Да Рымлянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Дык якая перавага Юдэя, ці якая карысьць ад абразаньня?
У чым жа перавага юдэяў? Або якая карысць з абразання?
Вялікая ў-ва ўсіх адносінах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.
Вялікая ва ўсіх адносінах. Перш таму, што ім даверана слова Божае.
Бо што, калі некаторыя не паверылі? Ці недаверства іхняе зьнішчыць веру Божую?
Што з таго, што некаторыя не паверылі? Ці ж іх нявер’е спустошыць веру Божую?
Няхай ня станецца! Бог ёсьць праўдзівы, а ўсякі чалавек хлусьлівы, як напісана: «Каб Ты быў праведны ў словах Тваіх і перамог у судзе Тваім».
Ніякім чынам! Бо Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Хоць бы ты апраўдаўся ў словах сваіх і перамог, калі будзеш суджаны».
А калі нашая няправеднасьць зьяўляе праведнасьць Божую, што скажам? Ці Бог, Які выяўляе гнеў, няправедны? Кажу па-чалавечаму.
Калі ж наша несправядлівасць падкрэслівае Божую справядлівасць, дык што мы скажам? Ці Бог несправядлівы, калі выяўляе гнеў? — Кажу па-чалавечы.
Няхай ня станецца! Бо як жа Бог будзе судзіць сьвет?
Ніякім чынам! Бо як жа тады Бог будзе судзіць свет?
Бо калі праўда Божая праз маю хлусьлівасьць памнажаецца на славу Ягоную, за што яшчэ мяне судзяць як грэшніка?
Бо калі праз маю хлусню праўда Божая тым больш выяўляецца на славу Яго, дык якім чынам я маю быць суджаны як грэшнік?
І ці не рабіць нам благое, каб выйшла добрае, як некаторыя блюзьняць на нас і кажуць, што мы гэтак кажам? Справядлівы суд на такіх!
І ці не так нас ачарняюць, ці не так гавораць, што мы кажам: «Будзем чыніць зло, каб выйшла дабро». Справядлівая кара такіх чакае.
Дык што? Ці мы лепшыя? Зусім не! Бо мы ўжо давялі, што і Юдэі, і Грэкі, — усе пад грэхам,
Дык што? Ці мы маем перавагу? Аніякай! Ужо раней мы даказалі, што і юдэі, і грэкі — усе пад грахом,
як напісана: «Няма праведнага аніводнага;
як напісана: «Нікога няма справядлівага,
няма таго, хто разумее; няма таго, хто шукае Бога.
ніхто не разумее, ніхто не шукае Бога.
Усе ўхіліліся, разам нягодныя; няма таго, хто робіць дабро, няма аніводнага.
Усе збочылі, усе разам сталіся нягоднымі. Няма, хто б чыніў дабро, няма аніводнага.
Горла іхняе — магіла адчыненая; языкамі сваімі ашукваюць, атрута зьмяіная на губах іхніх.
Горла іх — магіла адкрытая, языкамі сваімі падманваюць, у вуснах іх — яд змяіны,
Вусны іхнія поўныя абмовы і горычы.
вусны іх поўныя праклёнаў і горычы,
Ногі іхнія хуткія на праліцьцё крыві,
ногі іх скорыя да праліцця крыві,
зьнішчэньне і няшчасьце на шляхах іхніх,
знішчэнне ды няшчасце на іх шляхах,
і шляху супакою яны не пазналі.
яны не спазналі шляху супакою.
Няма страху Божага перад вачыма іхнімі».
Няма страху Божага перад вачамі іх».
А мы ведаем, што Закон усё, што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад Законам, каб усе вусны былі загароджаныя і ўвесь сьвет стаўся вінаватым перад Богам,
А мы ведаем, што ўсё, што гаворыць закон, гаворыць да тых, што пры законе, каб замкнуць любыя вусны ды каб увесь свет прызнаў сябе вінаватым перад Богам;
бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела; бо праз Закон пазнаецца грэх.
бо ўчынкамі закону не апраўдаецца аніякае цела перад Ім; бо праз закон пазнаецца грэх.
А цяпер, незалежна ад Закону, зьяўлена праведнасьць Божая, засьведчаная праз Закон і Прарокаў,
Але цяпер выявілася справядлівасць Божая незалежна ад закону, аб якой сведчаць закон і прарокі,
праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх тых, якія вераць; бо няма розьніцы,
справядлівасць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх [і на ўсіх], што вераць. Бо няма розніцы,
бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае,
таму што ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,
атрымліваючы апраўданьне дарма ласкай Ягонай праз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе,
апраўданы ж дарма праз ласку Яго, праз адкупленне, якое ў Ісусе Хрысце;
Якога Бог пастанавіў [быць] ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у [час] цярплівасьці Божае,
Яго прапанаваў Бог перамольнай ахвярай праз веру ў Кроў Яго для выяўлення справядлівасці Сваёй, бо не стаў зважаць на папярэднія злачынствы,
дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса.
у [час] цярплівасці Божай, для выяўлення справядлівасці Яго ў гэты час, каб Ён Сам стаўся справядлівым і апраўдваючым таго, хто з вераю ў Ісуса.
Дык дзе тое, чым хваліцца? Выключана. Якім законам? [Законам] учынкаў? Не, але законам веры.
Дзе ж тады падстава для хвальбы? Адкідаецца! Якім законам? Ці [законам] учынкаў? Не, але законам веры.
Дык мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў Закону.
Бо мы мяркуем, што чалавек атрымоўвае апраўданне праз веру, незалежна ад учынкаў закону.
Няўжо Бог толькі Юдэяў, а не паганаў таксама? Так, і паганаў,
Ці ж Бог толькі юдэяў? Ці не паганаў таксама? Вядома, і паганаў,
бо адзін Бог, Які апраўдае абразаньне з веры і неабразаньне праз веру.
адзін бо ёсць Бог, Які апраўдвае і абрэзанага з веры, і неабрэзанага — праз веру.
Дык мы зьнішчаем Закон праз веру? Няхай ня станецца! Але ўсталёўваем Закон.
Дык ці праз веру касуем закон? Ніякім чынам! Але закон пацвярджаем.