Лукаша 22 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Набліжалася ж свята Праснакоў, якое называецца Пасхай.
Надыходзіў дзень сьвята Праснакоў, называны Пасхай.
І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, але баяліся людзей.
Перадавыя сьвятары і вучоныя перадумоўвалі як бы Езуса забіць: але баяліся народу.
Шатан жа ўвайшоў у Юду, якога празывалі Іскарыётам, аднаго з дванаццаці;
Дэман жа ўвайшоўшы ў Юду, называнага Іскарыётам, у аднаго з Дванаццаці.
і ён выйшаў і дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі, як выдаць ім Ісуса.
Ён пайшоўшы, дамовіўся з перадавымі сьвятарамі і начальнікамі як выдаць ім Езуса.
Яны ж узрадаваліся і вырашылі даць яму грошы.
Яны ж абрадаваліся і рашылі даць яму грошы.
І паабяцаў ён ім, ды шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры людзях.
Затым абяцаў ён ім ды шукалі магчымасьці, каб выдаць Езуса ім, калі будзе далёка ад людзей.
І надышоў дзень праснакоў, у які належала ахвяраваць Пасху.
Наастатак надыйшоў дзень Праснакоў, у каторым жэртвавана Пасху.
І паслаў Ісус Пётру і Яна, кажучы: «Ідзіце і прыгатуйце нам Пасху, каб мы з’елі».
Езус паслаў Пятра, Яна, кажучы: "Ідзіце і прыгатуйце нам спажываць Пасху".
А яны сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб прыгатавалі?»
А яны спыталіся: "Дзе хочаш прыгатаваць Пасху?"
І Ён сказаў ім: «Вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад, сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збан вады; ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
Езус сказаў ім: "Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас нейкі чалавек, каторы будзе мець збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
Ды скажыце гаспадару дома: “Вучыцель кажа табе: “Дзе пакой, у якім Я з вучнямі Маімі мог бы з’есці пасху?”
Ды скажыце гаспадару дому: "Вучыцель кажа табе: "Дзе месца, дзе з вучнямі сваімі мог бы спажываць Пасху?"
Ён вам пакажа вялікую святліцу засланую, там прыгатуйце».
Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу засланую (дываном): у якой прыгатуеце.
Пайшоўшы, знайшлі ўсё, як Ён сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
Пайшоўшы за тым знайшлі ўсё, як было ім сказана.
А калі надышла гадзіна, узлег Ён і дванаццаць Апосталаў з Ім.
А калі надыйшла пара Езус заняў Сваё месца пры стале, а з Ім дванаццаць Апосталаў.
І гаворыць ім: «Жаданнем вялікім жадаў Я з’есці гэтую пасху з вамі перш, чым буду цярпець.
Сказаў ім Езус: "Шчыра хацеў Я спажываць гэту Пасху з вамі, перш чым буду цярпець.
Бо кажу вам: не буду ўжо яе есці, пакуль не споўніцца яна ў Валадарстве Божым».
Бо кажу вам, што адгэтуль ня буду яе есьці аж збудзецца ў Каралеўстве Божым.
І, узяўшы келіх, склаў падзяку і сказаў: «Бярыце яго і падзяліце між сабой.
Затым узяўшы чашу (келіх) падзяку склаўшы, казаў: "Бярыце і падзяліцеся між сабой.
Бо кажу вам: адсюль не буду піць з плода вінаграду, пакуль не прыйдзе Валадарства Божае».
Кажу вам, што ня буду піць з плоду вінаграда, пакуль не надыйдзе Каралеўства Божае.
І, узяўшы хлеб, склаў падзяку, і паламаў, і даў ім, кажучы: «Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць».
Затым узяўшы хлеб, адгаварыў малітву падзякі, ламаў яго і даў апосталам, кажучы: " Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць."
Падобна і келіх [узяў] па вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новы Запавет у Крыві Маёй, якая за вас праліваецца.
Падобна па вячэры Ён узяў чашу, кажучы: "Гэта чаша Новае Прымірэньне ў крыві Маёй, каторая за вас праліваецца."
Аднак вось рука таго, хто выдае Мяне, разам з Маёю на стале.
Аднак жа рука здрадніка Майго разам з Маею на стале.
Сын Чалавечы, праўда, адыходзіць паводле таго, як вызначана; аднак гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца».
Сын Чалавечы, праўда, адыходзе паводле таго, як устаноўлена, аднак гора таму чалавеку, каторым будзе выдадзены."
І яны пачалі пытацца адзін аднаго, хто з іх той, які збіраецца гэта ўчыніць.
А яны пачалі пытацца алдзін аднаго, хто з іх быў бы, хто меў бы гэта зрабіць.
І сталася спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
Аднойчы ўзьнік таксама спор між імі, хто з іх казаўся б быць першым, важнейшым.
Але Ён сказаў ім: «Цары народаў валадараць над імі, і тыя, хто над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі.
Сказаў ім Езус: "Каралі народаў валодаюць імі, і яны над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі.
Але вы не так: і хто ў вас большы, хай будзе як меншы, і правадыр — як паслугач.
Нельга так між вас, хто ў вас большы (важнейшы), хай будзе як найменшы, а начальнік як прыслуга.
Бо хто большы: ці той, хто ўзлягае, ці той, хто паслугуе? Ці не той, хто сядзіць пры стале? Я, аднак, пасярод вас як той, што паслугуе.
Хто большы, ці той, хто сядзіць пры стале, ці той, хто паслугуе? Ці ня той, хто сядзіць пры стале. Я аднак у вас, як той, што паслугуе.
Вы ж ёсць тыя, што вытрывалі пры Мне ў выпрабаваннях Маіх.
Вы ж жа тыя, што вытрывалі пры Мне ў Маіх праціўнасьцях
Я вам пераказваю Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой,
Я вам пераказваю Каралеўства, якое пераказаў Мне Мой Айцец.
каб вы елі і пілі пры стале Маім у Валадарстве Маім, і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля».
Каб вы елі і пілі пры стале Маім у Каралеўстве Маім, і сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраіля.
[І сказаў Госпад:] «Сімоне, Сімоне! Вось шатан дабіваўся вас, каб пасеяць, як пшаніцу;
Затым сказаў Госпад: "Сымоне, Сымоне! Вось жа дэман захацеў вас перасеець як пшаніцу.
але Я маліўся за цябе, каб не заняпала вера твая. І ты, з часам навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх».
Але Я малюся за цябе, каб не спынілася вера твая. А ты навярнуўшыся ў будучым, умацоўвай братоў сваіх".
Той жа сказаў Яму: «Госпадзе, я гатовы з Табой ісці ў вязніцу і на смерць».
А Пётр сказаў Яму: "Госпадзе, я гатоў з Табой ісьці ў вязніцу і на сьмерць.
Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётра, не запяе певень сёння, як тройчы зрачэшся, што ведаеш Мяне».
Але Езус адказаў яму: "Кажу табе, Пятро, не запяе певень сёньня, а тры разы вырачэшся, што Мяне знаеш".
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і пасталоў, ці ж вам не хапала чаго?» І яны сказалі: «Анічога».
Затым сказаў ім: "Калі Я вас пасылаў без капшука і без торбы і сандалаў, ці ж вам не хапала чаго?"
Сказаў ім тады: «А цяпер хто мае капшук, хай возьме, таксама і торбу, а хто не мае, хай прадасць туніку сваю і купіць меч.
А яны сказалі: "Анічога". Сказаў ім тады Езус: "А цяпер хто мае капшук, хай возьме таксама і торбу, а хто ня мае, хай прадасьць туніку сваю, а купіць меч.
Бо кажу вам: мусіць споўніцца на Мне тое, што напісана: “І да злачынцаў быў залічаны”. Бо тое, што адносіцца да Мяне, спаўняецца».
Бо кажу вам, бо мусіць усё споўніцца, што напісана: "І ў разбойнікі (злачынцы) быў залічаны (Із. 53:12). Бо што адносіцца да Мяне збываецца.
А яны сказалі: «Госпадзе, вось тут два мечы». І Ён сказаў ім: «Хопіць».
А яны сказалі: "Госпадзе, во маем два мячы". Езус жа сказаў: "Хопіць".
І, выйшаўшы, Ісус па звычаю накіраваўся на гару Аліўную, а за Ім пайшлі і вучні Яго.
Па звычаю выйшаўшы Езус накіраваўся на Аліўную гару, а за Ім пайшлі вучні Ягоныя.
І, калі прыбыў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне».
А калі прыбыў на месца, сказаў ім: "Маліцеся, каб не папаліся ў спакушэньне".
І Сам аддаліўся, адышоўшы ад іх, як кінуць камень, ды, упаўшы на калені, маліўся,
А затым адыйшоўся ад іх, як кінуць камень, ды паўшы на калені, маліўся
кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі гэты келіх міма Мяне! Аднак не Мая воля, але Твая хай станецца».
у гэтыя словы: "Ойча, калі хочаш, ухілі ад Мяне гэту чашу (келіх), аднак ня Мая, але хай Твая станецца воля."
І з’явіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. А Ён, будучы ў агоніі, тым даўжэй маліўся.
І паказаўся Яму ангел з неба спасіляючы Яго. А Ён будучы ўагоніі тым даўжэй маліўся.
І стаўся пот Яго, як кроплі крыві, што сцякае на зямлю.
І выступіў пот у Яго як каплі крыві сьцякаючай на зямлю.
І, калі падняўся ад малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны спяць ад смутку.
А калі падняўся ад мальбы і прыйшоў да сваіх вучняў, застаў іх сьпячых ад смутку.
І гаворыць ім: «Чаму спіце? Падымайцеся і маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне».
Дык сказаў ім: "Чаму сьпіцё? Падымайцеся і маліцеся, каб не папаліся ў спакусу".
Калі яшчэ Ён гэта гаварыў, вось, натоўп, і наперадзе яго адзін з дванаццаці, які называўся Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
А калі Ён яшчэ гэта гаварыў, нахлынула да Яго зборышча ды наперадзе яго адзін з Дванаццацёх, той, што называўся Юдам. Ён падыйшоў да Езуса і пацалаваў Яго.
А Ісус сказаў яму: «Юда, пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?»
А Езус жа сказаў яму: "Юда, ты пацалункам выдаеш Сына Чалавечага".
А тыя, што вакол Яго былі, бачачы, што мае адбыцца, сказалі: «Госпадзе, ці не ўдарыць нам мечам?»
А тыя, што пры Ім былі, бачачы да чаго ідзе, сказалі Яму: "Госпадзе, ці маем ударыць мячом?"
Ды адзін з іх ударыў паслугача першасвятара і адсёк яму правае вуха.
Ды адзін з іх ударыў слугу архісьвятара і адсёк правае вуха.
А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Спыніцеся, хопіць!» і, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго.
А Езус сказаў яму: "Спыніцеся, хопіць, а дакрануўшыся вуха яго, аздаравіў яго.
Затым сказаў Ісус тым, што прыйшлі па Яго, першасвятарам, і кіраўнікам святыні, і старэйшынам: «Як на разбойніка выйшлі вы з мечамі і кіямі?
Затым сказаў Езус тым, што прыйшлі па Яго, да перадавых сьвятароў, начальнікам сьвятыні і старэйшынам: "Выйшлі вы з мячамі і кіямі як на ліхадзея.
Калі штодзень знаходзіўся Я з вамі ў святыні, не паднялі вы на Мяне рук; але цяпер ваш час і ўлада цемры».
Калі штодзень прабываў з вамі ў сьвятыні, не паднялі на Мяне рук. Гэта ваша пара, час ды моц цемры."
І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара. Пётра ж ішоў за імі здалёк.
Па пайманьні Езуса, павялі ў дом архісьвятара, а Пётр ішоў за ім здалёка.
А калі распалілі вогнішча пасярод двара і заселі вакол агню, сядзеў між іх і Пётра.
А калі распалілі вогнішча на панадворку (на дзядзінцы) і заселі вакруг агня, быў між імі і Пётр.
І, калі ўбачыла нейкая служка, што ён сядзіць пры святле, і ўгледзелася ў яго, сказала:
А нейкая служанка, прыгледзіўшыся яму пры сьвятле ўважна, сказала: "І ён быў з Ім".
«І гэты быў з Ім». А ён зрокся Яго, кажучы:
А ён адрокся Яго, кажучы: "Жанчына, я ня знаю Яго."
«Жанчына, я не ведаю Яго!» А праз кароткі час, убачыўшы яго, нехта іншы сказаў: «І ты з іх». Пётра ж гаворыць: «О чалавеча, гэта не я».
А па нейкім часе ўбачыўшы яго нехта іншы сказаў: "І ты з іхнега ліку". Пётр жа сказаў: "Што ты чалавеча, — не я."
А калі прайшло каля гадзіны часу, нехта іншы настойваў, кажучы: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо і ён галілеец».
А па каля гадзіны часу, хто іншы даказваў: "Сапраўды, і ён быў з Ім, бо і ён Галілеец".
І гаворыць Пётра: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш». І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
Гаварыў яму Пётр: "Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш". І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
І Госпад, павярнуўшыся, глянуў на Пётру; і Пётра ўспомніў слова Госпада, як яму прадказаў: «Перш, чым запяе певень, тройчы зрачэшся Мяне».
А Госпад павярнуўшыся глянуў на Пятра. І Пётр успомніў слова Езуса, як яму прадсказаў: "Перш чым запяе певень, тры разы вырачэшся Мяне."
І, выйшаўшы вон, Пётра горка заплакаў.
Затым Пётр выйшаўшы на вонкі горка плакаў.
А мужы, якія трымалі Ісуса, здзекаваліся з Яго і білі,
Жаўнеры, пільнуючыя Яго, б'ючы Яго, наругаліся з Яго.
і закрылі Яму твар, і пыталіся ў Яго, кажучы: «Праракуй, хто ўдарыў Цябе?»
Закрыўшы Яму вочы, білі па твары і пыталіся Яго, шыдзячы: "Праракуй, хто ўдарыў Цябе?"
Ды многа іншых блюзненняў гаварылі на Яго.
Ды многа іншых блюзьнерстваў гаварылі супраць Яго.
А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народа, і першасвятары, і кніжнікі і прывялі Яго ў свой сінедрыён,
А калі настаў дзень, сабраліся старэйшаны народу і архісьвятары і вучоныя ды прывялі Езуса перад сваю Раду, кажучы: "Калі Ты Хрыстус, дык скажы нам".
кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, дык скажы нам». А Ён гаворыць ім: «Калі скажу вам, не паверыце Мне,
А Ён сказаў ім: "Калі скажу вам, не ўверыце Мне,
а калі спытаюся, не адкажаце Мне і не вызваліце.
а калі спытаюся, не адкажаце Мне, ані таксама ня выпусьціце Мяне."
Але адгэтуль будзе Сын Чалавечы сядзець праваруч Магутнасці Бога».
Але адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець па правіцы моцы Божай.
Дык сказалі яны ўсе: «Дык Ты — Сын Божы?» Ён гаворыць ім: «Вы самі кажаце, што гэта Я».
Дык сказалі яны ўсе Яму: "Дык Ты Сын Божы?" Ён сказаў: "Вы самі гаворыце, што Я". Дык яны сказалі: "Ці патрэбныя нам сьведкі на доказ? Усе вы чулі з вуснаў Яго".
Дык яны сказалі: «Якая нам яшчэ патрэба ў сведчанні? Бо мы самі чулі з вуснаў Яго».