Лукаша 19 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І, прыбыўшы ў Ерыхон, Ісус праходзіў праз горад.
 
Прыбыўшы ў Ерыха, Езус праходзіў праз горад.

І вось, чалавек імем Захэй, ён быў начальнікам мытнікаў і чалавекам багатым.
 
Там жыў чалавек імем Захэй, начальні мытнікаў і запар багацеям.

Ён шукаў пабачыць Ісуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, бо быў малога росту.
 
Ён стараўся пабачыць Езуса, хто Ён такі, але ня мог, дзеля натоўпу, бо быў малога росту.

Дык, забегшы наперад, узлез на дрэва сікаморы, каб убачыць Яго, бо там меў Ён праходзіць.
 
Дык забег наперад, узьлез на дрэва сыкаморы, каб Яго ўвідзець, бо тамака меў Ён праходзіць.

І, калі Ісус прыйшоў на тое месца, глянуўшы ўверх убачыў яго ды сказаў: «Захэй, злазь хутчэй, бо сёння належыць мне быць у тваім доме».
 
А калі Езус прыбыў на тое месца і глянуў ўверх, убачыў яго ды сказаў яму: "Захэй, злазь быстра, бо сягоньня мушу пабываць у тваім доме".

Дык ён злез паспешна і прыняў Яго з радасцю.
 
Дык Захэй злез пасьпешна і прыняў Езуса з радасьцю.

І ўсе, як убачылі гэта, пачалі наракаць, кажучы: «Да грэшніка пайшоў у госці».
 
Усе бачачы гэта шемралі (марматалі), кажучы: "Да грэшніка пайшоў у госьці".

Захэй жа, стоячы, сказаў Госпаду: «Госпадзе, вось, палову маёмасці сваёй раздам убогім, а калі каго пакрыўдзіў, аддам у чатыры разы больш».
 
Захэй жа стоячы сказаў Госпаду: "Госпадзе, вось жа палавіну маёмасьці сваёй раздам убогім, а калі каго скрыўдзіў аднагараджуся ў чатыры разы".

Гаворыць яму Ісус: «Сёння сталася гэтаму дому збаўленне, бо і ён ёсць сын Абрагама.
 
Сказаў яму Езус: "У гэты дом сягоньня прыйшло збаўленьне, бо і ён ёсьць сынам Абрагама.

Бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшым».
 
Бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшы".

Калі яны гэта слухалі, у дадатак расказаў для параўнання, бо Ён быў блізка да Ерузаліма, і яны думалі, што ўжо хутка аб’явіцца Валадарства Божае.
 
Калі Яго пра гэта слухалі, таму што былі блізка Ерузаліму Езус у дабаўку разказаў гэту прыповесьць, так як яны думалі, што ўжо небавам аб'явіцца Каралеўства Божае.

Дык расказваў: «Адзін знатны чалавек выправіўся ў далёкую краіну атрымаць сабе царства і вярнуцца.
 
Дык разказваў: "Адзін высакародны чалавек выбраўся ў далёкую краіну, атрымаць каралеўства і вярнуцца.

Дык, пазваўшы дзесяць сваіх паслугачоў, даў ім дзесяць мін ды гаворыць ім: “Гандлюйце, пакуль не вярнуся”.
 
Дык пазваў дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мін (грошы) ды сказаў ім: "Зарабляйце, пакуль вярнуся".

А грамадзяне яго ненавідзелі яго, і выправілі за ім пасланнікаў, кажучы: “Не хочам, каб ён валадарыў над намі”.
 
А падчынёныя яго ненавідзелі і выправілі за ім пасланьнікаў і сказалі: "Ня хочам, каб ён панаваў над намі".

І сталася, калі ён вярнуўся, атрымаўшы царства, то загадаў паклікаць да сябе тых паслугачоў, якім даў грошы, каб даведацца, колькі з іх кожны набыў.
 
Атрымаўшы каралеўства, ён вярнуўся. Загадаў паклікаць слугаў сваіх, каторым даручыў грошы, каб даведацца колькі з іх кожны зарабіў.

І прыйшоў першы, кажучы: “Гаспадару, міна твая здабыла дзесяць мін”.
 
Дык прыбыў першы і сказаў: "Гаспадару, міна твая прыспорыла, прынесла дзесяць мін".

І гаворыць яму: “Добра, паслугач добры; за тое, што ў малым быў ты верны, май уладу над дзесяццю гарадамі”.
 
Сказаў яму: "Добра, слуга верны, за тое, што ў малым быў ты верны, паручу табе ўладу на дзесяцьцю гарадамі".

Затым прыйшоў другі, кажучы: “Гаспадару, міна твая стварыла пяць мін”.
 
Затым прыбыў другі і сказаў: "Гаспадару, міна твая пяць мін прынесла."

І гаворыць яму: “І ты будзь над пяццю гарадамі”.
 
Сказаў яму: "Таму ты будзеш валадаць пяцьцю гарадамі".

І трэці прыйшоў, кажучы: “Гаспадару, вось твая міна, якую я захоўваў, закруціўшы ў хустку,
 
А трэці прыбыў і сказаў: "Во твая міна, якую я меў схаваўшы ў хустцы,

бо баяўся цябе, што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не паклаў, ды жнеш, чаго не пасеяў”.
 
бо баяўся цябе, што ты чалавек жорсткі: "Бярэш, чаго не палажыў, ды жнеш, чаго не пасеіў".

Кажа яму: “Па словах тваіх суджу цябе, нягодны паслугач! Ведаў ты, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго не паклаў, ды жну, чаго не пасеяў.
 
Сказаў гаспадар яму: "Па словах тваіх суджу цябе: ліхі слуга. Ведаў ты, што я чалавек суровы, што бяру, чаго не палажыў, ды жну, чаго не пасеяў.

Чаму ж ты грошай маіх не аддаў мяняльшчыкам, каб, прыйшоўшы, я запатрабаваў іх з прыбыткам?”
 
А чаму ты грошаў маіх не аддаў у банк, каб па павароце мог я запатрабаваць іх з працэнтам?"

І сказаў прысутным: “Забярыце ад яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мін”.
 
І сказаў да акружаючых: "Забярыце ад яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мін."

І сказалі яму: “Гаспадару, ён жа мае дзесяць мін!”
 
Дык сказалі яму: "Гаспадару, ён жа мае дзесяць мін?"

Дык кажу вам: “Кожнаму, хто мае, будзе дададзена і памножыцца, а у таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята.
 
Дык кажу вам, што кожнаму, будзе дадзена, ды будзе ўдоваль, а хто ня мае, дык і тое, што мае будзе ад яго аднята.

А тых ворагаў маіх, што мяне не хацелі, каб над імі валадарыў, прывядзіце сюды ды забіце перада мною”».
 
А тых непрыяцеляў маіх, што мяне не хацелі, каб над імі панаваў, прывядзіце, ды забіце ў маёй прысутнасьці."

І, гэта сказаўшы, пакрочыў Ён далей, падыходзячы да Ерузаліма.
 
Гэта сказаўшы, Езус наперадзе ішоў далей у напрамку Ерузаліма.

І сталася, калі набліжаўся Ён да Бэтфагэ і Бэтаніі, да гары, якая завецца Аліўнай, Ён паслаў двух вучняў Сваіх,
 
Падходзячы да Бетфаге і Бэтаніі і да гары, якая завецца Аліўнай, Ён паслаў двух вучняў Сваіх

кажучы: «Ідзіце ў вёску, што насупраць, і, увайшоўшы ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якім яшчэ ніхто з людзей не сядзеў; адвяжыце яго і прывядзіце.
 
кажучы: "Ідзіце ў вёску, што напроціў, і, вы ўвайшоўшы ў яе знойдзеце прывязанае асьлянё, на якім яшчэ ніхто з людзей не сядзеў. Адвяжыце і прывядзіце.

І калі ў вас хто спытаецца: “Чаму адвязваеце?”, скажаце яму так: “Госпад яго патрабуе”.
 
Калі б хто вас спытаўся: "Чаму адвязаваеце?" — скажаце так: "Госпад яго патрабуе".

Дык пайшлі тады пасланыя ды знайшлі, як сказаў ім Ён.
 
Дык пайшлі тады пасланыя да знайшлі асьлянё, як сказаў ім Езус.

Калі яны адвязвалі, гаспадары яго сказалі ім: “Чаму адвязваеце асляня?”
 
Калі яны адвязвалі асьлянё, уласьнікі ягоныя спыталіся ў іх: "Чаму адвязваеце асьлянё?"

Яны сказалі: “Госпад яго патрабуе”».
 
Яны адказалі: "Госпад яго патрабуе".

І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы на асляня адзенне сваё, пасадзілі на яго Ісуса.
 
Затым прывялі яго да Езуса. І закінуўшы на яго адзеньне сваё, пасадзілі Езуса.

А калі ехаў Ён, пасцілалі адзенне сваё на дарозе.
 
А калі ехаў Ён, слалі людзі адзеньне сваё на дарозе.

І, калі набліжаліся да спуску з гары Аліўнай, пачалі ўсе натоўпы вучняў радасна хваліць Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі,
 
А калі збліжаліся да спуску гары Аліўнай, пачалі ўсе грамады вучняў радасна хваліць Бога за ўсе цуды, каторыя бачылі,

кажучы: «Дабраславёны Валадар, Які прыходзіць у імя Госпада! Супакой на небе і хвала на вышынях!»
 
гамонячы: "Багаслаўлены кароль, каторы прыходзіць у імя Госпада. Супакой (мір) на небе і хвала на вышынях". Пс. 117

Пасярод натоўпу некаторыя з фарысеяў казалі Яму: «Вучыцель, дакары вучняў Тваіх».
 
Спасярод натоўпу некаторыя фарызэі сказалі Езусу: "Вучыцелю, забарані вучням сваім".

І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам: калі яны замоўкнуць, камяні крычаць будуць».
 
А Езус сказаў: "Кажу вам, калі б яны маўчалі, камяні гаманіць будуць".

І, калі Ісус наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў аб ім,
 
А калі Езус прыблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў дзеля яго і сказаў:

кажучы: «Калі б спазнаў і ты ў гэты твой дзень, што дзеля супакою твайго! Але цяпер закрыта гэта ад вачэй тваіх.
 
"Калі б ты пазнаў як толькі ў гэты твой дзень тое, што да супакою твайго, а цяпер закрытае перад вачыма тваімі.

Бо прыйдуць на цябе дні, і акружаць цябе ворагі твае валам, і аблягуць цябе ды сціснуць цябе зусюль,
 
Бо прыйдуць дні на цябе дні, што акружаць цябе непрыяцелі твае валам (шанцамі) і аблягуць цябе ды сьціснуць цябе зусуль

і паваляць цябе на зямлю і дзяцей тваіх, якія ў табе, ды не пакінуць у табе каменя на камені, бо ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх».
 
і паваляць цябе на зямлю і дзеці твае, каторыя ў табе ды не пакінуць у табе каменя на камяні, таму, што не пазнаў часу наведаньня твайго.

І, увайшоўшы ў святыню, пачаў выганяць тых, што прадавалі і куплялі,
 
Затым увайшоўшы ў сьвятыню стаў выкідаць прадаючых у ёй і купляючых,

кажучы ім: «Напісана: “І будзе дом Мой домам малітвы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
 
кажучы ім: "Напісана, што дом мой домам маленьня, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".

Ды штодзень навучаў у святыні. А першасвятары, і кніжнікі, і начальнікі народа шукалі, як бы Яго забіць,
 
Ды штодзень навучаў у сьвятыні. А архісьвятары, вучоныя і старэйшыны народу перадумоўвалі, як бы яго забіць,

але не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ быў у захапленні, слухаючы Яго.
 
але не знаходзілі спосабу, што Яму зрабіць маглі б, бо ўвесь народ слухай Яго з захапленьнем.