Да Рымлянаў 10 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Браты! прыемнасьць сэрца майго і маленьне да Бога за іх ё, каб яны былі спасёны.
 
Браты! Жаданне сэрца майго ды гарачае маленне да Бога за іх дзеля збаўлення.

Бо сьветчу ім, што рупатлівасьць да Бога маюць, але ня подле веды.
 
Сведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не паводле розуму.

Бо, ня ведаючы справядлівасьці Божае і сілуючыся закласьці сваю собскую справядлівасьць, не паддаліся справядлівасьці Божай;
 
Бо, не разумеючы справядлівасць Божую і спрабуючы ўстанавіць сваю справядлівасць, яны не пакарыліся справядлівасці Божай.

Бо канец Закону — Хрыстос, да справядлівасьці кажнага верніка.
 
Бо завяршэнне закону — Хрыстос, для апраўдання кожнага, хто верыць.

Бо Масей піша праз справядлівасьць, каторая із Закону: «Чалавек, што чыніў бы гэта, жывы будзе ім».
 
Майсей вось піша аб справядлівасці, якая з закону: «Чалавек, які выканае яго, будзе жыць ім».

Але справядлівасьць ізь веры кажа гэтак: не кажы ў сэрцу сваім: «Хто ўзыйдзе на неба?» (значыцца, Хрыста зьвесьці);
 
А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: “Хто ўзыдзе ў неба?”, — гэта значыць Хрыста звесці,

Або: «Хто зыйдзе да бяздоньня?» (значыцца, Хрыста зь мертвых узьвесьці).
 
або: “Хто спусціцца ў бездань?”, — гэта значыць Хрыста вывесці з мёртвых».

Але што кажа гэта? «Слова блізка да цябе, у роце тваім а ў сэрцу тваім», значыцца, слова веры, каторае абяшчаем.
 
Але што яна кажа: «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім», гэта значыць слова веры, якое абвяшчаем.

Бо, калі вуснамі сваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Спадара і сэрцам сваім верыць, што Бог ускрысіў Яго зь мертвых, дык спасешся;
 
Бо калі вуснамі тваімі вызнаеш: «Ісус — Госпад», і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з мёртвых, будзеш збаўлены.

Бо сэрцам вераць да справядлівасьці, а вуснамі вызнаюць да спасеньня.
 
Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасці, а вызнанне вуснамі — дзеля збаўлення.

Бо Пісьмо кажа: «Кажны, што вера ў Яго, ня будзе засаромлены».
 
Пісанне ж кажа: «Усякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

Тут нямаш розьніцы памеж Жыда й Грэка, бо адзін Спадар у вусіх, багаты да ўсіх, што гукаюць Яго.
 
Няма таму розніцы між юдэем і грэкам, адзін бо Госпад усіх, багаты для ўсіх, хто Яго прызывае.

Бо «кажны, што будзе гукаць імя Спадарова, спасецца».
 
Бокожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.

Але як гукаць таго, у каго ня ўверылі? і як верыць у таго, праз каго ня чулі? і як чуць без абяшчаючага?
 
Як жа могуць прызываць Таго, у Каго не паверылі? Або як павераць у Таго, пра Якога не чулі? Але як жа пачуць без прапаведніка?

І як абяшчаць, калі ня будуць пасланы? як напісана: «Якія харошыя ногі тых, што абяшчаюць дабравесьць супакою, што абяшчаюць дабравесьць дабра!»
 
І як жа прапаведаваць, калі не пасылаюць? Як напісана: «Як прыгожыя ногі тых, якія абвяшчаюць добрую вестку [супакою, дабравесцяць добрае]!»

Але ня ўсі паслухалі дабравесьці. Бо Ісая кажа: «Спадару, хто паверыў чутаму ад нас?».
 
Але не ўсе паслухаліся Евангелля. Ісая вось кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?»

Дык вера ад слуханьня, а слуханьне ад слова Божага.
 
Таму вера — ад слухання, а слуханне — праз слова Хрыстова.

Але кажу: ці яны ня чулі? Але, напэўна, бо «Па ўсёй зямлі прайшоў голас іхны, і да канцоў сьвету слова іхнае».
 
Дык кажу: ці яны не пачулі? Але ж наадварот: «Па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх — аж да ўскрайкаў свету».

Але кажу: ці Ізраель ня ведаў? Першы Масей кажа: «Я выклічу ў вас завідасьць народам, каторы не народ; народам неразумным да гневу ўквялю вас».
 
Зноў пытаю: ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: «Я прывяду вас да руплівасці праз ненарод, праз народ неразумны вас паклічу да гневу».

А Ісая вельма адважна кажа: «Мяне знайшлі тыя, што ня шукалі Мяне; Я стаў яўны тым, што ня пыталіся празь Мяне».
 
А Ісая адважыўся сказаць: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; яўна аб’явіўся Я тым, якія пра Мяне не пыталіся».

Праз Ізраеля кажа: «Цэлы дзень я выцягаў рукі Свае да люду непаслухменага а праціўнага».
 
Да Ізраэля ж так кажа: «Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа бязвернага і ўпорыстага».