Да Эфэсянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Дзеля гэтай справы я, Паўла, — вязень Хрыстоў дзеля вас, паганаў.
Дзеля гэтага вось я, Павал, — вязень Ісуса Хрыста за вас, паганаў.
Хіба чулі вы аб распарадкаванні ласкі Божай, што дадзена мне адносна вас,
Як вы чулі пра распарадкаваньне ласкі Божае, дадзенае мне дзеля вас,
што праз аб’яўленне абвешчана мне таямніца, аб чым коратка я ўжо вышэй напісаў.
што паводле адкрыцьця Ён аб’явіў мне таямніцу, (як я коратка напісаў вышэй,
Чытаючы тое, можаце зразумець маё разуменне таямніцы Хрыста.
з чаго, чытаючы, можаце зразумець маё разуменьне таямніцы Хрыстовай),
Не была яна абвешчана сынам чалавечым у іншых пакаленнях, як цяпер аб’яўлена святым Апосталам Яго і прарокам у Духу,
якая ў іншых пакаленьнях не была вядомая сынам чалавечым, як цяпер адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа,
што пагане маюць быць спадкаемцамі, і членамі аднаго цела, і ўдзельнікамі абяцанняў Яго ў Хрысце Ісусе праз Евангелле,
што і пагане ёсьць суспадчыньнікамі, і адным целам, і супольнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце праз Эвангельле,
паслугачом якога я стаўся паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне паводле дзеяння магутнасці Яго.
якога я стаўся служыцелем паводле дару ласкі Божае, дадзенае мне дзеяньнем сілы Яго.
Мне, найменшаму з усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць добрую вестку паганам аб неабсяжным багацці Хрыста
Мне, найменшаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая — сярод паганаў дабравесьціць пра недасьледнае багацьце Хрыстовае
і выясніць усім, як павінна здзейсніцца домаўладкаванне таямніцы, скрытай ад вякоў у Богу, Які ўсё стварыў праз Ісуса Хрыста,
і зрабіць яўным для ўсіх, якое ёсьць распарадкаваньне таямніцы, што схаваная ад вякоў у Богу, Які стварыў усё праз Ісуса Хрыста,
каб цяпер сталася вядомай начальствам і ўладам нябесным праз Царкву разнастайная мудрасць Бога
каб цяпер праз Царкву сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах разнастайная мудрасьць Божая,
паводле адвечнай пастановы, што ўчыніў у Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым,
паводле адвечнага вызначэньня, якое Ён зрабіў у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым,
у Якім маем адвагу і доступ у надзеі праз веру ў Яго.
у Якім маем адвагу і доступ з пэўнасьцю праз веру ў Яго.
Таму вось прашу вас, не падайце духам з-за турбот маіх пра вас, якія ёсць слава ваша.
Таму прашу вас не журыцца з прычыны прыгнёту майго дзеля вас, бо гэта ёсьць слава вашая.
Дзеля гэтай справы схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Дзеля гэтага схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
ад Якога называецца ўсякае айцоўства на небе і на зямлі,
ад Якога мае назоў усякае бацькоўства ў небе і на зямлі,
каб даў вам паводле багацця славы Сваёй умацавацца сілай праз Духа Яго ва ўнутраным чалавеку,
каб Ён даў вам, паводле багацьця славы Сваёй, сілай умацавацца праз Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку,
каб Хрыстос абжыўся праз веру ў сэрцах вашых і каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові,
каб Хрыстос пасяліўся праз веру ў сэрцах вашых,
разам з усімі святымі маглі зразумець, якая ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня,
каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, здолелі сьцяміць разам з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, глыбіня і вышыня,
а таксама пазнаць любоў Хрыста, найвышэйшае веданне, каб напоўніліся вы ўсёю поўняй Бога.
і зразумець любоў Хрыстовую, якая вышэй за разуменьне, каб вам напоўніцца ўсёю поўняй Божаю.
А Таму, Які можа многа больш зрабіць, чым усё, што мы просім або разумеем, магутнасцю, якая дзейнічае ў нас,
А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць нашмат больш за ўсё, пра што мы просім або разумеем,
Яму хвала ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя. Амін.
Яму слава ў Царкве ў Хрысьце Ісусе ў-ва ўсіх пакаленьнях на вякі вякоў. Амэн.