Да Габрэяў 9 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Меў, праўда, і першы запавет пастановы служэння, і святыню зямную.
 
Дык і першы [запавет] меў пастановы служэньня і сьвятыню ў сьвеце.

Была гэта палатка пастаўлена першай, у якой, называнай святым, знаходзіўся свечнік, стол і хлябы пакладныя.
 
Бо першы намёт быў збудаваны, і ў ім сьвечнік, і стол, і хлябы пакладныя, і завецца ён “Сьвятое”.

А за другой заслонай палатка, якая звалася святое з святых,
 
А за другой заслонай намёт, які завецца “Сьвятое Сьвятых”,

у якой быў залаты кадзільнік і каўчэг запавету, абкладзены з кожнага боку золатам, у якім была залатая пасудзіна з маннай і кій Аарона, які расцвіў, ды табліцы запавету,
 
які мае залатую кадзільню і каўчэг запавету, які абкладзены з усіх бакоў золатам, у якім залатая пасудзіна з маннай, і кій Аарона, што расквітнеў, і табліцы запавету,

а зверху над каўчэгам былі херубіны славы, ацяняючы перамольню. Аб гэтым падрабязна няма патрэбы цяпер гаварыць.
 
а над ім — херувімы славы, якія ацяняюць перамольню; пра гэта ня варта цяпер казаць падрабязна.

Так вось было ўсё прыгатавана, і ў першую палатку заўсёды ўваходзяць святары, адпраўляючы служэнне святое.
 
А калі гэта так збудавана, у першы намёт заўсёды ўваходзяць сьвятары, зьдзяйсьняючы служэньне,

Да другой жа толькі раз у год адзін першасвятар, ды не без крыві, якую складаў у ахвяру за сябе і за грахі няведання свайго народа.
 
а ў другі — раз у год адзін першасьвятар, не без крыві, якую прыносіць за сябе і за няведаньне народу.

Гэтым паказвае Дух Святы, што яшчэ не адкрыта дарога да святога месца, пакуль стаіць ранейшая палатка.
 
Гэтым паказвае Дух Сьвяты, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, пакуль стаіць першы намёт,

Гэта сімвал цяперашняга часу, калі складаюцца разам дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць дасканалым паводле сумлення таго, які служыць,
 
які ёсьць прыклад цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць удасканаліць паводле сумленьня таго, хто служыць,

і адносіцца яно толькі да ежы, пітва, усякіх абмыванняў, і пастаноў [для] цела, вызначаных да часу выпраўлення.
 
якія толькі ў ежы і пітве, і розных абмываньнях і пастановах цела, якія пастаўленыя да часу выпраўленьня.

Але Хрыстос, з’явіўшыся як Першасвятар будучых даброццяў, праз вышэйшую і дасканалейшую і не рукой, значыць не на гэтым свеце, створаную палатку,
 
А Хрыстос, Першасьвятар будучага дабра, прыйшоўшы праз вялікшы і дасканалейшы намёт, не рукамі зроблены, гэта значыць, не такога стварэньня,

і не праз кроў казлоў і быкоў, але праз уласную кроў увайшоў раз і назаўсёды ў святое, здабыўшы вечнае адкупленне.
 
і не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы вечнае выбаўленьне.

Бо калі кроў казлоў і валоў разам з попелам цяліцы, калі пакрапіць імі, усвячае нячыстых, даючы ачышчэнне цела,
 
Бо калі кроў валоў і казлоў і попел каровы, пакрапіўшы апаганеных, асьвячае іх дзеля чыстасьці цела,

дык тым больш кроў Хрыста, Які ахвяраваў Самога Сябе Богу праз Вечнага Духа, ачысціць сумленне наша ад мёртвых учынкаў, каб служыць Богу жывому.
 
наколькі больш кроў Хрыста, Які праз Духа вечнага прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых справаў дзеля служэньня Богу Жывому?

Вось таму Ён ёсць Пасярэднік Новага Запавету, каб праз смерць адкупіць злачынствы, дапушчаныя пры першым запавеце, і каб пакліканыя да вечнай спадчыны даступіліся да абяцанага.
 
І дзеля гэтага Ён — Пасярэднік новага запавету, каб, як станецца сьмерць дзеля адкупленьня парушэньняў, [што былі пры] першым запавеце, тыя, якія пакліканыя да вечнае спадчыны, атрымалі абяцаньне.

Бо там, дзе ёсць запавет, там павінна прыйсці смерць завяшчальніка.
 
Бо дзе запавет, трэба, каб прыйшла сьмерць таго, хто заключыў [яго],

Запавет толькі пасля мёртвых правамоцны; ён не мае моцы, пакуль жыве той, хто яго склаў.
 
бо запавет набывае моц ад памёршых; ён ня мае сілы, пакуль жыве той, хто заключыў [яго].

Таму і першы быў зацверджаны не без крыві.
 
Дык і першы [запавет] быў усталяваны не без крыві.

Калі ўжо Майсей абвясціў усяму народу кожнае прыказанне паводле закону, узяў кроў казлоў і быкоў з вадой, воўнай чырвонай і гізопам і пакрапіў як саму кнігу закону, так і ўвесь народ,
 
Бо Майсей, сказаўшы ўсе прыказаньні паводле Закону ўсяму народу, узяў кроў цялят і казлоў з вадою, і воўнай пунсовай, і ізопам, пакрапіў і саму кнігу, і ўвесь народ,

кажучы: «Гэта кроў запавету, які Бог паклаў вам».
 
кажучы: «Гэта кроў запавету, які даў вам Бог».

Падобным спосабам пакрапіў крывёй таксама і палатку, і ўсё начынне служэння.
 
І намёт, і ўсё начыньне дзеля служэньня таксама пакрапіў крывёю.

І амаль усё паводле закону крывёй ачышчаецца, і без праліцця крыві няма даравання.
 
І амаль усё паводле Закону ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві не бывае адпушчэньня.

Значыць, неабходна было, каб вобразы рэчаў нябесных такім спосабам былі ачышчаны, а самыя рэчы нябесныя патрабавалі шмат дасканалейшых, чым тыя, ахвяр.
 
Дык трэба было, каб [рэчы, што паводле] прыкладу таго, што ў небе, ачышчаліся гэтымі, а самі [рэчы] нябесныя — лепшымі за гэтыя ахвярамі.

Хрыстос жа ўвайшоў не ў святыню, пастаўленую рукамі, якая была падабенствам сапраўднай, але ў самае неба, каб цяпер з’явіцца перад абліччам Бога за нас,
 
Бо Хрыстос увайшоў не ў сьвятыню, рукамі зробленую, на ўзор праўдзівае, але ў самае неба, каб цяпер зьявіцца перад абліччам Божым за нас;

ды не па тое, каб меў часта ахвяроўвацца, як першасвятар, які штогод уваходзіць у святое святых з чужой крывёю,
 
і не дзеля таго, каб шматкроць прыносіць Сябе, як штогод уваходзіць першасьвятар у сьвятыню з чужою крывёй,

інакш цярпеў бы там многа разоў ад заснавання свету. Ён жа раз аб’явіўся ў гэты час перад канцом свету дзеля знішчэння граху праз ахвяраванне Самога Сябе.
 
бо мусіў бы Ён шматкроць цярпець ад заснаваньня сьвету, але Ён цяпер адзін раз зьявіўся на сканчэньні вякоў дзеля адкіданьня грэху праз ахвяру Сваю.

І, як устаноўлена людзям, раз памерці, а пасля — суд,
 
І як усім людзям вызначана раз памерці, а пасьля гэтага — суд,

так і Хрыстос адзін раз быў ахвяраваны дзеля знішчэння грахоў многіх, а другі раз з’явіцца не дзеля граху да тых, што Яго чакаюць, на збаўленне.
 
гэтак і Хрыстос, раз прынёсшы Сябе [ў ахвяру], каб панесьці грахі многіх, другі раз бяз грэху будзе зьяўлены дзеля збаўленьня тым, якія чакаюць Яго.