых, каб прыносіць плод Богу.
Бо калі мы былі ў целе, пакуты грахоў, якія [паўставалі] праз Закон, дзеялі ў членах вашых, каб даваць плод сьмерці.
Пакуль мы жылі ў целе, у членах нашых праз закон дзейнічалі грахоўныя жарсці, каб мы прыносілі плод смерці.
А цяпер мы вызваліліся ад Закону, якім былі зьвязаныя, памершы для яго, каб нам служыць у абнаўленьні духа, а ня ў старасьці літары.
Цяпер жа мы вызвалены ад закону, у якім утрымліваліся, памерлі для яго, каб служыць Богу ў абнаўленні Духа, а не па старой літары.
Дык што скажам? Ці Закон — грэх? Няхай ня станецца! Але я не зразумеў бы грэх, як толькі праз Закон, бо я ня ведаў бы пажаданьня, каб Закон не сказаў: «Не жадай».
Дык што скажам? Няўжо ад закону грэх? Ніякім чынам! Але я спазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы пажадлівасці, калі б закон не казаў: «Не пажадай».
Але грэх, атрымаўшы нагоду праз прыказаньне, выклікаў у-ва мне ўсякае пажаданьне, бо без закону грэх мёртвы.
Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, выклікаў у мяне ўсякія пажаданні, бо, каб не было закону, грэх быў бы мёртвы.
Я жыў некалі без Закону, а калі прыйшло прыказаньне, грэх ажыў, а я памёр.
Калісьці я жыў без закону, але, калі прыйшло прыказанне, ажыў і грэх,
І было знойдзена мною, што прыказаньне, якое на жыцьцё, яно на сьмерць,
а я памёр; і я знайшоў, што прыказанне, якое было на жыццё, прывяло мяне на смерць.
бо грэх, атрымаўшы нагоду праз прыказаньне, зьвёў мяне і забіў праз яго.
Бо грэх, што ўзяўся з нагоды прыказання, звёў мяне і праз яго забіў.
Так што Закон сьвяты, і прыказаньне сьвятое, і праведнае, і добрае.
Вось жа, закон сам па сабе святы, і прыказанне святое, і справядлівае, і добрае.
Дык няўжо добрае сталася мне сьмерцю? Няхай ня станецца! Але грэх, каб быў выяўлены як грэх, праз добрае робіць мне сьмерць, каб грэх стаўся праз меру грэшным праз прыказаньне.
Дык што, добрае сталася для мяне смерцю? Ніякім чынам! Але грэх праз добрае спарадзіў мне смерць, і, такім чынам, грэх выявіўся; каб стаўся грэх празмерна грэшным праз прыказанне.
Бо мы ведаем, што Закон духоўны, а я — цялесны, прададзены пад [уладу] грэху.
Ведаем бо, што закон духоўны, а я — цялесны, падлеглы граху.
Бо я не разумею, што раблю, бо не раблю тое, што хачу, але, што ненавіджу, тое раблю.
Я нават не разумею, што раблю, бо не раблю таго, чаго хачу, але тое, што ненавіджу, раблю.
А калі я раблю тое, што не хачу, згаджаюся з Законам, што ён — добры,
А калі раблю тое, чаго не хачу, тады прызнаю, што закон — добры.
і цяпер ужо ня я раблю гэта, але грэх, які жыве ў-ва мне.
Тады ўжо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне.
Бо ведаю, што не жыве ў-ва мне, гэта значыцца, у целе маім, добрае; бо жаданьне [добрага] ёсьць у-ва мне, але каб зрабіць добрае, таго не знаходжу.
Я бо ведаю, што ўва мне, значыць у целе маім, не жыве добрае: бо жаданне [дабра] побач са мною, але, каб зрабіць дабро, — не.
Бо добрае, якое хачу, не раблю, а благое, якога не хачу, раблю.
Бо не раблю дабра, якога хачу, але раблю тое зло, якога не хачу.
А калі я раблю тое, што не хачу, ужо ня я раблю гэта, але грэх, які жыве ў-ва мне.
А калі раблю тое, чаго не хачу, значыць, не я ўжо гэта раблю, але грэх, што ўва мне жыве.
Таму я знаходжу закон, што, калі хачу рабіць добрае, ёсьць у-ва мне благое.
Дык вось, знаходжу ў сабе закон, што калі хачу рабіць дабро, то побач са мною зло.
Бо паводле ўнутранага чалавека я захапляюся Законам Божым,
Бо паводле ўнутранага чалавека захапляюся законам Божым,
а ў членах маіх бачу другі закон, які супрацівіцца закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грэху, які ёсьць у членах маіх.
але ў членах маіх бачу іншы закон, які працівіцца закону майго розуму ды няволіць мяне законам граху, які ёсць у членах маіх.
Гаротны я чалавек! Хто выбавіць мяне ад гэтага цела сьмерці?
Нешчаслівы я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага смяротнага цела?
Дзякую Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык таму я сам розумам служу Закону Божаму, а целам — закону грэху.
Дзякуй Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага! Вось, я розумам служу закону Божаму, хоць целам — закону граху.