Лукаша 17 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І гаворыць Ён вучням Сваім: «Немагчыма, каб не прыйшлі згаршэнні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
 
Аднойчы сказаў Езус вучням сваім: "Немагчыма, каб не былі згаршэньні, але бяда тому праз каго яны прыходзяць.

Лепш было б яму, каб павесіць яму жоран млынавы на шыю ды ўкінуць у мора, чым бы ён згоршыў аднаго з малых гэтых.
 
Лепш было б яму, каб завесіць яму камень млынавы на шыю ды ўкінуць яго ў мора, чым меў бы ён згоршыць аднаго з маленькіх.

Сачыце за сабой! Калі брат твой зграшыў супраць цябе, дакары яго і, калі навернецца, даруй яму.
 
Глядзіце! Калі брат саграшыў проціў цябе, упомні яго, а калі пакаіўся, даруй яму.

І, калі б сем разоў на дзень зграшыў адносна цябе і сем разоў на дзень звярнуўся да цябе, кажучы: “Каюся за гэта”, — даруй яму».
 
Калі б сем раз на дзень саграшыў супроць цябе і сем раз звярнуўся да цябе, кажучы: каюся за гэта, даруй яму.

І сказалі Апосталы Госпаду: «Павяліч нам веру».
 
Дык сказалі Апосталы Госпаду: "Павяліч нам веру".

А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, дык сказалі б гэтаму дрэву морвы: “Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора”, і яно паслухала б вас.
 
А Госпад сказаў: "Калі б вы мелі веру хоць як зярнётка гарчыцы, дык сказалі б гэтаму морвы: вырвіся з корэням і перасадзіся ў мора, і яно паслухала б вас.

А хто з вас, маючы паслугача аратага або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: “Ідзі хутчэй за стол”?
 
А хто з вас, маючага слугу ратая (аратага) або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: "Хадзі сядзь за стол".

І ці не скажа: “Прыгатуй мне вячэру і падперажыся ды паслугуй мне, пакуль буду есці і піць, а потым ты будзеш есці і піць”?
 
А ці ня скажа: "Прыгатуй мне вячэру, або падперажыся ды паслугуй мне, пакуль не наемся і не нап'юся, а потым ты будзеш есьці і піць.

Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадана? Не думаю.
 
Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадаў?

Так і вы, калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: “Паслугачы мы нічога не вартыя; што павінны былі зрабіць, зрабілі”».
 
Ня думаю. Так і вы: калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: "Слугі мы не зарадныя, што павінны былі зрабіць — зрабілі".

І сталася, калі ішоў Ён у Ерузалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
 
Аднойчы ідучы ў Ерузалім, праходзіў сярэдзінай Самарыі і Галілеі.

І калі ўваходзіў Ён у адно паселішча, перанялі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія сталі здалёк
 
А калі ўваходзіў у адно пасяленьне, пераняло Яго дзесяць чалавек пракажонных. Яны сталі здалёку

і крычалі яны ўголас, кажучы: «Ісусе, Вучыцель, памілуй нас!»
 
і крычалі ў голас: "Езусе, Вучыцелю, пашкадуй нас!"

Ён, як убачыў іх, сказаў: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». І сталася, што, калі яны ішлі, ачысціліся.
 
Езус убачыўшы іх, сказаў: "Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам. І калі яны ішлі, сталася, што былі ачышчаныя.

Адзін жа з іх, як агледзеўся, што стаў здаровы, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
 
Адзін жа з іх, як аглядзеўся, што быў ачышчаны, вярнуўся і моцным голасам славячы Бога

і паў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму; а быў ён самарыцянін.
 
паў на твар ля ног Езуса, дзякуючы. А быў ён самаранін.

І, адказваючы, Ісус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? І дзе ж дзевяць?
 
А Езус сказаў: "Ці ня дзесяць было ачышчаных?А дзе дзевяць?

Не знайшоўся з іх ніхто, хто б вярнуўся, каб аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага чужынца?»
 
Не знайшоўшыся з іх ніхто, хто б вярнуўся і славіў Бога, акрамя гэтага чужынца.

І гаворыць яму: «Устань, ідзі: вера твая выратавала цябе».
 
Затым сказаў яму: " Устань, ідзі, бо вера твая, аздаравіла цябе."

І, запытаны фарысеямі, калі надыдзе Валадарства Божае, адказваючы, сказаў ім: «Валадарства Божае не прыйдзе відавочна
 
Запытаны фарызэямі, калі надыйдзе Каралеўства Божае, у адказ сказаў ім: Каралеўства Божае ня прыйдзе відавочна.

і не скажуць: “Вось тут” або: “Там”; вось жа Валадарства Божае ўнутры вас ёсць».
 
І ня скажуць: " Во тут або там. Бо Каралеўства Божае ў вас.

І гаворыць вучням: «Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага і не ўбачыце.
 
Затым сказаў вучням сваім: "Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць відзець адзін дзень Сына Чалавечага і не ўвідзеце.

І скажуць вам: “Вось, тут”, “Вось, там”; не ідзіце і не шукайце.
 
Скажуць вам: "Вось тут" або "Вось там" не ідзіце і не шукайце.

Бо, як маланка, ззяючы з-пад неба, асвятляе тое, што пад небам, такім будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.
 
Бо як маланка зазьзяе спад неба і асьвеціць тое, што пад небам, так Сын Чалавечы у Свой дзень.

Але трэба, каб Ён перш многа перацярпеў ды быў адкінуты гэтым пакаленнем.
 
Але трэба, каб перш многа перацярпеў ды быў адкінутым праз гэта пакаленьне (род).

І як сталася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:
 
Як дзеілася ў дні Ноя, так будзе ў днях Сына Чалавечага.

елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і выгубіў усіх.
 
Будзе есьці і піць, жаніцца і замуж выдаваць аж да дня, калі Ной увайшоў у Арку. Затым прыйшоў патоп і выгубіў усіх.

Падобна, як сталася ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
 
Падобна як рабілася ў дні Лёта: елі і пілі, куплялі і прадавалі, садзілі і будавалі.

аж у дзень, калі Лот выйшаў з Садома, паліліся з неба дажджом агонь ды серка і выгубілі ўсіх.
 
Аж да дня, калі Лёт выйшаў з Садомы, спаў з неба, як дождж, агонь серкавы і выгубіў усіх.

Так будзе ў дзень, калі Сын Чалавечы аб’явіцца.
 
Так будзе таксама ў дзень, калі Сын Чалавечы аб'явіцца.

У той дзень, хто будзе на даху, а прылады яго дома, хай не сыходзіць, каб іх забраць; і хто на полі, хай таксама не вяртаецца.
 
А хто б у тую пару быў на даху, а прылады яго дома, хай не сыходзіць, каб іх забраць. А хто на полі, хай таксама не вяртаецца.

Памятайце пра жонку Лота.
 
Помніце на жану Лёта.

Калі б хто стараўся душу сваю зберагчы, загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
 
Калі б хто стараўся жыцьцё сваё зьберагчы, загубіць яго, а хто загубіў, сышчыць яго.

Кажу вам: у тую ноч будуць удвух на адным ложку: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
 
Кажу вам, у тую ноч будзе двух на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.

і дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута.
 
Дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзята, а другая застанецца; двух будзе на полі, адзін узяты, другі застанецца.

І ўдвух будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты».
 
А яны запыталіся ў Яго: "Дзе Госпадзе?" А Ён адказаў ім:

Адказваючы Яму, яны кажуць: «Дзе, Госпадзе?» А Ён сказаў ім: «Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы».
 
"Дзе будзе цела, там і арлы сабяруцца".