Псалтыр 114 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Алілуя. Пры выхадзе Ізраэля з Егіпта, дома Якуба — з чужога народа.
 

Сталася Юда свяцілішчам яго, Ізраэль — сілай яго.
 

Мора бачыць і ўцякае, Ярдан вяртаецца назад;
 

Горы заскакалі, як бараны, і ўзгоркі — быццам ягняткі.
 

Што з табой, мора, чаму ты ўцякаеш? І ты, Ярдан, што вяртаешся назад?
 

Горы, чаму скачаце, як бараны, і ўзгоркі, як ягняткі?
 

Трымці, зямля, перад абліччам Госпада, перад абліччам Бога Якубава,
 

Які скалу ператварае ў вадаём, а каменную гару — у крыніцу.