Псалтыр 138 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Давідаў. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, бо пачуў Ты словы вуснаў маіх. На віду ў анёлаў спяваць псальмы Табе буду,
 

Пакланюся Табе ў хораме Тваім святым; буду вызнаваць імя Тваё за міласэрнасць Тваю і праўду Тваю, бо ўзвялічыў Ты вышэй за ўсё імя прырачэння Твайго.
 

Калі прызываў я Цябе, выслухаў Ты мяне; памножыў Ты магуцце душы маёй.
 

Будуць дзякаваць Табе ўсе цары зямныя, калі пачуюць яны прырачэнні вуснаў Тваіх.
 

І апяваць будуць дарогі Госпада, бо вялікая слава Госпада;
 

бо высокі Госпад і спагадае пакорнаму, а ганарыстага пазнае здалёк.
 

Калі апынуся я ў вялікай бядзе, Ты ажывіш мяне; і супраць гневу непрыяцеляў маіх працягнеш руку Тваю, і збавіць мяне правіца Твая.
 

Госпад зробіць за мяне. Госпадзе, міласэрнасць Твая вечная: не пагарджай творамі рук Тваіх.