Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І сталася ў адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у святыні ды нёс добрую вестку, сабраліся першасвятары і кніжнікі разам са старэйшынамі
 
Здарылася, калі аднаго дня Езус навучаў народ у сьвятыні ды вясьціў Эвангелію, сабраліся вышэйшыя сьвятары і вучоныя разам з старэйшынамі народу

і гавораць, кажучы Яму: «Скажы нам: якой уладай Ты гэта робіш, або Хто Табе даў такую ўладу?»
 
што яны сказалі Езусу: "Скажы нам, чыёй моцай гэта робіш? Або хто табе даў такую ўладу?"

А Ён, адказваючы, сказаў ім: «І Я ў вас спытаюся адно слова. Адкажыце мне:
 
А Езус у адказ сказаў ім: "І Я вас спытаюся ў адной справе. Адкажыце мне:

хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?»
 
Хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?"

А яны разважалі, кажучы між сабой: «Калі скажам: “З неба”, скажа нам: “Дык чаму ж вы тады яму не паверылі?”
 
А яны паразважалі ды пагаварылі між сабой: "Калі скажам з неба, скажа нам: дык чаму ж вы тады не ўверылі?

А калі скажам: “Ад людзей”, увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян — гэта прарок».
 
А калі скажам з людзей — увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян Прарокам.

І адказалі, што не ведаюць адкуль.
 
Затым адказалі, што ня ведаюць, скуль быў.

І Ісус гаворыць ім: «Я таксама не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю».
 
Дык і Езус сказаў ім: "Ані Я таксама скажу вам, чыёй моцай гэта раблю".

Затым пачаў распавядаць Ісус людзям для параўнання: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і наняў у яго вінаградараў, а сам аддаліўся на доўгі час.
 
Затым разказаў Езус людзям гэтую прыповесьць: Адзін чалавек залажыў вінаграднік, аддаў яго ў арэнду вінаградарам і сам выехаў на доўгі час.

І ў свой час паслаў да вінаградараў паслугача, каб аддалі яму частку пладоў вінаградніку; але вінаградары, збіўшы яго, адпусцілі ні з чым.
 
А ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб аддалі яму часьць пладоў вінаградніка, але яны зьбіўшы яго, пусьцілі з нічым.

Дык зноў паслаў другога паслугача; але і яго, збіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым.
 
Дык зноў паслаў другога слугу, але і яго зьбілі, зьняважылі і адаслалі з нічым.

Нарэшце паслаў трэцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі.
 
Наканец паслаў трэцяга, каторага пакалечылі і выкінулі.

Дык сказаў гаспадар вінаградніку: “Што рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага; можа, яго ўбачыўшы, ушануюць”.
 
Дык сказаў гаспадар вінаградніка: "Што зраблю? Пашлю сына свайго мілага. Калі яго ўбачаць хіба ўшануюць.

Але калі яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: “Ён спадкаемец. Заб’ем яго, каб нашай стала спадчына!”
 
А калі яны яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: Ён насьледнік (спадкаемец), забійма яго і заваладаем яго спадчынаю.

І, выгнаўшы яго з вінаградніку, забілі. Дык што ж тады зробіць ім гаспадар вінаградніку?
 
Ды выкінуўшы яго з вынаградніка — замучылі. Дык што ж тады зробіць гаспадар вінаградніка?"

Прыйдзе і заб’е гэтых вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым». Тыя, што чулі гэта, сказалі: «О, каб гэтак не было!»
 
Прыйдзе і выгубіць гэных вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым. Пачуўшы гэта сказалі яму: "О каб гэтак не было!"

Ён жа, гледзячы на іх, гаворыць: «Што значыць тады тое, што напісана: “Камень, што адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла”?
 
Езус гледзячы на іх сказаў ім: "Што значыць тады напісана: "Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла". (Пс. 117:22)

Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго сатрэ».
 
Кожны, хто б ўпаў на тэн камень, будзе разьбіты, а на каго б ён упаў сатрэ яго.

І шукалі кніжнікі і першасвятары, як накласці на Яго рукі ў тую гадзіну, але баяліся народа; бо зразумелі, што гэтую прыпавесць гаварыў пра іх.
 
А вышэйшыя сьвятары і вучоныя стараліся налажыць на Яго рукі ў тую пару, але баяліся народу. Дагадаліся, што гэту прыповесьць гаварыў ім.

І, каб сачыць за Ім, падаслалі яны шпіёнаў, якія выдавалі сябе за справядлівых, каб падлавіць Яго на словах і такім чынам выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.
 
Яны сьлядзілі за Езусам і падаслалі шпіёнаў. Яны прыкрываючыся справядлівасьцю мелі падхваціць на мове і выдаць установам і ўладзе намесьніка.

І спыталіся Яго, кажучы: «Настаўнік, ведаем, што справядліва кажаш і вучыш, і не аглядаешся на асобы людзей, але шляху Божаму праўдзіва навучаеш.
 
Спыталі яго кажучы: "Вучыцелю, ведаем, што добра гаворыш і вучыш, і не зважаеш на асобу, але дарогі Божай па праўдзе навучаеш.

Ці належыць нам плаціць падатак цэзару, ці не?»
 
Ці не належыць плаціць падатак цэзару, ці не?"

Ісус, пранікаючы іх подступ, сказаў ім: «Што вы Мяне спакушаеце?
 
Езус пранікаючы аднак іхні подступ, сказаў ім: "Чаму мяне зводзіце (спакушаеце)?

Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява, і чый надпіс?»
 
Пакажыце мне дынар. Чый гэта надпіс і адмалюнак? Адказалі Яму: "Цэзара".

І сказалі Яму: «Цэзара». І Ён гаворыць ім: «Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».
 
Дык сказаў ім: "Аддайце таму, што цэзарскае — цэзару, а што Божае — Богу".

І не маглі падлавіць Яго на слове ў прысутнасці людзей, і, здзівіўшыся адказу Яго, змоўклі.
 
І не маглі падхваціць Яго на слове ў прысутнасьці людзей.

Падышлі таксама некаторыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго,
 
Падыйшлі таксама некаторыя з садуцэяў, адмаўляючы ўваскрасеньню і спыталіся ў Яго, кажучы:

кажучы: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі б чый брат, маючы жонку, памёр і быў бы ён без сыноў, хай брат яго возьме жонку яго і хай адродзіць нашчадка брату свайму.
 
Вучыцелю, Майсей прыпісаў нам: "Калі б чый брат, маючы жонку, памёр бяздзетна, ды хай яго брат возьме жонку яго за жонку і хай выкліча патомсва брату свайму.

Дык было сем братоў: і першы ўзяў жонку і памёр без сыноў,
 
Было вось сем братоў: першы ўзяўшы жонку памёр бязьдзетна.

і наступны ўзяў гэтую жонку, і памёр бяздзетны,
 
Дык узяу яе другі, але і ён памёр бяздзетна.

і трэці ўзяў яе; і падобным чынам ўсе сямёра памерлі, не пакінуўшы сыноў.
 
Затым узяў яе трэці і падобна ўсе яны сем памерлі не пакінуўшы патомства.

Па ўсіх памерла і жанчына.
 
Па ўсіх памерла і жанчына.

Дык пры ўваскрэсенні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо сямёра мелі яе за жонку.»
 
Дык у хвіліну ўваскрашэньня каторага з іх будзе жонкай? Так як сямёх мела яе за жонку?"

І гаворыць ім Ісус у адказ: «Сыны гэтага веку жэняцца і замуж выходзяць;
 
Сказаў ім Езус: "Сыны гэтага сьвету жэняцца і замуж выходзяць.

тыя ж, што прызнаны дастойнымі таго веку і ўваскрэсення з мёртвых, замуж не выходзяць ды не жэняцца.
 
Тыя, што будуць прызнаны за дастойных будучага веку і ўваскрасеньня — яны ня жэняцца і ня выходзяць замуж.

Яны ўжо памерці не могуць: бо яны роўныя анёлам і ёсць сыны Божыя, ёсць сыны ўваскрэсення.
 
Яны нават ужо і ўміраць ня могуць, роўнымі будуць анёлам і яны яўляюцца сынамі Божымі, будуць сынамі ўваскрасеньня.

А што мёртвыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста ажыны, калі ён называе Госпада: “Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”.
 
А што памёршыя паўстануць, дык ужо Майсей выказаў у вопісі "Аб кусьце", паколькі называе Госпада — Богам Абрагама і Богам Ізаака, і Богам Якуба.

Бог не ёсць Бог мёртвых, але жывых: бо ў Яго ўсе жывыя».
 
А Бог — ня Богам памёршых, але жывых: бо ўсе жывуць для Яго.

А некаторыя з кніжнікаў, адказваючы, казалі: «Настаўнік, добра Ты сказаў».
 
А некаторы з вучоных у адказ казалі: "Вучыцелю, добра сказаў".

І ўжо больш не адважыліся Яго пра што-колечы пытацца.
 
І ўжо больш не сьмелі Яго аб што колечы пытацца.

Затым Ён сказаў ім: «Як жа кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда,
 
Затым сказаў ім Езус: "Як жа кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда,

калі сам Давід у Кнізе псальмаў кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне,
 
калі сам Давід у кнізе Псальмаў кажа: "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй,

аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.
 
аж пакуль Я не палажу непрыяцеляў тваіх у падножжа ног тваіх (Пс. 109:1).

Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады Ён — Сын яго?»
 
Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады ёсьць сынам яго?"

А калі Яго ўвесь народ слухаў, сказаў вучням Сваім:
 
А калі Яго ўвесь народ з увагай слухаў, сказаў вучням сваім:

«Высцерагайцеся кніжнікаў, што жадаюць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку, і першыя лаўкі ў сінагозе, і першыя месцы на банкетах,
 
"Высьцерагайцеся вучоных па сьь. Пісаньні. Яны ахвотна ходзяць у доўгіх шатах, любяць прывітаньні на рынку і першыя месцы ў сынагодзе і на балях.

якія аб’ядаюць дамы ўдоў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшае пакаранне».
 
І яны аб'ядаюць дамы ўдоваў пад відам доўгіх малітваў. Іх чакае цяжкі прысуд.