Да Эфэсянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дык будзьце паслядоўнікамі Бога, як сыны найдаражэйшыя,
 
Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як дзеці ўлюбёныя,

і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і выдаў Самога Сябе за нас як дар і ахвяру Богу на водар прыемнасці.
 
і хадзіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас, як дар і ахвяру Богу, на водар салодкі.

Распуста ж і ўсякая нячыстасць або сквапнасць хай і не ўзгадваюцца ў вас, як і належыць у святых,
 
А распуста і ўсякая нячыстасьць або хцівасьць няхай і не называюцца ў вас, як і належыць сьвятым,

і разбэшчанасць ці брыдкаслоўе, ці насмешка непрыстойная — неадпаведаюць, але лепш падзяка.
 
ані агідныя і пустыя словы або жарты непрыстойныя, але лепш падзяка.

Вось, гэта вы ведаеце, што ні адзін распуснік або нячысты ці сквапны, што з’яўляецца служыцелем ідалаў, не мае ўдзелу ў Валадарстве Хрыстовым і Божым.
 
Бо ведайце, што ніякі распусьнік, або нячысты, або хцівец, які зьяўляецца ідалапаклоньнікам, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.

Хай ніхто вас не зводзіць пустымі словамі, бо за гэта прыйшоў гнеў Божы на сыноў непакорлівасці.
 
Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорнасьці.

Дык не станьцеся супольнікамі іх.
 
Дык ня будзьце супольнікамі іх.

Бо былі вы калісьці цемраю, а цяпер вы — святло ў Госпадзе, дык і жывіце, як сыны святла.
 
Вы былі некалі цемрай, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе; хадзіце ж, як дзеці сьвятла,

Плод жа Духа выяўляецца ва ўсякай дабрыні, і справядлівасці, і праўдзе.
 
бо плод Духа ёсьць у-ва ўсякай добрасьці, і праведнасьці, і праўдзе.

Выпрабоўвайце, што падабаецца Госпаду,
 
Выпрабоўвайце, што падабаецца Богу,

і не прымайце ўдзелу ў бясплённых справах цемры, але лепш выкрывайце.
 
і ня ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а лепш дакарайце.

Бо сорамна і казаць аб тым, што робіцца імі патаемна.
 
Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і гаварыць.

Усё, што выклікае дакаранні, выяўляецца ў святле,
 
Але ўсё, дакаранае сьвятлом, робіцца яўным, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло,

бо ўсё, што выяўляецца, ёсць святло. Таму і сказана: «Устань, які спіш, і паўстань з мёртвых, і будзе свяціць табе Хрыстос».
 
таму сказана: «Устань, ты, які сьпіш, і ўваскрэсьні з мёртвых, і асьвеціць цябе Хрыстос».

Дык глядзіце, браты, асцярожна хадзіце, не як неразумныя, але як мудрыя,
 
Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя, але як мудрыя,

выкарыстоўваючы час, бо дні цяпер ліхія.
 
выкупляючы час, бо дні злыя.

Дзеля таго не будзьце неразважлівымі, але разумейце, што ёсць воля Госпада.
 
Дзеля гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада.

І не ўпівайцеся віном, у якім распуста, але напаўняйцеся Духам,
 
І не ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам,

гаворачы між сабою псальмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі; спяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых.
 
гаворачы да сябе псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых,

Дзякуйце заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,

падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.
 
падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.

Жанчыны падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Госпаду,
 
Жанчыны, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Госпаду,

бо муж — галава жанчыны, як Хрыстос — галава Царквы і Ён жа — Збаўца цела.
 
бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа — Збаўца цела.

Але, як Царква падпарадкавана Хрысту, так і жонкі мужам сваім ва ўсім.
 
Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужам у-ва ўсім.

Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос любіць Царкву і Самога Сябе выдаў за яе,
 
Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе за яе,

каб асвяціць яе, ачышчаючы лазняй воднаю ў слове,
 
каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём водным у слове,

каб Яму паставіць Сабе Царкву слаўнай, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб была яна святая і беззаганная.
 
каб паставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, ці заганы, ці чаго падобнага, але каб яна была сьвятая і беззаганная.

Так і мужы павінны любіць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць.
 
Гэтак павінны мужы любіць сваіх жонак, як целы свае: хто любіць жонку сваю, самога сябе любіць.

Бо ніхто ніколі не меў у нянавісці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Госпад Царкве,
 
Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да цела свайго, але жывіць і грэе яго, як і Госпад Царкву.

бо мы — члены Цела Яго, косць з касцей Яго ды цела з цела Яго.
 
Бо мы — члены цела Яго, ад цела Яго і ад костак Яго.

Дзеля таго пакіне чалавек бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам.
 
Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам.

Гэта вялікая таямніца; а я кажу аб Хрысце і Царкве.
 
Таямніца гэтая вялікая; а я кажу пра Хрыста і Царкву.

Вось жа і вы, усякі па сабе, кожны хай любіць жонку сваю, як самога сябе, а жонка хай баіцца мужа.
 
Зрэшты, і вы, кожны па сабе, няхай любіць жонку сваю як сябе; а жонка няхай баіцца мужа.