Да Рымлянаў 7 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Альбо вы ня ведаеце, браты (бо гукаю знаючым Закон), што Закон радзе людзіну, пакуль яна жывець?
 
Ці ж вы не ведаеце, браты, — бо гавару тым, хто ведае закон, — што, дакуль жыве чалавек, закон пануе над чалавекам?

Замужка прывязана Законам да жывога мужа; а калі муж памрэць, яна вольная ад права мужняга.
 
Падобна і замужняя жанчына звязана законам з жывым мужам; а калі муж памрэ, яна вызвалена ад мужа па законе.

Затым назавуць чужаложніцаю, калі выйдзе за другога, пакуль муж жывець; калі ж памрэць муж, яна вольная ад Закону і ня будзе чужаложніцаю, вышаўшы за другога мужа.
 
Таму яна будзе называцца чужаложніцай, калі пры жывым мужу выйдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна вольная ад закону і не будзе чужаложніцай, калі выйдзе замуж за другога.

Гэтак і вы, браты, памерлі Закону перазь цела Хрыстова, каб былі іншага, Таго, Каторы ўскрэс ізь мертвых, каб мы давалі плады Богу.
 
Так і вы, браты мае, памерлі для закону праз Цела Хрыстова, каб належаць другому, Таму, Які ўваскрос з мёртвых, каб прыносіць плод Богу.

Бо, як мы былі ў целе, жады грахоў пераз Закон дзеялі ў чаланох нашых, каб даваць плады сьмерці;
 
Пакуль мы жылі ў целе, у членах нашых праз закон дзейнічалі грахоўныя жарсці, каб мы прыносілі плод смерці.

Але цяпер мы вольныя ад Закону, памершы таму, у чым былі дзяржаныя, так што маем служыць у навіне духа, а ня ў старасьці літары.
 
Цяпер жа мы вызвалены ад закону, у якім утрымліваліся, памерлі для яго, каб служыць Богу ў абнаўленні Духа, а не па старой літары.

Што ж скажам? Закон грэх? Няхай ня станецца так! Але я не пазнаў бы грэху, каб не пераз Закон; я не разумеў бы й пажаданьня, калі б Закон не сказаў: «Не пажадай».
 
Дык што скажам? Няўжо ад закону грэх? Ніякім чынам! Але я спазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы пажадлівасці, калі б закон не казаў: «Не пажадай».

Але грэх, узяўшы прычыну ад расказаньня, зьдзеяў у імне ўсялякае пажаданьне; бо без Закону грэх мертвы.
 
Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, выклікаў у мяне ўсякія пажаданні, бо, каб не было закону, грэх быў бы мёртвы.

Я жыў калісь без Закону; але як прышло расказаньне, то грэх ажыў, а я памер;
 
Калісьці я жыў без закону, але, калі прыйшло прыказанне, ажыў і грэх,

І такім парадкам расказаньне да жыцьця было да сьмерці,
 
а я памёр; і я знайшоў, што прыказанне, якое было на жыццё, прывяло мяне на смерць.

Бо грэх, узяўшы прычыну пераз расказаньне, ізьвеў мяне і забіў ім.
 
Бо грэх, што ўзяўся з нагоды прыказання, звёў мяне і праз яго забіў.

Затым Закон сьвяты, і расказаньне сьвятое, і справядлівае, і добрае.
 
Вось жа, закон сам па сабе святы, і прыказанне святое, і справядлівае, і добрае.

Дык добрае сталася сьмерцяй імне? Няхай ня станецца так! але грэх, каб выявіцца грэхам, дзеяў у імне сьмерць пераз дабро, так што грэх становіцца надта грэшным пераз расказаньне.
 
Дык што, добрае сталася для мяне смерцю? Ніякім чынам! Але грэх праз добрае спарадзіў мне смерць, і, такім чынам, грэх выявіўся; каб стаўся грэх празмерна грэшным праз прыказанне.

Бо мы ведаем, што Закон духоўны, а я цялесны, праданы грэху.
 
Ведаем бо, што закон духоўны, а я — цялесны, падлеглы граху.

Бо я ня ведаю, што раблю; бо ня чыню, што зычу, але што ненавіджу, тое дзею.
 
Я нават не разумею, што раблю, бо не раблю таго, чаго хачу, але тое, што ненавіджу, раблю.

Калі ж дзею тое, чаго ня зычу, дык згаджаюся із Законам, што ён добры;
 
А калі раблю тое, чаго не хачу, тады прызнаю, што закон — добры.

Затым цяпер ня я раблю тое, але жывучы ў імне грэх.
 
Тады ўжо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне.

Бо ведаю, што ня жывець у імне, значыцца ў целе маім, добрае; бо зычаньне дабра ёсьць у імне, але каб зрабіць добрае, не знаходжу.
 
Я бо ведаю, што ўва мне, значыць у целе маім, не жыве добрае: бо жаданне [дабра] побач са мною, але, каб зрабіць дабро, — не.

Дабра, каторага зычу, ня дзею, а ліха, каторага ня зычу, чыню.
 
Бо не раблю дабра, якога хачу, але раблю тое зло, якога не хачу.

Калі ж дзею тое, чаго ня зычу, ужо ня я раблю тое, але жывучы ў імне грэх.
 
А калі раблю тое, чаго не хачу, значыць, не я ўжо гэта раблю, але грэх, што ўва мне жыве.

Дык знаходжу закон, што як я зычу дзеяць добрае, благое дзяржыцца мяне.
 
Дык вось, знаходжу ў сабе закон, што калі хачу рабіць дабро, то побач са мною зло.

Бо подле нутранога чалавека знаходжу прыемнасьць у Законе Божым;
 
Бо паводле ўнутранага чалавека захапляюся законам Божым,

Але ў чаланох сваіх бачу закон іншы, што ваюе із законам розуму майго і робе мяне палоненікам закону грэшнага, што ёсьць у чаланох маіх.
 
але ў членах маіх бачу іншы закон, які працівіцца закону майго розуму ды няволіць мяне законам граху, які ёсць у членах маіх.

Няшчасная я людзіна! Хто выбаве мяне ад гэтага цела сьмерці?
 
Нешчаслівы я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага смяротнага цела?

Дзякую Богу перазь Ісуса Хрыста, Спадара нашага. Дык тый жа самы я розумам служу Закону Божаму, але целам закону грэху.
 
Дзякуй Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага! Вось, я розумам служу закону Божаму, хоць целам — закону граху.